Аднаго дня на выхаваўчай гадзіне ў сваім сёмым класе я правёў анкету. Паставіў дзецям колькі пытанняў i прасіў ix адказаць, які прадмет яны любяць, за што, з якога ўрока каму хочацца ўцячы, колькі ён вучыць дома, чаму ў яго ёсць двойкі, тройкі, чаму ён не вучыцца толькі на «4» i «5», словам, пытанняў я падабраў ля дваццаці.
Не ўсе дзеці праўдзіва адказалі, каторыя рашылі аб сім-тым змоўчаць, але былі адказы i цікавыя, якія закраналі i школу, i сям'ю, i вуліцу, сяброў.
Я стаў меней ставіць двоек, а то зусім не ставіць, а даваць двоечнікам на ўроку лягчэйшае, пакідаць ix пасля ўрокаў i рабіць з імі. Пасядзелі яны колькі дзён, а пасля сталі прасіцца дамоў — то галава ў ix балела, то жывот, то работа важная была, а пасля прызналіся:
— Лепш стаўляйце вы двойку, а пасля ўрокаў не пакідайце.
A адзін шасцікласнік, як толькі надыходзяць мае ўрокі, стаў уцякаць, пра што скора даведалася Святлана Міхайлаўна i паскардзілася дырэктару.
— Вярні мне яго ў школу,— сказаў мне Іван Сямёнавіч,— бо на цябе напішу ў райана: мне ж за невыкананне ўсенавуча будзе. Што хочаш рабі, але каб ён хадзіў у школу.
Taгo ж дня я выпісаў на паперку ацэнкі некаторых сваіх вучняў i рашыў пабыць вечарам у ix дома. Пайшоў я ў суседнюю вёску, да тых бацькоў, у якіх яшчэ ні разу не быў. Рашыў зайсці i да тых, чые дзеці добра вучацца, i да тых, чые мала хочуць брацца за вучобу. А таксама меркаваў заглянуць да шасцікласніка, які з-за мяне пачаў уцякаць з урокаў, а то i зусім не прыходзіць у школу.
Прыйшоў я туды надвечарам, калі блізка над зямлёю стаяла вялікае барвовае сонца, вычырвоньвала небакрай, i яра пёк мароз. У вёсцы якраз паілі кароў, насілі ў хату дровы — на ўсю вуліцу рыпелі калодзежы, дзверы, снег пад нагамі людзей.
Сустрэўшы на вуліцы маладую кабету, я загаварыў з ёю i добра распытаў, дзе жывуць мае сямікласнікі, яна расказала мне, i я па колеру вокнаў, па новых i старых частаколах запомніў тыя хаты, што мне былі трэба.
Я пабаяўся ісці да апошняй хаты i пачынаць з яе: вучні мае маглі згледзець мяне i схавацца дзе ці тут жа сесці за ўрокі, паказацца, што яны штосьці робяць. Я хацеў зайсці да ix знянацку.
Падышоўшы да дома з «белымі вокнамі», як гаварыла мне маладая кабеціна, я павярнуў да сянец, паспеў заўважыць, што дом новы, смалісты, яшчэ звонкі, выцацкаваны, на двары яго стаяў матацыкл з каляскай, на страсе высока ўзнімалася тэлевізійная антэна.
Я пастукаў у сенцах у дзверы, але мне ніхто не адказаў. Тады я зайшоў сам i ўбачыў, чаму мяне не запрасілі зайсці: маладая яшчэ жанчына, мокрая, з закасанымі па локці рукавамі, мыла бялізну, стаяла ля пральнай машыны і, відаць, ад шуму нічога не чула.
Убачыўшы мяне, выключыла машыну, прывіталася.
— Я настаўнік, класны вашага Мішы,— пазнаёміўся я.
— Відаць, нешта ўжо вытварыў у школе?
— Не,— сказаў я,— я хацеў пра яго вучобу пагаварыць, паказаць ацэнкі, якія могуць быць у яго за другую чвэрць.
— Не хоча вучыцца,— сказала маці,— зусім не горнецца да кніжкі. Я i лупцавала, а цяпер дык i рукою махнула, кажу яму: будзеш трактарыстам ці з віламі ў саўгас хадзіць. A ў хаце ж усяго хапае, не галодны, не голы, работы не даю, хаця вучыся...
— А дзе Міша цяпер? — спытаў я.
— Дзе той Міша? Гуляе недзе, галаву згубілі за гэтым хакеем,— забедавала маці.— Дацямна гэту шайбу ганяюць, з разбітымі галовамі прыходзяць.
— Ён яшчэ i не рабіў урокаў?
— Дзе ён там рабіў, хапіў штосьці ў руку, кінуў у кут сумку i пабег. От звязаўся з гэтымі Зміцеравымі, душу за ix аддае, а яны паганыя хлопцы.
— Вы б не пускалі...
— Хіба ён паслухае мяне, ён толькі бацькі яшчэ баіцца, але той не глядзіць за дзецьмі, кажа: няхай настаўнікі вучаць, яны за гэта грошы бяруць.
— Гэта правільна, грошы нам плоцяць,— сказаў я.— Але ж трэба за родным дзіцём i вам паглядзець, калі яно можа пяць двоек за чвэрць мець, невукам быць.
— Хіба ім укажаш, гэтым мужчынам,— жанчына страсянула пену з рук, падышла да дзвярэй у другую палавіну, адчыніла ix i сказала:
— Пеця, хадзі сюды.
— Чаго? — пачуўся мужчынскі бас.
— Хадзі, настаўнік прыйшоў, пахваліць, што сын добра вучыцца.
— Хай ідзе сюды.
Я зайшоў у другую палавіну, убачыў высокую прыгожую шафу, вялікі тэлевізар, кафляную грубку, халадзільнік; за сталом, пакрытым паверсе сурвэты газетамі, сядзелі некалькі мужчын i пілі гарэлку.
— Хадзі сюды,— махнуў рукою малады, чырвоны ў твары мужчына, i я здагадаўся, што ён гаспадар хаты.
— «Хадзі сюды»,— перакрывіла яго жонка.— Яшчэ як іначай не мог прыдумаць?..
Читать дальше