Моцна трымаючы костку ў руцэ,
Ён пажадліва абгрызае
На яе галоўцы белыя храшчыкі.
Храшчыкі —
Мяса на ёй і для смеху няма.
Толькі тонкія белыя храшчыкі...
Абгрызае, як гэта не раз
Рабіла, ён бачыў, маці.
I хрумстае, хрумстае зубкамі
I глядзіць,
Ці няма дзе яшчэ абгрызці?
А потым, зноў жа,
Як гэта рабіла маці,
Бярэ сваю алюмініевую лыжку
I пачынае ў яе вытрасаць
З галамянкі мазгі,
Бо ведае, што гэта
Незвычайная смаката -
Сакавітыя і салодкія
З каровінай косткі мазгі.
Мазгі не вывальваюцца,
Хоць ён і прыстуквае
Полым канцом галамянкі
Аб донца лыжкі.
Тады ён бярэ сталовы нож
З завужаным на канцы лязом
(Гэтак рабіла і маці)
I пачынае соваць у костку,
Калупаць і пакручваць
Тое лязо ўнутры.
А потым зноўку трасе.
I — о, чаканая радасць!
У лыжку вывальваецца камячок
I сок выцякае -
Тлусты салодкі сок!..
Шкада, што гэтае смакаты —
На адзін раз у рот пакласці.
Зараз ён, адкуеіўшы хлеба,
Забярэ смакату губамі
I з'есць. I адчуе усім нутром:
Ах, як мала яе! Як мала!
I яшчэ раз засуне ў костку лязо
I будзе круціць ім высільна -
Ці не засталося хоць крышку?
I зноў будзе трэсці, прыстукваюы
Полым канцом у лыжку.
Нічога не вытрасшы, ён уставіць
Шчарбаты канец галамянкі ў рот
(Гэтак, бачыў, рабіла маці)
I будзе доўга штосілы смактаць —
Каб да капелькі высмактаць
Тую салодкую смакату.
Той нябачны салодкі стронцый.
Тую салодкую смерць...
Потым пойдзе і возьме кніжку
(Ён надта любіць чытаць)
Разгорне і ўголас, хоць і не гучна,
Прачытае прыгожы вершык
Пад назвай «Жыве Беларусь!»
Міхасю Казлоўскаму
Вось і яшчэ адно імя...
Апошняе? О, не!
Вяртанню іх канца няма
У нашай старане.
За час няволі чужакі
Іх сцёрлі сотні сот,
Каб безыменным праз вякі
Стаў наш увесь народ.
Калі папраўдзе мы сыны
Скарынавай зямлі –
Мы ўсё адробім, каб яны
Павек між нас былі.
Мы вернем, мужна і без слёз,
Іх душы з небыцця.
Якой цаной? Як судзіць лёс –
Дык і цаной жыцця!
Ці гляну навокал, ці памяць крану –
I чую і бачу: па гуку, на слову
Стараюцца гэрцы пакласці ў труну
Маю беларускую мову.
Стараюцца! Сотні ўжо гэтак гадоў –
Па гуку, па слову, па выразу цэлым —
І душаць, і душаць, і зноўку, і зноў, -
Каб стаўся наш край анямелым.
Ад злосці пры гэтым шалеюць ажно.
Аж кожны з іх зекры на лоб вырачае:
«Якая жывучасць! Дзе ўсмерцяць адно —
Там сем узамен вырастае!»
I лезе, і лезе — куды ні паглянь —
То гукам, то словам, то цэлай прымоўкай,
Як лезе стаквецце на ўлоннях палян
Ці ў пойме, цяплынню прамоклай.
I гэрцам ужо нехапае разваг:
Што здумаць-прыдумаць, каб справіцца з ёю?
Ну хоць ты суцэльны будуй саркафаг
Над гэтай праклятай зямлёю!
Не цямяць чужынцы, не кемяць свае,
Што тут не паможа і покрыў бетонны.
Любыя прыдумы ўзарве і сарве
Нясмертны дух слова бунтоўны!
Годзе, скептык, д'яблу ў лад
Цвердзіць марна,
Што вярнуца ў весні сад
Не рэальна.
А калі ў прыродзе ёсць
Цудадзейны
Міг вяртання ў маладосць
Неспадзеўны?
Светлы міг, каб уталіць,
Нібы смагу,
Боль, што ўсё яшчэ баліць -
Сціха, змалу.
Той, з якім і адыду,
Той, якому
Рысу я не падвяду
Аж да скону.
Як і кожны ў Бога госць,
Рад табе я,
Міг вяртання ў маладосць,
Міг-надзея!
Адлюбіў, недалюбіў –
Век не вечны.
Цудам, міг, цябе зрабіў
Боль сустрэчны.
Па заснежана-белай,
Журботна знямелай
Кальварыі
На плячах у сяброў
Адплывае у вечнасць душа.
Беларуская...
Непераможаная
I няскораная жандарамі,
Адгарапашнічала,
Адпакутавала,
Адспадзявалася
I - адышла.
З горніх высяў
Цяпер ужо будзе
Наш брат услухоўвацца,
Ці імчыцца ў пагоні
Той вершнік ягоны
Па роднай зямлі,
З кім ён побач, нябачны,
Ляцеў і ляцеў,
І не мог супакоіцца:
«Мы зваюем! Зваюем!
I вернем усё,
Што чужынцы ўзялі!..»
Так, цяпер ён ужо
Будзе бачыць адтуль,
Як у слёзках канваліяў
Ці ў слязах васількоў і рамонкаў
Замрэ перад бурай
Зямля...
Над заснежана-белай,
Журботна-знямелай
Кальварыяй -
Непрагледзіста-хмарная высь.
Векавечны спакой.
Цішыня.
Читать дальше