— Ты толькі слухай яго.
— А ведаеш, ён талковы мужчына, работу сваю знае, i толькі яму ў нашай школе быць дырэктарам.
— Я бачыў, што ён i да цябе сімпатыю мае,— усміхнуўся я,— гавораць, сын яго цяпер у войску, хутка прыйдзе, дык, можа, за нявестку ўзяць цябе думаюць.
— Не выдумляй,— замахнулася на мяне кнігаю Ларыса,— гэта цябе гаспадыня хоча за зяця ўзяць.
— Плёткі,— сказаў я, i ў мяне адпала ахвота жартаваць, я зірнуў на Ларысу: яна глядзела на мяне i ўсміхалася, відаць, была рада, што добра адпомсціла, таксама падкалола. Я паглядзеў на яе i нечакана ўбачыў, што яна добрая дзяўчына, хараством вельмі не вызначаецца, але працавітая, дбайная. Калі папросяць, то абавязкова ўсё зробіць, ніколі не спіхне на другога. Такім, як яна, падумаў я, трэба верыць, можна з імі сябраваць, i яны будуць надзейныя сябры.
— Чаго ты так на мяне глядзіш? — спыталася Ларыса.
— Так,— сказаў я i адвярнуўся, каб яна не ўведала маіх думак.
Я не вельмі любіў дасюль вялікую кампанію, бянтэжыўся, быў не вельмі смелы з дзяўчатамі, а цяпер з Ларысаю было ўсё проста, цікава, свабодна. I я зразумеў, што буду сябраваць з Ларысаю, памагаць ёй, так, як у Мінску сябраваў з хлопцамі, калі мы таксама стараліся адзін дзеля аднаго.
I тут я ўспомніў, што сёння хадзіў на пошту ў суседнюю вёску, выпадкова ўбачыў там маладую дзяўчыну i яна мне спадабалася. Асцярожна распытаўся ў сваіх вучняў, уведаў, што яна працуе на медпункце.
«Трэба парэзаць заўтра палец i схадзіць на медпункт, пазнаёміцца,— падумаў я,— нельга ж ксяндзом жыць».
— Ну, на сёння хопіць,— сказала Ларыса,— пагаруем яшчэ колькі дзён i зробім усё.
Ларыса замкнула на замок бібліятэку, i мы пайшлі ў настаўніцкую, паслухалі пласцінку Магамаева, Татляна, Мар'янавіча, «Песняроў», я хацеў паслухаць яшчэ маскоўскі «Спартыўны дзённік», але Ларыса пацягнула мяне дамоў, напомніла, што нашы гаспадыні могуць злавацца, што мы позна бадзяемся, не даём ім спаць. Мы памаракавалі на сваё кватаранцкае жыццё, выключылі радыёлу, святло, замкнулі школу i пабеглі дамоў.
Нам было па дарозе, я падвёў Ларысу да яе сянец, развітаўся i падаўся агародамі дадому, адчуваючы, што мы пасябравалі, будзем памагаць адно аднаму. I гэта добра! Тады бачыш, што ты не адзін жывеш на свеце, можна з некім параіцца, пабыць разам. I табе хтосьці, калі трэба будзе, паможа ў любую часіну.
7
Калі я папрацаваў два месяцы, то першымі асяклі мяне, спусцілі з неба на зямлю дзеці: няўважліва слухалі, уцякалі з урокаў, a шасцікласнік Саша смела заявіў, што за трактарыста вывучыцца i без маёй мовы i літаратуры.
I зусім адчуў я сябе простым настаўнікам, звычайным працаўніком, такім, як i ўсе, калі вярнуўся ў школу з першых сваіх асенніх канікулаў.
Я правінаваціўся, дапусціў для школы вялікі грэх. На асенніх канікулах я паехаў у сваю родную вёску, да бацькоў, пагуляў з сябрамі, з якімі дружыў многа гадоў.
У раённы горад вярнуўся раніцою, спадзеючыся трапіць у свае Міланькі першым аўтобусам. Але вечарам i ноччу ішоў вялікі дождж, наліў вады, дарогі размоклі, i аўтобус не выйшаў нават з горада.
Я пабег на шашу i стаў прасіцца на машыны. Пакуль я дачакаўся міланьскай грузавой, даехаў, то ў школу было ўжо ісці позна. Я i не пайшоў, пакінуў у гаспадароў сумку i рашыў даведацца, як даехала Ларыса. Яе бацькі жылі таксама далёка адсюль.
Ларыса не спазнілася, аказваецца, яна была хітрэйшая, прыехала за дзень да работы i паспела даехаць аўтобусам. Яна i сказала, што ўзлаваўся на мяне дырэктар, узлавалася яго жонка. Ларыса абараняла мяне i паспрачалася з ёю.
— Навошта? — спытаўся я.— Я i сам сябе абараню.
Ларыса прамаўчала, адвярнулася.
— Чаго ты? — здзівіўся я.
— Нічога,— сказала яна,— памажы мне праверыць сшыткі.
Я здзівіўся, заўважаючы, што апошнім часам неяк дзіўна стала адносіцца да мяне Ларыса — былая мая аднакурсніца: старалася паменей сустракацца i гаварыць са мною, быццам чаго злавалася.
— I моцна лаялі мяне? — спытаўся я.
— Ды добра заўтра ўляціць.
— Можа, уляжацца за ноч злосць...
— Расклад новы павесілі,— сказала Ларыса.
— Трэба схадзіць паглядзець свае ўрокі,— сказаў я,— а то прыйду заўтра без планаў — зусім прапаў. Не хочаш прайсціся ca мною?
— Пайшлі,— згадзілася Ларыса.— Адзін баішся?
— Пры табе не так лаяць будуць,— усміхнуўся я,— хоць дырэктара не павінна ўжо ў настаўніцкай быць.
Ларыса апранулася, i мы пайшлі.
— Ну, што ты рабіў дома? — спыталася яна.
— Весяліўся, адпачываў,— сказаў я.
Читать дальше