Я зразумеў яго, усміхнуўся.
— Сухія вашы грошы будуць, пагрызуць ix мышы,— сказаў Міхась Рыгоравіч.
— Мы ж настаўнікі, i нам нельга...— пачаў я.
— Хто сказаў? — перабіў Міхась Рыгоравіч.— Мы ж таксама людзі, i нішто чалавечае нам не чужое... Калі я адрабіў, хто не дазволіць мне рабіць тое, што я захачу? Абы ўсё добра было,— ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але ўбачыў, што ў школу ідзе маладая дзяўчына, прамаўчаў, дачакаўся новага чалавека.
Мы таксама ўсе замоўклі, сталі чакаць у настаўніцкай гэтай дзяўчыны. Яна штосьці спыталася на калідоры ў тэхнічкі, пасля пастукала i зайшла.
— Добры дзень,— сказала яна,— я да вас. Мяне накіравалі весці фізкультуру.
— Добра,— сказаў завуч.— Як вас зваць?
— Наташа.
— Мы так не называем,— усміхнуўся завуч.
— Наталля Васільеўна.
— Во, гэта па-нашаму. Мы вас чакалі, але цяпер дырэктар дома, падыдзіце да яго, ён вам паможа на кватэру стаць, бо я толькі завуч, такіх спраў не рашаю.
Тая падзякавала i пайшла.
— Во нашаму Паўлу Мікалаевічу жніво!— усміхнуўся Міхась Рыгоравіч,— Халасцяк адзін, a дзяўчат ажно чатыры: i Ларыса Іванаўна, i біялагіня, i піянерка, i фізкультурніца...
Я засаромеўся i нічога не адказаў.
— He драмі, Мікалаевіч, ніколі не забывай, што ты мужчына, певень, так сказаць,— Міхась Рыгоравіч зарагатаў, ажно ўзяўся за бакі.
— Не трэба, Міхась Рыгоравіч,— сказаў Алесь Трахімавіч,— Павел Мікалаевіч — сціплы чалавек, малады. У яго яшчэ ўсё наперадзе...
— А я i не кажу яму жаніцца,— сказаў Міхась Рыгоравіч,— певень ля ўсіх курак паходжвае, адной не выбірае, бо другія задзяўбуць, а нашы дзяўчаткі харошыя, павесяліцца можна. Я ў яго гады...
Я засмяяўся, але нічога не сказаў.
— Але мы не кончылі гутаркі пра сучасны ўрок,— сказаў Міхась Рыгоравіч,— праз пятнаццаць хвілін закрываецца магазін...
Праз паўгадзіны Міхась Рыгоравіч, Алесь Трахімавіч i я сядзелі ў маёй кватэры, гаспадыня падала нам на стол, што мела, астатняе я дастаў са сваёй сумкі, з якой хадзіў нядаўна ў магазін.
— Люблю пасля работы пасядзець з калегамі, пагаварыць,— хрумстаў агуркі i гаварыў Міхась Рыгоравіч.— Ужо суседзі мае не тое, у ix свае гутаркі, клопаты... А вы, Павел Мікалаевіч, не бойцеся, за гэта не прагоняць з работы, мы ж пасля працы сядзім, не сварымся, не б'ёмся...
— Але ўсё роўна гэтага не ўбачаць за аграномам, інжынерам, a заўсёды убачаць за настаўнікам,— сказаў Алесь Трахімавіч,— Toe, што даруюць людзі ім, нам не даруюць.
— Бо вы настаўнікі,— сказала мая гаспадыня.
— Настаўнікі!— міргнуў вокам завуч.— Не абы-хто, а — настаўнікі!
— А я зайздрошчу маладым,— сказаў Алесь Трахімавіч.— Цяпер добра жыць. А як пачынаў я... Сорак год таму прыехаў я ў гэту вёску, вучылі дзяцей па хатах, адзін клас тут, другі — там... Але працавалі, весяліліся, раскулачвалі тутэйшых багацеяў, a калі i не спалі ноччу дома, хаваліся ад кулакоў...
Міхась Рыгоравіч успомніў каторых з кулакоў, i яны з Алесем Трахімавічам сталі гаварыць пра ix, пра той час, пасля ўспомнілі вайну, як партызанілі, i заспрачаліся: адзін даказваў, што ў гібелі атрада вінаваты нейкі Івашынаў, a другі даказваў, што прадаў людзей ворагу нехта другі...
Я сядзеў i слухаў ix, а яны не бачылі мяне, успаміналі, спрачаліся, i ўсё гэта было крыху тлумна, надакучліва, бо мая гаспадыня даўно ўжо махнула рукою i пайшла ў другую палавіну.
— Памыляешся, Міхась Рыгоравіч!
— Не, гэта вы забыліся, Алесь Трахімавіч!
— Пагаварыце вы што пра цяперашняе,— увайшла i сказала мая гаспадыня,— вы ўжо колькі гадоў пра гэта спрачаецеся, ніхто добра не ведае, хто выдаў тых людзей. А хлопец во сядзіць адзін i не ведае, каго слухаць.
— A i праўда,— сказаў Алесь Трахімавіч,— давайце пагаворым з Паўлам Мікалаевічам, а то яму сумна.
— Гаварыце пра сваё,— сказаў я,— на мяне не глядзіце, я ж тут гаспадар.
— Во i добра,— усміхнуўся Міхась Рыгоравіч,— а вы, Іванаўна, не ўпусціце яго, хлопец добры, разумны, ды i палучае някепска, i ваша Лена — дзяўчына харошая, будуць жыць, як за пазухай у Езуса. Пакуль яшчэ жывяце, дык i ўнукаў падгадуеце.
— Ды ён адукаваную хоча знайсці,— прабубніла гаспадыня.
— Вашай Ленцы i адукаваныя ні красою, ні розумам не дакажуць,— сказаў Міхась Рыгоравіч. Алесь Трахімавіч маўчаў.
— Разумная, але дыплома не мае. Ён да Сямёнішынай настаўніцы ходзіць, тая мае паперы.
— На што табе Ларыса тая? — перайшоў да мяне на «ты» Міхась Рыгоравіч.— Падумай добра: тут у цябе i хата будзе, i ў хаце, i хлеў, i у хляве — што сыр у масле будзеш плаваць. А як з тою станеш на ногі? На зарплату цяжка жыць будзе, бо ні двара, ні кала няма...
Читать дальше