— «Спорт», — сказаў ён зьняважліва, калі падпаручнік вышаў, — і пры нястачы чалавек не павінен апускацца. Курэце, таварыш. Заўтра нас чакае страшны суд.
Перад сном вольнапісаны не забыўся сьпець «Горы, даліны і скалы высокія» і апрача таго, «Шкада, не вярнуць нам былога».
Расказваючы Швэйку пра палкоўніка Шрэдэра, як пра ката, вольнапісаны рабіў памылку, бо палкоўнік Шрэдэр ня быў пазбаўлены пачуцьця справядлівасьці, што выразьней за ўсё выявілася, калі палкоўнік заставаўся здаволены вечарам, праведзеным у кампаніі афіцэраў у адным з рэсторанаў. Але калі здаволеным не заставаўся…
Пакуль вольнапісаны займаўся руйнуючай крытыкай палкавых спраў, палкоўнік Шрэдэр сядзеў у рэсторане, у кампаніі з афіцэрамі, і слухаў, як паручнік Крэчман, які вярнуўся з Сэрбіі паранены ў нагу (яго ўбарола карова), расказваў пра бойку, у якой ён трымаў удзел (ён наглядаў з штабу, да якога быў прыкамандыраваны, за атакай на сэрбскія позыцыі).
— Але вось выскачылі з акопаў… Бягуць, пералазяць цераз драцяныя загароды і кідаюцца на ворага… Ручныя гранаты за поясам, усе ў супроцьгазавых масках, вінтоўка на перавес, гатовая да стральбы і да штыхавога ўдару. Кулі сьвішчуць. Вось падае адзін у той момант, калі вылазяць з акопаў, другі падае па бліндажы, трэці падае, прабегшы некалькі крокаў, але навала коціцца далей, з грымотным «ура», наперад, у хмары дыму і пылу. Няпрыяцель страляе з усіх бакоў, з акопаў, з ямаў ад знарадаў і палівае нас волавам з кулямётаў. To тут, то там падаюць салдаты. Наш разьдзел прабуе захапіць няпрыяцельскую скорастрэльную гармату. Шмат хто падае, але таварышы ўжо каля мэты. Ура!.. Афіцэр падае… Вінтовачная стральба змоўкла, рыхтуецца нешта жахлівае… Цэлы разьдзел нашых валіцца раптам… Няпрыяцельскія кулямёты: «тра-та-та-тра-та-та!» Падае… Даруйце, я далей не магу, я п‘яны…
Ранены ў нагу паручнік змоўк і з тупым выглядам застаўся сядзець у крэсьле. Палкоўнік Шрэдэр з дабратлівай усьмешкай стаў слухаць, як капітан Сьпіро, грукаючы кулаком па стале, як быццам з кім сварачыся, плявузгаў усялякае глупства:
— Зразумейце раз на заўсёды: у нас пад сьцягамі аўстрыйскія гвардзейскія ўланы, аўстрыйскія апалчэнцы, босьнійскія егеры, аўстрыйскія егеры, аўстрыйская армейская пяхота, вэнгерская пяхота, цірольскія стралкі яго вялікасьці, босьнійская пяхота, цірольскія пешыя гонвэды, вэнгерскія гусары, гвардзейскія гусары, конныя егеры, драгуны, армейскія ўланы, артылерыя, абоз, сапёры, санітары, флёт. Разумееце? А ў Бэльгіі? Першы і другі набор складаюць опэрацыйную частку арміі, трэці набор абслугоўвае патрэбы тылу… — Капітан Сьпіро стукнуў кулаком па стале. — Гвардыя нясе службу ў мірны час унутры краіны.
Адзін з маладых гучна, каб палкоўнік пачуў і пераканаўся ў моцнасьці яго ваяцкага духу, дзеўб свайму суседу:
— Сухотных я пасылаў-бы на фронт, ім ад гэтага шкоды ня будзе; дый, апрача таго, лепш няхай паб‘юць хворых, як здаровых.
Палкоўнік усьміхнуўся. Але раптам ён насупіўся і, зьвяртаючыся да капітана Вэнцэля, сказаў:
— Дзіўлюся, чаму паручнік Лукаш ухіляецца нашай кампаніі. З таго часу, як ён прыехаў, ён ні разу ня быў сярод нас. — Вершы піша, — насьмешліва адгукнуўся капітан Сагнэр. — He пасьпеў прыехаць, як ужо закахаўся ў жонку інжынэра Шрэйтэра, убачыўшы яе ў тэатры.
Палкоўнік нездаволена глянуў на Сагнэра.
— Кажуць, ён добра сьпявае куплеты.
— Яшчэ ў кадэцкім корпусе ўсіх нас куплетамі сьмяшыў, адказаў капітан Сагнэр. — І анэкдотаў у яго пропасьць. Ня ведаю, чаму ён сюды ня ходзіць.
Палкоўнік з жалем пакруціў галавою.
— Няма цяпер сярод афіцэраў таго пачуцьця таварыскасьці, якое было ў наш час. Бывала, кожны з нас, афіцэраў, стараўся чым-небудзь падвесяліць другіх, калі мы зьбіраліся. Паручнікі Данкэль (быў такі), дык той, бывала, разьдзенецца да голага, ляжа на падлогу, уваткне сабе ў задніцу селядца і разыгрывае марскую царэўну. Другі, падпаручнік Шлейснэр, умеў шавяліць вушамі, іржаць як жарабец, пераймаць яўканьні кошкі і гудзеньне чмяля. Памятаю яшчэ капітана Скодай. Той заўсёды, калі мы толькі хацелі, прыводзіў з сабою трох дзяўчат-сясьцёр. Яны ў яго былі, як дрэсіраваныя. Паставіць іх на стол, а яны пачынаюць у тахт разьдзявацца. А ў яго была дырыжорская палачка, ён, значыць, імі і дырыжуе; выдатны быў дырыжэр! Чаго толькі ён з імі на канапе не вырабляў! А раз загадаў паставіць пасярод пакою ванну з цёплаю вадою, і мы адзін за другім павінны былі з гэтымі трыма дзяўчаткам купацца, а ён нас фотографаваў.
Читать дальше