Я раю Зайцаву прачытаць кнігу М. Дэвідаў.
І апошняе. Аўтар пісьма ў газету мае рацыю, калі гаворыць пра неабходнасць грунтоўна назіраць і паказваць жыццё чужой краіны. Натуральна, што спробы мастацкага паказу складанага, супярэчлівага жыцця такой краіны, як ЗША, — справа нялёгкая. Не ўсё тут убачыш з першага погляду, не ўсё адразу зразумееш з таго, што ўбачыш з погляду другога. Такія прызнанні я чытаў і чуў ад людзей, якія падоўгу жывуць у ЗША. «Амерыканскі лад жыцця, — піша савецкі эканаміст С. Вішнеўскі, — супярэчлівы і шматаблічны. Не заўсёды лёгка і проста аддзяліць павучальны вопыт, які ўзнік у працэсе працоўнай творчасці таленавітага і дынамічнага амерыканскага народа, ад з'яў, народжаных практыкай капіталістычнага гаспадарання. Дапытлівы розум не можа быць задаволены хадзячым тлумачэннем: «Гэта амерыканскі звычай».
І. В. Зайцаў, на жаль, такім хадзячым тлумачэннем і задавальняецца. І ўжо зусім ніяк нельга з ім пагадзіцца, калі ён заяўляе: «Можна, вядома, па-рознаму да гэтай з'явы адносіцца... Такія рэальнасці жыцця». Тут я нагадаю яму яго ж уласныя словы пра «добрую і патрэбную» традыцыю савецкай, у тым ліку і беларускай, літаратуры ў паказе амерыканскага ладу жыцця. Аддадзім ёй належнае: яна з самага пачатку і па сённяшні дзень катэгарычна не прымае яго, гэты лад, з-за яго грубага практыцызму, жорсткасці, духу нажывы, сацыяльнай няроўнасці. І гэта робіць нашай літаратуры гонар, бо сведчыць аб яе высокіх маральных і ідэйных крытэрыях, аб яе глыбокай зацікаўленасці лёсам чалавека і чалавецтва, у тым ліку і лёсам працоўнага амерыканскага народа.
1978
ЦІ ПАТРЭБНА ЧАЛАВЕКУ НАДЗЕЯ?
«...Ды мы павінны спадзявацца? Калі спадзяюцца на добрае надвор'е ці на выйгрыш у латарэю, то такая надзея не ўплывае на зыход падзей: калі пойдзе дождж або мы нічога не выйграем, то з рэчаіснасцю трэба прымірыцца. Але ва ўмовах суіснавання людзей і ў асаблівасці ў палітыцы надзея становіцца рухаючай сілай. Толькі калі ў нас ёсць надзея, мы дзейнічаем так, каб наблізіць яе выкананне». Гэтыя словы, якія належаць выдатнаму вучонаму XX стагоддзя і палымянаму барацьбіту за мір, лаўрэату Нобелеўскай прэміі Максу Борну, успомніліся мне, калі я чытаў раман Эдуарда Скобелева «Маятник надежды», выдадзены нядаўна «Мастацкай літаратурай».
Успомніліся ў самой прамой сувязі. Бо, па-першае, галоўны герой рамана П'ер Румінаў — таксама буйны заходні вучоны, нобелеўскі лаўрэат, і ён таксама заклапочаны лёсам міру і прагрэсу і, да слова сказаць, таксама, як і М. Борн, займае пэўную пазіцыю ў адносінах да заваёвы космасу. Толькі ў адрозненне ад свайго рэальна існаваўшага калегі герой рамана мяркуе, што «космас — не сенсацыя, гэта патрэба». «Без космасу, — гаворыць ён пераконана сваім сябрам, якія прыехалі па яго запрашэнню з Нью-Йорка ў Еўропу, — чалавецтва цяпер ужо наўрад ці жыццяздольнае. Але каб папярэдзіць драму, неабходна, каб яно ўвайшло ў космас адзіным, не абцяжараным нацыянальнымі і расавымі забабонамі. З варожасцю трэба скончыць на зямлі, каб не ператварыць у лятаючыя могілкі новыя цывілізацыі». Потым, у інтэрв'ю прадстаўнікам газет, акрэдытаваным у амерыканскай сталіцы, П'ер Румінаў яшчэ больш пэўна выказвае сваю запаветную мэту — «выключыць гвалт, змову, эксплуатацыю. Ачысціць паветра маралі».
Прыгадаліся словы славутага фізіка і таму, што, па-другое, пытанне: ці павінен чалавек спадзявацца, складае па сутнасці галоўную ідэйна-маральную дамінанту рамана «Маятник надежды». Менавіта тут праходзіць дэмаркацыйная зона, па адзін бок якой Румінаў і яго аднадумцы, пераконаныя, што «перспектыва адна: не здавацца, не ўступаць, захоўваць надзею», а па другі — іх антыподы, якія, накшталт Пэта Бартана, не хочуць «ускладняць існаванне надзеямі, што не маюць шансаў» і выкладаюць сваё крэда ў словах: «пакарыцца, каб выжыць».
Хаця вуснамі Бартана (апавяданне ў рамане вядзецца ад яго імя) сказана ў адрас прагрэсіўнага вучонага нямала зусім непахвальных эпітэтаў (фанатык, ідэаліст, летуценнік і г. д.), але атэстацыя гэта далёка не дакладная. П'ер Румінаў якраз робіць практычна ўсё магчымае, каб змагацца за сваю надзею, каб увасобіць у жыццё сваю мару — перамагчы варожасць і раз'яднанасць, «ачысціць паветра маралі». Дзеля гэтага ён пакідае фізіку, становіцца нейрафізіёлагам і пасля рада цяжкіх доследаў, звязаных з рызыкай і ахвярамі (у тым ліку і гібеллю блізкіх людзей), дасягае свайго — выдзяляе ў мазгу цэнтр «інстынкту агрэсіі». Зыходзячы з свайго адкрыцця, вучоны спрабуе распрацаваць спосаб умяшання ў чалавечы мозг і такім чынам, на яго думку, спосаб радыкальнага ўмяшання ў жыццё грамадства. «Наша адкрыццё, — гаворыць ён сваім памочнікам, — павінна быць захавана, чаго б гэта ні каштавала. У чалавецтва адзін вораг — няроўнасць і насілле, якое ахоўвае несправядлівасць і ідэалогію варожасці. Вораг магутны».
Читать дальше