Кажуць, без гэтага Дагавору мы не зможам выйсці з эканамічнага тупіка. Дык выходзіць, уся наша эканоміка трымаецца выключна на ваенна-прамысловым комплексе, што ўся яна спрэс мілітарызаваная? Калі так — дык што гэта за эканамічны курс для невялікай міралюбівай краіны? У такім разе трэба неадкладна заняцца канверсацыяй. Трэба ўзяць курс на дэмілітарызацыю нашай прамысловасці. У іншых нейтральных краінах прамысловасць мірная. Няўжо за стагоддзі Беларусь мала напакутавалася, мала паклала ахвяр ад мілітарызму і ваеншчыны? Няўжо нам не хапіла гэтых ваенных гарадкоў з палігонамі, якімі літаральна нашпігавана тэрыторыя рэспублікі? Наш народ столькі панёс страт ад чужой ваеншчыны, што заслужыў спакою, міру, нейтралітэту на тысячу гадоў наперад. Замест таго, каб цвёрда праводзіць лінію на вывад замежных войск і ядзернай зброі з Беларусі — мы хочам, падпісаўшы Дагавор, даць новыя магчымасці для новых ваенных гарадкоў і палігонаў. Уступаць у ваенны блок з дзяржавамі, адны з якіх знаходзяцца ў стане вайны ўжо сёння, а другіх становішча болын чым няпэўнае, — гэта крок неабачлівы, вельмі рызыкоўны, вельмі небяспечны. Няўжо гэта можна ігнараваць, закрываць на гэта вочы? Калі мы яго зробім — гэта будзе крок памылкова-трагічны.
Кажуць, падпісанне Дагавору — акт фармальны і ён нічым не пагражае нейтралітэту і незалежнасці Беларусі. Маўл яў, Беларусь будзе заставацца суверэннай і ўсе пытанні свайго дзяржаўнага жыцця будзе вырашаць самастойна. Выбачайце, але гэта наіўныя ілюзіі. Дазвольце нагадаць некаторыя вядомыя факты з нашай гісторыі. У 1386 г. Каралеўства Польшча і наша тагачасная дзяржава Вялікае Княства Літоўскае ўтварылі нібыта чыста фармальны, на дынастычна-персанальнай аснове, палітычны саюз — ці як тады называлі унію, — ад назвы беларускага горада Крэва яна была названа Крэўскай. Яе прывіталі беларуска-літоўскія князі, феадалы, шляхта: маўляў, на нашы правы, на нашы ўнутраныя справы замаху няма, а тым часам ад ворагаў, ад немцаў-крыжакоў мы і Польшча будзем абараняцца супольна, разам. I што ж было далей? Трохі-патрохі такое суіснаванне дзвюх самастойных дзяржаў пачало ўспрымацца як адно палітычнае цэлае з відочна пераважным, рашаючым голасам Полынчы. Цягнулася гэта доўга, але кончылася тым, чым непазбежна павінна было кончыцца: ліквідацыяй Вялікага Княства як незалежнай дзяржавы, поўнай стратай ёю сваёй незалежнасці. На Люблінскай уніі ў 1569 г. была ўтворана Рэч Паспалітая, у якую Вялікае Княства ўвайшло як бяспраўная частка яе тэрыторыі. Гэта — адна з самых трагічных, самых чорных дат у гісторыі Беларусі. Пасля гэтага апалячванне і акаталічванне беларускага насельніцтва, разбурэнне і зруйнаванне беларускай культуры, мовы, самога духу беларушчыны пайшло нечувана шпаркімі тэмпамі.
У старых кнігах па гісторыі Беларусі цікава апісана, як праходзіла падпісанне гэтай Люблінскай уніі. Сойм цягнуўся амаль паўгода. Паслы Вялікага Княства — па-сённяшняму дэпутаты — разумеючы, якая страшная небяспека насунулася на іх дзяржаву, бунтавалі, пакідалі сойм, раз'язджаліся і зноў прыязджалі, і ўрэшце рэшт былі зломлены. "Беларускія паслы Хадкевіч, Радзівіл і іншыя малілі караля і палякаў не крыўдзіць іх дзяржаву". "Яны кінуліся на калені з плачам перад Жыгімонтам, просячы яго не губіць дзяржаву, не аддаваць яе ў польскую няволю. Але і кароль і палякі невыказалі спагады. Жыгімонт загадаў ім прыняць вунію і прысягнуць Польшчы".
Адна з найвялікшых і магутных па тым часе еўрапейскіх дзяржаў перастала існаваць.
Так, мы сёння хвалюемся, больш таго —вельмі трывожымся, каб не страціць тое, да чаго так доўга ішлі — нашу незалежнасць. Можа, не лішне будзе пацікавіцца, што думалі пра нашу незалежнасць вялікія сыны Беларусі тры чвэрці стагоддзя назад? У 1919 г. Янка Купала, сцяганосец нацыянальнага адраджэння, пісаў у артыкуле "Незалежнасць": "Калі гаварыць аб незалежнасці якой-небудзь новай дзяржавы, (...), то гэта, здаецца, так і трэба, так і павінна быць. Незалежная Польшча, Літва, Украіна, Латвія і г.д. — усе яны маюць права на гэта, усіх іх можна прызнаць, можна нават і дапамагаць ці то фізічна, ці маральна, і незалежнасць гэтых дзяржаў не выклікае ніякіх спрэчак. А вось загаварыце вы аб беларускай незалежнасці... Тут вам цэлую кучу нагавораць усялякіх перашкод, недарэчнасцяў, што аж вушы вянуць слухаючы. На ўсякую іншую незалежнасць кожны з вамі згодзіцца, абы толькі не на беларускую.
Дык чаму ж так страшна наша незалежнасць?"
Читать дальше