Прывяду характэрны ў дадзенай сувязі дакумент, на які спасылаецца ў сваёй кнізе «ЗША: крызіс сацыяльнай палітыкі» наш беларускі вучоны А. Д. Гусеў (кніга выйшла не так даўно ў выдавецтве «Беларусь»), Дакумент гэты — даклад ААН аб сусветным сацыяльным становішчы 1970 года. «Маюцца доказы таго, — гаворыцца ў дакладзе, — што па пэўнай стадыі пакупка тавараў шырокага спажывання становіцца хутчэй рэакцыяй у адказ на прыёмы рэкламы, чым адчуваемай патрэбай, і што ўладанне гэтымі таварамі... не прыносіць пачуцця задавальнення, а толькі стварае адчуванне ўнутранай спустошанасці, збаўлення ад якой чалавек шукае ў набыцці новых тавараў».
У дакладзе ААН таксама адзначаецца, што празмерныя вытворчасць і спальванне некаторых тавараў вядуць да пагражальнага забруджвання асяроддзя і патрабуюць далейшага ўзмацнення эксплуатацыі прыродных рэсурсаў. «Усё большую грамадскую праблему складаюць прамысловыя і бытавыя адыходы, — піша Гусеў, — У ЗША, на радзіме аўтамабілізму, з году ў год расце колькасць аўтамашын, якія выйшлі са строю. Вакол гарадоў растуць «могільнікі» аўтамабіляў. Штогод у ЗША каля 10 мільёнаў машын ідуць на звалку, прычым мпогія з уладальнікаў пакідаюць іх проста ў гарадах, загрувашчваючы вуліцы і двары. Каб пазбавіцца ад старых машын, у штаце Пенсільванія іх скідваюць у адпрацаваныя шахты, а ў горадзе Буфало, у штаце Ілінойс, іх доўгі час тапілі ў возеры Эры.
Крах тэорыі і практыкі «грамадства спажывання», — працягвае Гусеў, — прывялі да істотных змяненняў у свядомасці значных слаёў амерыканцаў. Гэта выяўляецца, у прыватнасці, у тым, што традыцыйны «амерыканскі ідэал» не займае той дамінуючай ролі, якую адыгрываў на працягу многіх год».
Сацыёлаг, здаецца, дастаткова выразна вытлумачыў тое, што хацеў сказаць па-свойму я ў вершы («Могільнік машын»).
Наіўна гучаць разважанні І. В. Зайцава і наконт «філасофіі прагматызму». Так, прагматызм працяглы час адыгрываў немалаважную ролю ў духоўным жыцці Амерыкі (зараз ён здае свае пазіцыі). Ды калі нават мець на ўвазе саму філасофскую канцэпцыю, то яна не так высока ўжо лятае. «Амерыканскі прагматызм, — піша адзін з сучасных філосафаў ЗША Р. В. Селарс, — набіты ідэямі практыцызму». Не дужа прывабнай выглядае гэтая філасофія, асабліва калі ацэньваць па нашай шкале каштоўнасцей, і з пункту гледжання этыкі (глядзі змешчаны не так даўно ў газеце «Літаратура і мастацтва» артыкул А. Рагулі «Выкрыццё прыстасавальніцтва», прысвечаны разгляду аповесці В. Быкава «Пайсці і не вярнуцца»).
Праўда, І. В. Зайцаў мае на ўвазе чыста бытавы, утылітарны варыянт прагматызму («Прасцей купіць новую машыну, чым лапіць старую... Згубіць час, а значыць, і грошы»), А між тым яшчэ Т. Драйзер пісаў у дваццатых гадах: «З майго пункту гледжання, сярэдні або, так сказаць, стандартны амерыканец — гэта дзіўны характар, які аднабока развіўся: ва ўсім, што датычыцца матэрыяльнага боку жыцця, ён кемлівы і напорысты — ён добры механік, добры арганізатар, але ўнутранага свету ў яго няма, ён не ведае па-сапраўднаму ні гісторыі, ні літаратуры, ні мастацтва і зусім заблытаўся і духоўна заграз у вялікім мностве чыста матэрыяльных праблем».
Думаю, што гэта характарыстыка не толькі не ўстарэла, але, наадварот, набыла на сённяшні дзень асаблівыя праўдзівасць і актуальнасць. Вось толькі што, напрыклад, у нашых газетах паведамлялася, са спасылкай на аўтарытэтныя амерыканскія крыніцы, што кожны трэці прэтэндэнт на выкладчыцкія пасады ў дзяржаўных школах Даласа (штат Тэхас) не вытрымаў у гэтым годзе элементарнай праверкі... разумовага развіцця, што ўзровень непісьменнасці ў ЗША дасягае, па афіцыйных дадзеных, 10 працэнтаў дарослага насельніцтва (!).
Памылковыя ўяўленні Зайцава можна, відаць, вытлумачыць у нейкай меры асаблівасцю свядомасці, якая (асаблівасць) праяўляецца ў формуле: бачу — веру, не бачу — не веру. Зноў-такі: лепш адзін раз убачыць, чым сто раз пачуць (дадам: прачытаць). І тут, павінен сказаць, паездкі за мяжу — добрая школа ідэйнага і патрыятычнага выхавання.
Ёсць і яшчэ адна прычына, якой можна вытлумачыць наіўныя разважанні і доказы Зайцава. Аб ёй гаворыць ужо знаёмы нам Майк Дэвідаў у сваёй кнізе «Гарады без крызісаў», якая была выдадзена ў 1976 годзе ў Нью-Йорку, а зараз выйшла ў нас у перакладзе на рускую мову. (М. Дэвідаў піша пра савецкія гарады, у тым ліку і пра Мінск, параўноўвае іх з гарадамі амерыканскімі.) У апошнім раздзеле кнігі «Некалькі слоў пра маіх савецкіх сяброў» амерыканскі журналіст піша: «Я некалькі здзівіўся, выявіўшы, што савецкія людзі не праяўляюць такога ж захаплення, як я, з выпадку жыцця без домаўласнікаў і ракфелераў. Мае савецкія сябры ўспрымалі ўсе бакі свайго жыцця як належнае: ім жа не прыходзілася жыць у другім грамадстве. Дзіўна, што ў многіх былі вельмі ілюзорныя ўяўленні аб «багатай Амерыцы». Чаму з-за некаторых недахопаў і праблем, якія існуюць яшчэ ў сацыялістычным грамадстве, не кожны савецкі грамадзянін разумее яўную перавагу жыцця пры сацыялізме перад жыццём у капіталістычным грамадстве, дзе чалавек чалавеку воўк?»
Читать дальше