Яны сышлі з дарогі, ступілі на абочыну ў нечыя глыбокія сляды; шафёр праехаў ля іх і не адазваўся — ні словам, ні сігналам,— пабраўся на горку, ад чаго матор загурчаў мацней ды гусцей пацягнуўся следам дым. І гэта Паўла неяк крышку пакрыўдзіла: яму здавалася, што і ўсе павінны адчуваць, які ў іх з Ларысаю сёння дзень. Толькі гэта мусіць быць ва ўсіх у галаве!..
«Вось мы даўно ўжо імкнуліся да гэтай хвіліны...— думаў Васілец.— Але куды іменна мы цяпер ідзём? Што нас чакае наперадзе? У чужой хаце...»
Раней неяк пра гэта думалася мала: хацелася быць разам. А вось цяпер прыйшла і насцярога.
Ён заплюшчыў вочы. І ўбачыў тое, што сёння стаяла ў вачах увесь дзень — Ларысу ў белай сукенцы і ў вэлюме, сябе ў чорным касцюме. Здаецца, зноў пачуў смех, песні, звон кілішкаў, зноў пачуў крыкі: «Гор-ка! Гор-ка!»
«Але і здзівіла ўчора Таццяна Сяргееўна!.. Як ужо заканчвалася гулянка, дык нам з Ларысаю пачалі даваць падарункі. Калі падышла Таццяна Сяргееўна і зірнула неяк прыжмурыўшыся, я так і адчуў: нешта зараз будзе не так... Яна ж сказала: «Ну што ж, жывіце, калі вас звёў лёс!» Паклала падарунак, пацалавала Ларысу ў шчокі, а пасля абхапіла мяне за шыю, моцна сціснула і пачала цалаваць. Я збянтэжыўся: занадта доўга Таццяна Сяргееўна цалавала мяне. Адчуваў: гэта бачаць і настаўнікі, і Ларыса, і нашы сваякі. І ўсё выратавала Ларыса: яна прыхілілася да нас, абняла і мяне, і Таццяну Сяргееўну. І ўсе, відаць, палічылі гэта за праяву вялікага сяброўства, шчырасці, запляскалі ў далоні, а музыканты яшчэ раз зайгралі... Потым, калі Таццяна Сяргееўна адышлася, села на сваё месца, я адзін раз кінуў на яе позірк і ўбачыў: у яе вачах былі слёзы...»
— Пра што ты думаеш? — спытала Ларыса, калі яны мінулі школу, падаліся ў канец Міланек, у той бок, у якім была Вертунова Сула.
— Пра ўсё...— усміхнуўся ён.— І пра нас з табою...
— А мне нечага боязна стала...— прызналася яна.— Здаецца, што іменна дасюль у нас усё добра было, а цяпер тое, да чаго мы так імкнуліся, будзе не такім... Вось адчуваю... Не будзе тых радасных сустрэч, бяссонных шчаслівых начэй, а пачнуцца будні...
— Усё будзе добра, мы будзем з табою самыя шчаслівыя людзі,— стрымліваючы сваю крыўду, сказаў ён.— Зразумей жа: мы нарэшце будзем адны!
— Усё роўна як трэба мяне ўгаворваць...— усміхнулася яна, зірнуўшы на яго, і ён зноў убачыў на яе твары гэтыя новыя мяккія рысы, адчуў, бадай, упершыню, што яна, жанчына, можа, далей і глыбей глядзіць на іх будучае жыццё...
Анціна хата, да якой яны хутка дайшлі, была ў самым канцы вёскі, далекавата ад вуліцы — пад самы лес. Злева стаялі кусты алешніку, ззаду хлява — лес. Справа, ад Міланек, было саўгаснае шырокае поле.
Калі яны дайшлі да яе па вузенькай, як прайсці аднаму чалавеку, сцежачцы, прайшлі ў варотах, брамка якіх была расчыненая і ўмёрзлая ў снег, падышлі да сянец, то ўбачылі на іх дзвярах з пазатыканым у шчыліны пакуллем замок. Гаспадыня, відаць, падалася ў вёску паглядзець тэлевізар.
Павел паставіў ля ганка чамадан і, калі побач апусціла сваю ношу і Ларыса, палажыў на іх клунак, адчуўшы, што ён добра такі адціснуў плячо.
Тут, у двары, відаць былі яшчэ два акны невысокай хаткі: адно з лепшай палавіны, другое — з кухні. Пад адною страхою былі хлеў, гуменца, пад самыя стрэхі якіх было накладзена паколатых дроў, ніжнія палены былі ў снезе. У гародчыку снег быў цёмны: гаспадыня туды высыпала попел і вылівала ваду.
— Вось і прыйшлі ў сваю хату...— усміхнулася Ларыса, неяк пазіраючы на яго разгублена.— Ірваліся сюды...
— Можа, схадзіць да суседзяў, пашукаць яе? — спытаў ён, стараючыся не паказаць свайго хвалявання і таго адчування, якое было ў яго цяпер на душы.
— Пачакаем,— зноў усміхнулася яна.— Мы з табою прывычныя гуляць на дварэ...
Павел усміхнуўся, прытуліў яе да сябе. Яна як не чакала гэтага, пахіснулася, абаперлася аб яго плячо, толькі казытнула шапачкаю, на якой быў іней, яму на шчацэ. Павел пацалаваў яе, і яна, абхапіўшы яго за шыю, адказала доўгім пацалункам. Пасля прытулілася і моўчкі стаяла, і, здаецца, гэтыя яе рухі, маўчанне гэтаксама сёння былі нейкім новым, нечаканым, надта ж сталым. Ён, здаецца, заставаўся такім, якім і быў дагэтуль, а вось Ларыса, як відаць было, вельмі змянілася за гэтыя два дні, неяк надта пасталела, стала разважнай і задумлівай.
...Гаспадыня вярнулася дахаты праз добрую гадзіну. Спачатку яшчэ далёка пачуліся рыпучыя крокі, а пасля, калі выйшла з вёскі, паказалася і сама — невысокая, у гаматкой ватоўцы і валёнках, у хустцы, шырокая ў плячах. Паволі ішла па дарозе, пасля ад яе па сцежачцы сюды. Як тупала сюды, то здавалася, што яна не ідзе, а стаіць на адным месцы.
Читать дальше