СМОЛКА. Заўтра?!
АСА. А што? Даўно пара. Ну, мне пара, дарагуша. (Пайшла, напяваючы “Вот и лето прошло, словно и не бывало”...)
Карціна 2.
Р а м о н а к з М е д у н і ц а й прыселі на траву. Рамонак з блакнотам і гусіным пяром.
РАМОНАК (натхнёна). “Медуніца, медуніца, непагоды не баіцца...” Ну як?
МЕДУНІЦА. Гучыць-то хораша... Але як з праўдай жыцця? Мы, кветкі, баімся і граду, і спёкі, і каровы...
РАМОНАК. Ды ўсяго мы баімся. Але ж гэта, зразумей, проза. А паэзія... Паэзія – гэта калі ты адкрыты цэламу свету... Разумееш? Вось так, (паказвае) наросхрыст.
МЕДУНІЦА. Глядзі, прастудзішся...
РАМОНАК. Не перабівай. (Думае.) “Медуніца, медуніца, ты на лузе, як царыца”. Во, знайшоў!
МЕДУНІЦА. Зноў хораша. І зноў няпраўда. Царыца – гэта калі півоня альбо вяргіня, а я простая лугавая кветка.
Ідзе ўсхваляваная Смолка.
СМОЛКА (сама сабе). Не можа быць!.. Не можа быць!..
МЕДУНІЦА (жартам). А я лічу, што вельмі нават можа. (Смолка не рэагуе.) Эй, Смолка!
РАМОНАК (шэптам). У яе стрэс на любоўнай глебе.
МЕДУНІЦА . На голы лес, гэтыя стрэсы…
СМОЛКА (сабе). Сто нязробленых спраў… А я як апошняя дурнічка… раскісла... разнюнькалася... Перад кім?
МЕДУНІЦА. Зусім, бедная, не ў сабе…
СМОЛКА (як прачнуўшыся). Дзе наш ціхоня?
МЕДУНІЦА. Хто?
СМОЛКА. Званочак. Ён у нас адказвае за апавяшчэнне.
РАМОНАК. Што здарылася?
МЕДУНІЦА. Штосьці, відаць, сур’ёзнае...
СМОЛКА. Вечарам збіраем актыў. Будзе сход. (Рамонку.) Збяры ты, калі ласка.
Набліжаецца Пчолка з вядзерцам, нагінаецца да кожнай кветкі.
Медуніца падбегла і абняла яе.
МЕДУНІЦА. Добры дзень, працаўніца ты наша!
ПЧОЛКА. План павялічваюць і павялічваюць… (Кветкам.) Вы сёння пылок здавалі?
МЕДУНІЦА. Здавалі.
РАМОНАК. А я не ахоплены.
МЕДУНІЦА (Рамонку). Табе што сказалі? Бяжы, збірай народ.
ПЧОЛКА. А што такое?
СМОЛКА. Дужа непрыемная навіна. Пакуль сказаць не магу.
ПЧОЛКА. Хто паведаміў?
СМОЛКА. Твая прыяцелька… ў палоску.
ПЧОЛКА. Аса? Дзіўна, а мне яна ні слова… Дзіўна... (Пайшла.)
СМОЛКА (сабе). Значыць, і Матыль ведаў. Ведаў – і не сказаў.
Чакайце, я зараз. (Некуды падалася.)
Карціна 3.
Матыль бесклапотна сядзіць на траве і жуе травінку.
Бяжыць Смолка.
СМОЛКА (задыхаецца ад гневу). Ты… ты… Ты проста нягоднік!
(Замахваецца на яго.)
МАТЫЛЬ (усхапіўся). Лягчэй на паваротах!
СМОЛКА. Ты ведаў! Ведаў і не папярэдзіў! Ты… ты…
МАТЫЛЬ. Што я ведаў?
СМОЛКА. Што заўтра луг пачынаюць касіць.
МАТЫЛЬ (агаломшаны). Заўтра? Не можа быць.
СМОЛКА. Хочаш сказаць, што першы раз чуеш? Не выкруцішся, даражэнькі! Ты ведаў! Вы нездарма там пад лапухом шапталіся…
МАТЫЛЬ. Хто шаптаўся?
СМОЛКА. Значыць, так. Мы аб’яўляем табе байкот. Не смей набліжацца ні да якай кветкі.
МАТЫЛЬ. Ты мяне і так з усімі на лузе пасварыла. Захацела быць адной-адзінай… Ты думаеш, што калі цябе выбралі ў лугавую раду…
СМОЛКА. Нічога я не думаю.
МАТЫЛЬ. Ды і не косяць каторы год. Няма кароў – не трэба сена.
Паблізу чуваць працяглае “Му-у-у…”
СМОЛКА. Парнакапытнае! Накаркаў!
МАТЫЛЬ. Ідзе сюды.
З’яўляецца К а р о в а. Яна на прывязі і рухаецца па крузе.
МАТЫЛЬ (Смолцы). Хавайся! (Карове, паважліва.) Добрага здароўя вам!
КАРОВА. Не скарджуся, дзякуй богу!
МАТЫЛЬ. Чаму адны тут пасіцёся?
КАРОВА. А я гаспадарская, на вольным выпасе. Праўда, які ён вольны? (Паказвае на вяроўку.) А мне расказвалі, што ў свеце яшчэ ёсць такія запаведныя мясціны, дзе каровы самі пасуцца ўсё лета і нават рэчкі пераплываюць.
МАТЫЛЬ. Байкі!
КАРОВА. Мая гаспадыня граматная, усё ведае.
МАТЫЛЬ. А вы не чулі, выпадкам, што заўтра луг касіць збіраюцца?
КАРОВА (хітае галавой). Не можа быць. Навошта яго касіць, калі ёсць я? Я тут прывыкла: і трава сакавітая, і цянёк ёсць… За дзень добрую лапіну апрыходую...
Смолка высунулася з-пад куста, слухае.
МАТЫЛЬ (робіць знакі). Знікні! (Карове.) Спытайце ў сваёй граматнай бабулі, можа, яна ведае.
КАРОВА. Люблю паважлівае абыходжанне. Малачка хочаш?
МАТЫЛЬ (аблізваючыся). Не-а. Нельга мне. Алергія.
КАРОВА. Ну глядзі. А я спытаю абавязкова. (Знікае з вачэй.)
Бягуць Рамонак са З в а н о ч к а м.
РАМОНАК (Смолцы). Усіх паклікалі! Усе будуць!
ЗВАНОЧАК (звоніць). Рада на захадзе сонца! Рада на захадзе сонца! (Пабеглі далей.)
СМОЛКА. Каб ведала, што так мала часу засталося… Навошта ўсё гэта – сваркі, рэўнасць, непаразуменні, калі заўтра мы можам не прачнуцца?
МАТЫЛЬ. А можа й пранясе.
СМОЛКА. Табе – што? На іншы луг пераляціш, знойдзеш яшчэ адну... ліпучку. Прыстойны мужчына, дарэчы, даўно б папрасіў прабачэння. (Матыль маўчыць.) Ну, твая справа. Бывай! (Пайшла.)
Читать дальше