— О, i я з вамі.
— Куды ты пойдзеш! Не саромся! — асекла мяне Ларыса.
— Ясна,— сказаў я.— Ты не хочаш, каб я ішоў з табою, замінаў табе. Матацыкл жа стаіць ля частакола...
— I паеду,— сказала Ларыса,— i ў цябе прасіцца не буду, ён не горшы за другіх хлопцаў...
— Завочна ў інстытуце вучыцца, матацыкл мае, на машыну збірае,— жартаваў, злаваў я Ларысу.
— Ён ужо на «Масквіч» мае.
— Пахваліўся.
— Прызнаўся, таму i я не хачу выпускаць такога хлопца,— жартавала ці злавала i Ларыса, а можа, i праўду гаварыла.— Вось што ты маеш, што можаш паабяцаць дзяўчыне? Зарплату толькі... А ў яго i хата свая, i садок.
— Давай, давай, не выпускай такога жаніха, не ганіся за жураўлём у небе, калі сініца ў руцэ!
— Дык я i не ганюся, паеду зараз з ім на танцы.
Я быў колькі вечароў у тым клубе, вялікім, пустым, дзе збіраюцца школьнікі, васемнаццацігадовыя здаравякі, якія закончылі сёлета школу, не папаступалі, дык цяпер вылежваюцца дома да войска. Яны кураць у клубе, шумяць, танцуюць мала, таўкуцца толькі па кутках. Прайсці дзяўчатам, як i настаўніцам, ля ix нялёгка, лепш весці ўрок у шумным класе.
«О! Каралевы прыйшлі!»— гэтае вітанне ix яшчэ самае бяскрыўднае, пасля яны будуць гаварыць такое, ад чаго будуць вянуць вушы. Каб сам не быў настаўнікам, то здзіўляўся б: хто ix i чаму вучыў у дзесяцігодцы?
За сталом у куце будуць сядзець маладыя мужчыны i ляскаць у даміно, пакуль не пачнецца кіно; старэйшыя ў клуб ходзяць рэдка, пазамыкаюцца i глядзяць дома тэлевізары, цяпер ужо i ў вёсцы не збіраюцца на вячоркі, цяпер не ўгаворыш збірацца штовечара да суседа ці сваяка, драць пер'е ці іграць у карты i слухаць вясёлага гаваруна. Штодня па тэлевізары ідзе дзве-тры карціны, знаходзь толькі час, глядзі — i не трэба ісці ў клуб, плаціць грошы.
— I што ты будзеш танцаваць? — спытаўся я ў Ларысы.
— Вальсы, полькі, падыспаны...
— А ты гарадское пакажы,— я злаваў яе,— твіст адстукай, хоць гэта ўжо i не модна. Але для вясковых здаравіл-дзецюкоў будзе добра. Ці уош станцуй, які падобен на мыццё бялізны, урэж хіч хайкер — спробу сесці ў аўтамабіль, нягледзячы на тое, што цябе выпіхае шафёр... Ці што іншае станцуй...
Ларыса глядзела на мяне i здзіўлялася: яна, відаць, не бачыла мяне такім, не верыла, што так можа мяняцца чалавек — звычайна я чалавек спакойны, нават ціхі, а цяпер вось зусім другі.
— А мо пакажы ім джэрк, «Амерыкану» ці «007», здзіві ix крыху,— блазнаваў я.— Ці леткай-енкай, сіртакі, рэдлавам...
— Ніколі не ведала, што ты такі балабон,— сказала Ларыса.— Праўду гавораць людзі, што ў ціхім балоце чэрці водзяцца.
— Я пакрыўдзіў вас, Ларыса Іванаўна?
— Ладна, не мянці языком, бо заўтра сорамна будзе, што ты такі, а сёння мне сорамна за цябе... Шчаслівай ночы,— сказала i адвярнулася.
— Шчасліва,— сказаў я, пакрыўдзіўся, што Ларыса амаль выгнала мяне, але здолеў стрымацца, выйшаў з пакоя.
Назаўтра была нядзеля, i я спаў да полудня; папалуднаваўшы, зноў заваліўся храпці: балела галава, ды i не хацелася нікуды выходзіць.
Вечарам я таксама застаўся дома, не пайшоў да Ларысы, a ляжаў на канапе i чытаў кнігу.
11
Панядзелкам я не зайшоў раніцою да Ларысы, наўмысна позна выходзіў з дому, каб яна паспела пайсці ў школу. Але, калі падышоў да школы i азірнуўся, убачыў, што Ларыса была яшчэ дома, а цяпер спяшаецца подбегам за мной.
Гэты дзень я стараўся з ёю не сустракацца, то затрымліваўся ў класе з дзецьмі i не заходзіў у настаўніцкую, то загаворваў з другімі настаўніцамі: мне было сорамна за сваё суботняе буянства.
Пад полудзень у школу прыйшоў Уладзімір Пятровіч, якога столькі чакалі, праз якога ў школе не вялася фізіка і многа гадзін матэматыкі. Ён быў маіх гадоў, такога ж росту, але значна паўнейшы, шырэйшы ў плячах.
Дырэктар узлаваўся на яго, крычаў, што так нельга рабіць: не звальняцца з работы, трымаць за сабою месца i не паказвацца ў школе. Уладзімір Пятровіч маўчаў, апусціўшы галаву, не апраўдваўся, не прасіўся.
— Што цяпер пайшлі за настаўнікі, не ведаю! — абураўся дырэктар.— Калі не любіш работы, дык не ідзі ў школу. Раз прыйшоў — будзь добры працаваць, вучыць дзяцей. Такой вольнасці настаўнікі ніколі не дапускалі, былі самыя дысцыплінаваныя людзі, а гэта прыйшлі пасляваенныя — што хочуць, тое i робяць, нікога не слухаюць, нічога не саромеюцца. Ну i моладзь!..
Уладзімір Пятровіч маўчаў. Відаць, яго не вельмі краналі словы дырэктара, бо сядзеў ён спакойна, не чырванеў, не бялеў, ведаў, што ўсё роўна трэба выслухаць.
Читать дальше