— Не тая цяпер моладзь, што да вайны была,— як не пачуў яе дырэктар i стаў апранацца, зняў з вешалкі сваё доўгае, да самых костачак паліто, зусім старое, з абцёртым, аблінялым каўняром. I вушанцы яго было гадоў болей, як мне.
— Не тая,— згадзіўся Міхась Рыгоравіч,— Мы...
— На першы раз сам прыдумай сабе кару,— паказаў на мяне дырэктар пальцам.— На другі — падумаю я. А ты, Рыгоравіч, вылічы яму за гэты дзень.
— Вылічу,— сказаў завуч,— заўтра буду табель складаць.
Дырэктар апрануўся i павольна, як гаспадар, выйшаў з настаўніцкай, з намі не развітаўся.
— Мядзведзь, а не чалавек!— абурыўся Міхась Рыгоравіч.— Цярпець не магу такіх людзей, як ён. Ён «ні на адзін урок не спазніўся!» Каб ты жыў толькі! Бывала, нібы на сход едзе, а на самай справе нешта сваё робіць. Я ж чалавек, сам ведаю, што значыць у такое мокрае i халоднае надвор'е трыццаць кіламетраў адмахаць.
— Хай бы закінулі сваё слова,— сказала Ларыса.
— Хіба ён мяне паслухае? — усклікнуў Міхась Рыгоравіч.— ЁН толькі сваю жонку слухае. О, яна пілка харошая! I грошы яна загадала вылічыць. Што тут вылічаць, калі вы, маладыя, i так мала палучаеце...
— I тут вы маглі заступіцца,— сказала Ларыса.
— Што я памагу? — хадзіў па пакоі i апраўдваўся Міхась Рыгоравіч.— Не тыя гэта людзі, што некага паслухаюць. Да вас тут многа маладых настаўнікаў прыязджала, i ніхто не затрымліваўся: не мог дагадзіць,— то не так глянуў на ix, не так сказаў...
— А вы працуеце,— сказала Ларыса.
— Што я? Па мне яны няхай што хочуць робяць...
— Вось яны i робяць, што хочуць, бо мы ўсе маўчым ці баімся ix,— сказала Ларыса, i я здзівіўся, якая яна смелая.
Міхась Рыгоравіч асекся, замітусіўся, стаў збірацца дамоў, перамяніў гутарку, спытаўся, як я гасцяваў дома.
— Перажываеш? — спыталася Ларыса, калі мы развіталіся з завучам i засталіся адны.
— Чаго перажываць, усё правільна,— сказаў я.
— Гэта калі мы былі студэнтамі,— вучыліся, адкрывалі для сябе ўсё больш i больш новага,— для нас адкрывалася неабсяжнае, i мы сябе лічылі вялікімі, незалежным!, а цяпер усё проста: мы — радавыя работнікі, павінны працаваць i падначальвацца дырэктару, дырэктар — раёну, раён — вобласці. I нічога ў нашай рабоце няма геройскага, кожны дзень адно i тое ж.
— Так,— сказаў я,— мы — маленькія людзі, настаўнікі.
— Ну, не маленькія,— не згадзілася Ларыса,— прафесія наша пачэсная, i мы ўсіх вялікіх, міністраў i лаўрэатаў, вучылі i цяпер вучым будучых. Дык я пасля гэтага — маленькі чалавек?
— Ну, ладна, Ларыса Іванаўна,— сказаў я,— хопіць дыскусій, надакучылі яны мне ў інстытуце. Здаецца, дарэмна ты сёння прыдзіралася да Міхася Рыгоравіча.
— Не падабаецца ён мне,— сказала Ларыса,— ён падобны на айсберг — большая палавіна яго пад вадою, а не на паверхні. Ты прыгледзься толькі добра.
8
Есці не хацелася, не было што сёння рабіць, чытаць таксама ахвота не брала, таму я не пайшоў дамоў, а завярнуў да Ларысы.
Вечарэла. Выяснівалася неба — значыць, ноччу падхопіцца марозік, сцягне ваду, убеліць аселіцу. I добра будзе: можа, стане сушэй, можна будзе спакойна хадзіць па вуліцы, а не па гародах.
— Во трапілі мы з табой, Ларыса, у вёсачку! — кажу я.— Бадай, інстытута не варта было канчаць, каб ехаць сюды. Што мы тут бачым? Куды выйсці, што рабіць пасля школы?
— Неяк жа жывуць людзі,— усміхнулася Ларыса.
— Вось так i жывуць. Працуюць, пад'ядуць i спаць кладуцца.
— Сказаць табе сакрэт?
— Ну, скажы.
— А я прыехала ў раён наш, у школу гэтую толькі таму, што прыехаў сюды ты. Загадчык мяне ў дзесяцігодку пасылаў, а я кажу: «Не, пасылайце ў Міланькі, больш нікуды не паеду».
— Што гэта значыць? — насцярожыўся я.
— А вось тое i значыць,— усміхнулася Ларыса.— Якія вы, мужчыны, нездагадлівыя, сляпыя!..
— Ты, Ларыса, здзіўляеш мяне,— сказаў я i падумаў, што недарэмна яна гэта ўсё кажа, штосьці недагаворвае, i яна не жартуе, даўно ўжо нешта збіраецца сказаць. Здаецца, калі добра прыпомніць, нават у інстытуце падыходзіла да мяне, жартавала, падбівала на нейкую адкрытасць.
— Сказаць табе яшчэ што-небудзь?
— Ну, скажы,— згадзіўся я i захваляваўся.
— Еду я на канікулы дамоў — i не хочацца мне ехаць, так сумна стала, што ледзь не плачу.— (Я з палёгкаю ўздыхнуў: Ларыса расказвала пра сябе.) — Прыехала, сыходжу з аўтобуса — Віктар сустракае, кланяецца, капялюш здымае перада мною, чамаданчык з рук забірае. Ты ж Віктара помніш, ён летась філфак канчаў.
— Помню. Гавораць, у вас вялікая любоў была. Нават збіраліся жаніцца.
Читать дальше