Назаўтра раненька, з усходам сонца,
У чыстую анучку загарнуўшы,
Паклала мама лодачкі ў стары
Абшэрпаны партфель, з якім калісьці
Па службе ездзіў у райцэнтр бацька.
Дала з сабой мне праснака акраец,
Два яйкі, звараныя укрутую,
Два агуркі з грады і шчопаць солі.
Тады ад нас дабрацца ў стольны Мінск
Адзін быў спосаб: пешшу да Лагойска,
А там, каля піўной сярод мястэчка,
Прасіся ў шофера грузавіка,
Каб ён узяў цябе... А ён і возьме.
Але спытае перш: «А грошы маеш?»
«Ага», - адкажаш ты. «Гані трыццатку –
I марш у кузаў!» — кіне той з пагардай.
Вось тут ты маху не павінен даць.
Вядома, такса - трыццаць, і для ўсіх,
Але ты будзеш ёлупень апошні,
Калі не зможаш збіць хоць на пяцёрку,
А той й на дзве... Па-першае, ты ўсё ж
Яшчэ, лічы, падлетак, па-другое,
Без багажу, без кошыкаў і вёдзер,
Паўнюткіх ягадамі ці грыбамі,
А раз улегцы - мусіць скідка быць.
Па халадку па ранішнім, бязважкім
Вясёлым крокам, з радасным настроем,
За дзве гадзіны я ў Лагойск прыджгаў.
Каля піўной стаяў адным-адзіны,
Нагружаны амаль да неба сенам,
Магутны тупаморды «студэбекер».
Наўзбоч, ля вёдзер і кашоў з дабром,
Жанчыны тоўпіліся ладным гуртам
I з зайздрасцю глядзелі на кабіну,
Дзе ўжо сядзела, з хлапчуком пры боку,
Шчасліўка - з іх жа, мабыць, грамады.
«Калі вось гэтак - па адной, па дзве,
Дык да мяне чарга няскора дойдзе, -
Прыкінуў я, засмучаны знянацку. –
Так і паўдня тут можна пратырчаць...
А што, калі... - Я зноў і зноў агледзеў
Бухматы воз, як сцірта, здаравенны, -
А што, калі наверх я папрашуся?
Там - парубень і ўпоперак вяроўкі,
Трымацца ёсць за што. Па цэнтру лягу,
Дзе ўціснута, дык і не бачны буду...»
Тым часам з забягайлаўкі-піўнушкі
Вярнуўся шофер - малады мужчына
З вясёлымі, смяшлівымі вачмі.
I гэта падняло мае надзеі.
- Мне надта ў горад трэба тэрмінова,
Дазвольце мне туды, наверх, залезці,
Я заплачу... - Наверх? - здзівіўся той. –
А не зляціш, як страсяне дзе-небудзь?
- Не, не зляту. Я за вяроўку буду
У дзве рукі трымацца... Падвязіце!
- Арол! Ну што ж, залазь. Адсюль, з кабіны.
Але запомні: я цябе не бачыў.
Ты ўпотай сам забраўся. Зразумеў?
- Ага, - кіўнуў. I выняў два чырвонцы. -
Вось грошы... - Грошы мне твае не трэба.
Пакінь сабе іх — як узнагароду
За смеласць і адвагу... Эйш, арол!
«Арол» між тым зусім арлом не чуўся,
Бо ўся была ў выбоінах дарога,
І так раз-пораз гоцала машына,
Што падкідала і мяне наверсе,
I я мацней сціскаў вяроўку ў пальцах,
Не выпускаючы й партфель бясцэнны,
Каб ад мяне не ўцёк неспадзявана.
Бо выпушчу - і ўсё! Пішы прапала:
Адгэтуль крыку шофер не пачуе,
I не пастукаеш яму ў кабіну,
Каб запыніўся... Аблізнешся толькі –
I без партфеля, значыць, без штаноў,
Як пёс пабіты, прыпаўзеш дамоў.
Таму — аж гучна выдыхнуў нарэшце,
I сэрца зноў вярнулася на месца,
Калі пры ўездзе ў горад «студэбекер»
Зацішыў ход і стаў. Ну, вось цяпер
Магу сказаць, што мне пашанцавала:
Я ў Мінск прыехаў задарма! Ура!
А за «дарожныя», што не растраціў,
Куплю ў кнігарні кнігу, а то й дзве.
У бедны той пасляваенны час,
Галодна-прагны на харчы для духу,
Без кніг дамоў я з Мінска не вяртаўся.
У сорак сёмым летам стольны Мінск,
Датла спажараны і зруйнаваны,
Яшчэ жахаў пустэчай папялішчаў
I зданямі сляпых муроў разбітых.
Пад Ляхаўкай, дзе Свіслач робіць выгіб,
У той луцэ на поплаве прырэчным,
Дзе да вайны быў слынны іпадром,
У сорак сёмым быў базар-таўкучка, -
Універсальны, пра які казалі,
Што толькі бацьку з маткай там не купіш.
Туды я і прыйшоў - прадаць-купіць.
Прадаўшы лодачкі, купіць штаны.
Народу - процьма, хоць і будні дзень.
Чаго, і праўда, тут не прадаецца -
На тлумным скопішчы людскіх турбот!
Я ў думках паўтарыў наказ-параду,
Што на дарогу мне сказала мама:
«Спярша нрайдзіся, пацікаўся, колькі
За туфлі-лодачкі другія просяць,
Прыгледзься, ці такія, як і нашы,
Ці лепшыя, ці горшыя, а потым -
Вымай, паказвай і кажы цану.
На менш, чым трыста, не згаджайся, сынку.
Ну і пільнуйся ж, каб не ашукалі,
Там, знаеш, колькі ўсякага жулля...»
I вось хаджу. Нібы - як пакупнік
Гляджу і служаю. Цікава - страшна!
Ай, як умеюць свой тавар хваліць!
Якою складнай, вострай мовай сыплюць!
А як таргуюцца! Як не ўступаюць
Ані пяцёркі! Сварацца ажно!
Тэатр, дый годзе! Цэлы б дзень, здаецца,
Глядзеў і слухаў паядынкі-сцэнкі!..
«Генеральская папаха!
Генеральская папаха!
Налятай, каму нядорага!
Ды і ўступім для каторага!»
Читать дальше