Я ішоў у школу, са мной віталіся, i я ківаў галавою, усміхаўся; я нарадзіўся ў вёсцы, доўга жыў i крыху ведаў яе хітрасці, добра знаў, што цяпер у вёсцы гаварылі пра новых людзей — пра Ларысу i мяне: тут усё на воку, усе адзін аднаго знаюць. I я адчуваў: калі не паздароўкаюся, хоць i з незнаемым, то набяруся ліха — мяне аб'явяць ганарліўцам ці недавучаным, i я стану для ix чужы. У вёсцы здароўкацца — далёкі разлік, гэта нехта мудра прыдумаў. Я ішоў, ківаў галавою налева i направа.
— Падлізваешся,— пасміхалася з мяне Ларыса.
— Я ведаю, што раблю,— гаварыў я.
У тэты дзень на месцы бацькоў я не таптаўся б пры двары, адлажыў бы ўсю работу, a прыйшоў бы ў школу: які сёння дзень! Першага верасня! Нехта сёння выведзе першую літару, рошыць першую задачу — i пачнецца для яго вялікая i цяжкая, цікавая i радасная дарога ў навуку...
На школьным двары ў белых фартушках, з белымі каўнерыкамі, у чырвоных гальштуках бегалі дзяўчаткі, хлопцы ў школьнай форме, выглядалі на дзіва стройна i міла. Воддаль стаяла групка дзяўчатак, яны тут былі самыя большыя, лепш адзетыя, i я зразумеў, што гэта нашы выпускніцы-васьмікласніцы.
Калі падышоў да школы, абкружанай зелянінай, дзецьмі, я яшчэ больш захваляваўся,— аж заходзілася сэрца.
Васьмікласніцы заўважылі мяне, хіхікнулі i тут жа пырхнулі кудысьці за школу: відаць, засаромеліся такога маладога, адзетага пад густ цяперашняй моды.
На лаўцы маўкліва, заклаўшы нагу на нагу, сядзеў дырэктар Іван Сямёнавіч, ля яго сядзела i ўсміхалася, загаворвала з дзецьмі Вольга Піліпаўна. Жонка дырэктара, як жартавалі настаўнікі,— гэта тайны i моцны намеснік мужа: што яна скажа,— тое i будзе ў школе. У Вялікабрытаніі ёсць каралева, але яна не кіруе. У школах-васьмігодках дырэктаравы жонкі не маюць пасад, але кіруюць.
Сёння наша «каралева» была вясёлая, усміхалася, прыемна сустрэла мяне i Ларысу, пасадзіла ля сябе, павіншавала нас з першым днём работы.
Насупраць сядзеў завуч, сёння шчокі яго былі паголеныя, белыя, аж нават сінія. Касцюм на ім таксама быў акуратны, адпрасаваны. Ля яго сядзеў стары настаўнік, якому праз паўгода ісці на пенсію; ён быў поўны, сівы, маршчыністы i выглядаў ласкавым дзядулем. Ля яго нясмела трымалася маладая настаўніца біялогіі, якую, як мы дачуліся, прыслалі ўчора.
Гэта былі пакуль што ўсе нашы настаўнікі, новых усіх яшчэ не было.
Дырэктар махнуў рукою — з калідора выйшла на ганак пажылая тэхнічка i пазваніла сапраўды старым медзяным званком. Хоць звон быў глухі, але пачулі яго хутка. Збегліся вучні, выстраіліся, Іван Сямёнавіч устаў, прайшоўся ля дзяцей i павіншаваў ix з новым навучальным годам, уручыў леташнім выдатнікам граматы. Васьмікласнікі паднеслі кветкі, сшыткі i алоўкі першакласнікам, тыя нясмела бралі гэтыя падарункі, каторыя малыя расхваляваліся ці спалохаліся: павыпускалі кветкі на зямлю.
Стары настаўнік адвярнуўся i закрыў вочы хустачкаю, пасля павярнуўся i сказаў Ларысе, якая стаяла паблізу:
— Штогод не магу, калі ўбачу першакласнікаў. Падумаю: мае вы дзеткі, гулялі вы дасюль, былі вясёленькія, добрыя, мілыя, а гэта пачаліся для вас клопаты, i цяпер ix будзе у вас з кожным годам больш... I на ўсё жыццё...
Роўна ў дзевяць гадзін пажылая тэхнічка зноў пазваніла,— i дзеці, штурхаючыся, смеючыся, пабеглі ў свае класы; усхваляваны ад гэтых першых хвілін работы, ад слоў старога настаўніка, падаўся за імі i я. Калі зайшоў у настаўніцкую, нечакана забаяўся ісці ў клас, спалохаўся дзяцей, ix позіркаў, адчуў, што я не ведаю, што ім цяпер сказаць, як пачаць свой першы ўрок.
— Зараз пойдзеце па сваіх класах, запішаце, хто прыйшоў, хто не мае якіх кніжак,— сказаў Іван Сямёнавіч.— Сёння раз у год дазваляю рабіць тое, што хочаце.
Я заплюшчыў вочы, узяў класны журнал свайго сёмага класа i пайшоў, адчуваючы, як цяпер трэба мне сказаць дзецям нешта важнае, разумнае, не збіцца, не збянтэжыцца.
— Hi пуху ні пяра, Ларыса! — усміхнуўся я, калі ўбачыў яе.
— Да д'ябла, Павел Мікалаевіч! — махнула яна на мяне журналам — відаць, таксама хвалявалася: усё ж трэба ісці да людзей, хоць i не сталых, але чуйных i разумных.
У класе мяне чакалі — белагаловы хлапчук выцікоўваў з дзвярэй, убачыў, крыкнуў штосьці i пабег да сваёй парты. У класе зашумела, загуло, а пасля стала ціха.
Я зайшоў у клас; дзеці стаялі, усміхаліся, а то i сур'ёзна паглядалі,— відаць, таксама хваляваліся.
Я прывітаўся з вучнямі i дазволіў ім сесці. Пазнаёміўся, сказаў, дзе вучыўся, што буду весці ў школе. Напомніў, як весці сябе на маіх уроках, прыстрашыў, што буду караць непаслушных.
Читать дальше