Так я разважаў, пакуль не зайшоў у сваю хату i не павітаўся з гаспадыняй, якой я не бачыў цэлы тыдзень. Апошнімі часамі я стаў яе чагосьці саромецца, губляцца, мітусіцца перад ёю, калі дачуўся ад людзей, што мяне хочуць ажаніць. Людзі сказалі па сакрэце Ларысінай гаспадыні, гаспадыня — Ларысе, а Ларыса сказала мне, нават падкалола: «Жаніся, твае гаспадары — людзі грашовыя. Гавораць, на кніжцы многа грошай маюць. Хатка, хлявок, кароўка, свінні, лазня ёсць. Сам заробіш добра ў школе, жонку ў сталовую ўладкуеш — чаму не жыць? А там, глядзі, дырэктарам станеш, i капейка большая будзе, i павага...»
— Ну, як вы тут жывяце? — спытаўся я ў гаспадыні.
— Якое наша жыццё? Гаспадарскае, топчамся дзень пры хаце,— сказала гаспадыня, села на ўслончыку.— А вы дзе на канікулах былі? Што новага бачылі?
— У бацькоў быў.
— Што там чуваць? — гаспадыня, маршчыністая, акуратная, глядзіць на мяне, i я не магу вытрымаць яе позірку, апускаю вочы.
— Таксама ходзяць дзень пры хаце.
— Маці, можа, паправілася крыху?
— Паправілася,— прамовіў я.
— A людзі кажуць, што вы дома не былі.— I гаспадыня зноў пільна глядзіць на мяне.
— А дзе ж я мог быць?
— Гавораць, што вы з Сямёнішынай настаўніцай да яе бацькоў ездзілі.
— Чаго гэта? — усміхаюся я.
— Гавораць, што вы жаніцца думаеце, ходзіце разам у школу, са школы, вечарам падоўгу праседжваеце. Да другіх настаўніц i не заглядаеце.
— Я ж ix мала ведаю яшчэ, а з Ларысай Іванаўнай я разам вучыўся.
— Канечне, вы— малады, адукаваны, вясковай якой дзяўчыны браць не будзеце, вам толькі настаўніца можа быць параю...
— Ды не думаю я яшчэ жаніцца! — усміхаюся я.— Нешта выдумляюць людзі, а вы верыце ім.
— Дыму без агню не бывае,— кажа гаспадыня, паднімаецца i ідзе на кухню, гаворыць сама сабе.— Пашчаслівіла во дзеўцы...
9
— Добра вы даяце ўрокі,— гаварыў Міхась Рыгоравіч (ён толькі што хадзіў ca мною ў сёмы клас),— у вас свежыя веды, добрая мова; я ўжо не ўмею так чыста гаварыць, слова на адной мове, слова на другой. Вось яшчэ вопыту ў вас мала, i гэта відаць: што трэба зрабіць за хвіліну, вы робіце за пяць, пра што трэба болей гаварыць, вы абмінаеце.
— Вопыт прыйдзе,— сказаў стары настаўнік Алесь Трахімавіч, які чуў, як завуч разбіраў мой урок,— Вось калі ведаў няма ці чалавек не папаўняе ix, тады i вопыт не выратоўвае. На нашай рабоце трэба самому вучыцца, вучыцца i вучыцца, тады i дзеці слухаць будуць i паважаць. Як перастаў чытаць, дык i пакаціўся назад, як воз з гары...
— Добра дае ўрокі, добра,— пахваліў Міхась Рыгоравіч,— па-цяперашняму, па-праблемнаму. Ужо як будзе якая праверка, то мы будзем на вашы ўрокі інспектараў пасылаць. Гэтыя новыя праграмы — гора для нас. Сучасны ўрок, праблемнасць, пошукавы метад... Прымяні ты яго, калі наш вучань простай задачы не рошыць; вось рашаем колькі дзён задачы на яблыкі, раблю кантрольную, тое ж самае дзеянне, толькі ўжо гутарка пра слівы. Усё роўна ёсць двойкі. Рашалі ж, кажу, на падобнае дзеянне. А яны мне сваё кажуць: «А мы на слівы не рашалі, толькі на яблыкі...»
— Бо вучым ix па-старому,— сказаў Алесь Трахімавіч,— як мы дасюль вучылі,— яны мала думалі, спісвалі, паўтаралі за намі. А новыя праграмы, праблемнасць вучыць ix думаць, мысліць. I дарэмна мы, старыя, баімся гэтага...
— Анекдот адзін,— усміхнуўся Міхась Рыгоравіч.— У настаўніка адной васьмігодкі нашага раёна пытаецца інспектар: «Ну, як у вас з новымі праграмамі, праблемай?» А ён: «У мяне ніякай праблемы няма, дзеці ціха сядзяць...»
— Такі настаўнік навучыць! — сказаў Алесь Трахімавіч.— Ён мучыць недзе, а не вучыць. Каб жа адзін ён такі...
— Так, трэба цяпер рабіць па-новаму,— сказаў Міхась Рыгоравіч, i я здзівіўся, як ён мяняецца; адно гаворыць, a хтосьці запярэчыць — ён тут жа адмаўляецца ад сваіх слоў, падтрымлівае іншага, i так ніколі ён не абароніць сваёй думкі, заўсёды згаджаецца з другімі. За гэта яго не любіць Ларыса, гаворыць, што трэба асцерагацца такіх людзей; вось Алесь Трахімавіч скажа, што думае, будзе адстойваць сваё, сваё скажа i Іван Сямёнавіч, хоць не раз думае, што сказаў лепш за ўсіх, а вось Міхась Рыгоравіч падумае яшчэ, што сказаць, а то i не скажа свайго, пачакае, пакуль выгаварацца іншыя.
— Ну, добра,— кажа Міхась Рыгоравіч,— Паўлу Мікалаевічу мы дадзім зрабіць даклад пра сучасны ўрок, але вось нядобра, што ён у вялікім даўгу перад намі...
— У якім? — насцярожыўся я.
— Не здагадваецеся? Нядобра, нядобра, Павел Мікалаевіч,— паківаў галавою завуч.— Атрымалі першыя дзве палучкі, першы год робіце ў школе, уладкаваліся на кватэры...
Читать дальше