Хто ж ён на самай справе — Францішак Казіміравіч Багушэвіч? Вялікі народны паэт — у самым дакладным значэнні гэтага слова — народны. Вялікі нацыянальны паэт, — зноў жа ў самым дакладным значэнні гэтага слова — нацыянальны. Услухаемся ў яго мову, угледзімся ў створаныя ім малюнкі і вобразы. Усё там — ад гэтай зямлі, усё ад жыцця і лёсу народа. Багушэвіч — бясстрашны заступнік і абаронца прыгнечанага працоўнага чалавека і абяздоленага народа. Багушэвіч — бясспрэчна — паэт-гуманіст і дэмакрат па самаму вялікаму рахунку. Але і гэта не ўсё: ён быў яшчэ і ўзорам паэта-інтэрнацыяналіста, які даражыў святым пачуццём братэрства. У вершы, ахвяраваным выдатнай польскай пісьменніцы Элізе Ажэшка, якая нямала твораў прысвяціла жыццю беларускага сялянства, паэт падкрэслівае, за што ён перш-наперш шануе слынную зямлячку. За тое, што яна
Прыйшла ў нашу хату,
Усё зразумела,
I нашаму брату
Працягнула руку,
I сэрцам балела,
Глядзеўшы на муку...
Якія ж запаветы пакінуў нашчадкам пясняр, чаму яго радкі нам дарагія і блізкія сёння? Болын таго — чаму яны так актуальна сёння гучаць? Найпершы,бадай, галоўны запавет — быць чалавекам на зямлі, жыць сярод людзей сціпла, са свайго мазаля, з высокай чалавечай годнасцю. Ці не найлепш сказаў Багушэвіч пра гэта ў вершы "Ахвяра", дзе ім пералічаны, на ўзор біблейскіх запаведзяў, асноўныя маральныя пастулаты грамадзяніна:
Маліся ж, бабулька, да бога,
Каб я панам ніколі не быў:
Не жадаў бы ніколі чужога,
Сваё дзела як трэба рабіў.
Каб прад меншым я носу не драў,
А прад большым не корчыў спіны,
Каб грэх свой прад сабой я пазнаў,
У другіх каб не відзеў віны;
Каб людзей прызнаваў за братоў,
А багацтва сваё' меў за іх,
Каб за край быў умёрці гатоў,
Каб не прагнуў айчызны чужых.
Каб я бога сваго не акпіў,
Каб не здрадзіў за горшы свой люд,
Каб сваго я дабра не прапіў
I нізашто не меў чужы труд.
Так, быць чалавекам на зямлі — па Багушэвічу — бараніць сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, стаяць на трывалым грунце народнай маралі. I таму зразумела, чаму ён з такой сілай гневу пратэстуе супроць маральнай разбэшчанасці грамадства, супроць распаду асобы. I чаму ў яго радках, што ідуць з душы добрай і далікатнай, паяўляецца столькі з'едлівай іроніі, столькі бязлітаснага сарказму.
Гарцуй, танцуй, пане,
Табе хлеба стане.
Прадай, прадай ніўку —
Будзе на выпіўку;
Прадай, прадай злыдні —
Будзе на два тыдні;
Прадай жонку, дзеці —
Выстарча на трэці;
Прадай і чэсць дочкі
За віна паўбочкі.
Да Багушэвіча ніхто ў нашай літаратуры так не знаў беларускага мужыка, яго жыцця і лёсу, як ён. Дакладней сказаць — ніхто не быў у такой меры мужыком у нашай паэзіі, як ён, ніхто з такой праўдзівасцю, з такой непасрэднасцю, з такім спачуваннем і болем не выказваў тое, чым жыла спакутаваная душа селяніна. Дададзім — і ў такой па-мужыцку, па-народнаму мудрай паэтычнай форме.
Нашто ты краў, мужычок?
Бо свайго не пазнаў.
Чаму ты лгаў, мужычок?
Бо хтось праўду украў.
Чаму цёмны, мужычок?
Бо пад цёмным сяджу.
Чым бяздомны, мужычок?
Бо чужога гляджу.
Пра мужычка гаворыць паэт... Але — хіба не пра ўвесь забіты заняволены беларускі народ? Або:
І давай я лічыць паноў новых ізноў:
Стараста, соцкі, пісар, старшына,
Пасрэднік, ураднік, асэсар і суд,
З'езд міравы, прысуцтва і сход...
Аж паднялася ад страху чупрына,
Аж пальцаў не стала на ўвесь гэты шчот.
А пальцамі ж трэба карміць гэты люд.
Багушэвіч — вялікі паэт-патрыёт. Ягоны святы запавет, выказаны гранічна проста і зразумела, — даражыце сваёю хатай! Даражыце! Ведаю: "бедная мая хатка", цяжка мне жыць у ёй, пакутую ад гэтага, — і аднак жа:
Не буду мяняцца хоць бы і на замкі,
Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі.
А хоць сілай нават адарвалі б з дому —
Калісьці вярнуўся б, як мядзведзь да лому.
Ну дык жа адстаньце, на што я вам трэба:
Ці каб ваш хлеб есці, ці рабіць вам хлеба?
Уражвае глыбіня агульналюдскай маралі: дайце мне на роднай зямлі, у сваёй хаце, жыць як я хачу! Гэта найвялікшае шчасце! Дарэчы, вучыць бы напамяць усім дзеткам зямлі нашай беларускай гэты верш, а яго на працягу дзесяцігоддзяў асуджалі за пропаведзь нацыяналізму і адчужэння. "Правінцыялізм, хутарская псіхалогія і ідэалогія", — сказалі б і некаторыя сучасныя крытыкі.
Думка пра чалавечае брацтва, сум па ім, пакутлівае адчуванне, што яго так мала на зямлі, так не хапае ў адносінах між людзьмі і народамі — у Багушэвіча гэта паўтараецца зноў і зноў, гэта яго клопат і боль непераходны. Паэт хацеў бы, каб ягонае слова-праўда працавала менавіта на гэту ідэю — на брацтва:
Читать дальше