(Штрых да біяграфіі)
Зноў стужку памяці кручу —
Гляджу сваё маленства.
Як страшна хлеба я хачу!
Калі яго наемся?
Ці на двары стаіць паўдзён,
Ці раніца, ці вечар —
Чаму я так яму жадзён?
Чаму галодны вечна?
Вось адвячоркам на грудку,
Дзе жніўны дух гарачы,
Сястра мне сунула ў руку
Малюсенькі акрайчык.
Хоць пахнуў паранкай праснак
I быў зямліста-шэры —
Я і дагэтуль помню смак
Сіроцкай той вячэры...
Вось у дзічы, пад купай лоз,
Ляжу цішком, як мёртвы.
А цётка — о, шчаслівы лёс! —
Дае мне хрушчык з морквы.
I я па трошачку зусім
Адкусваю з-пад пальца —
Каб як мага даўжэй мне з ім,
Даўжэй з ім не расетацца...
Куды ні гкнуся ў памяць тых
Далёкіх дзён мінулых —
Усё адзін і той жа штрых,
Адзін і той малюнак.
З ім да сівых дажыў гадоў.
А ў старасці пачэснай —
Здаецца... скора буду зноў
Жадзён скарынцы чэрствай.
Пракляўшы рынак безгаловы,
Я ўспамінаю з болем наш —
Былы, мясцовы, местачковы,
Багаславёны фэст-кірмаш.
О, колькі ён збіраў народу!
I пачуваўся кожны там —
Нібы прыйшоў па ўзнагароду
Ці ўзнагародзіць хоча сам.
Усё там сведчыла пра свята,
Усё высокі брала строй.
Там кожны меў Хрыста за брата,
А Багародзіцу — сястрой.
Там кожны быў другому рады,
Як свату сват, як кум куме.
А прыніжэння ці няпраўды
Там не магло быць і на ўме.
Сам Бог там чаркаю налітай
Вітаў усіх і меціў знак.
"Ну не прадам — бяды вялікай!
Ну не куплю — пабуду так!.."
Усякі торг любоў вянчала.
Жыццё свяцілася ўваччу.
А што за мова там гучала!
Якую там я мову чуў!..
Не, гэта быў зусім не гандаль,
Не продаж-купля душ праз торг.
Была свабоды прапаганда.
Быў выхад сэрца на прастор.
За ўсе свае памылкі і грахі
Перад людзьмі і Богам,
За тое, што, нібы сляпы-глухі,
З анёлам блытаў погань, —
Кускамі сэрца кожны дзень плачу.
Чаго ж, панок, кіслішся?
Падазраеш, што збегчы я хачу?
Не ўсё сплачу — баішся?
Дарэмна! Мог бы ўжо і ведаць-знаць,
Што я не з дэзерціраў
I ад жыцця не кінуся ўцякаць:
Сплачу да кроплі шчыра.
Які ўжо год цынічны зброд
Спраўляе шабаш на экранах,
У храмах тлуміць, як у крамах,
Каб звесці корань наш на звод.
Які ні высвечу канал,
Любой парою, дзень-адодні —
Крыўлякі, выхапні, падонкі
Крычаць: "Канай, мужык, канай!"
Каб без душы, без крыл, без сіл
Я задыхнуўся ў гэтай багне
I не пачуў, як гром бабахне —
Той, што на ўвесь на небасхіл.
н. г.
Ёсць усё ў нас —
I нават на здраду прычыны.
Ёсць за ўсё апраўданне —
За ганьбу, за здзек...
А яшчэ —
Ёсць, на шчасце,
Такія жанчыны,
Без якіх Беларусь
Не ўваскрэсла б вавек.
"Сыпце радасць ім поўнаю жменяй!" —
Гэты кліч я ўспрымаю праз боль,
Бо дзіцячага смеху ўсё меней,
А дзіцячага суму ўсё больш.
Суму тых, што падобны на Бога,
Калі ўсмешкай адорваюць свет...
Для каго ты патрэбна, свабода,
Калі мы не ўратуем іх смех?
Так карупцыйна-мафіёзна
У нас ідзе грабеж-разбой —
Што мушу ў рэйку біць трывожна:
Ратуйце, людзі, выбар свой!
Ці вы яшчэ не зразумелі,
Хто час наважыў асядлаць?
Якія выпаўзні усселі
На горб мазольны — кроў смактаць?
Ці не відно ў цісках пагарды,
Куды, змяніўшы колер фраз,
Змяніўшы цэшкі і кукарды,
Вядуць пярэваратні нас?
Ці, звыкшы несці крыж пакутны,
Мы так і будзем жыць-цярпець,
Пакуль наш дух, калісь магутны,
Не перастане нават тлець?
Дык не маўчыце ж!
Станьце грозна
Жывой сцяной, у поўны рост, —
I рушце ўсе, пакуль не позна,
За вольны край, за новы лёс!
Читать дальше