— Ды не...— прамовіў ён няўпэўнена, каўзануўся на скізкай, выкатанай машынамі дарозе, і Міхась Рыгоравіч, каб не даць яму паваліцца, падхапіў пад руку,— Пытаў загадчык пра работу...
Ведаў, што, гаворачы так, можа, і суцяшае Вертуна, але самому было непрыемна, і перш за ўсё непрыемна, што не зусім смелы, можа, надта чуллівы, баіцца пакрыўдзіць сталага чалавека.
— Я напраўду падам сам заяву...— сказаў Міхась Рыгоравіч, пазіраючы ўперад, на дарогу, што выйшла з Міланек і вяла да нізкіх і густых альховых кустоў, за якімі бачыўся сасновы лес.— Думаеш, завучу лёгка? Не, не лёгка. Трэба адказваць за сябе, за працу настаўнікаў, за веды дзяцей... Трэба ўмець кіраваць — шмат чаго ведаць, адчуваць, што робіцца ў школе і на якім узроўні навучанне, папраўляць і падказваць, дзе трэба, і загадваць... А я ўжо, можа, і не спраўляюся з гэтым...
Васільцу зноў было няёмка: восенню яны з Ларысай крытыкавалі за гэта дырэкцыю, а цяпер Вяртун сам прызнаваў такія памылкі, але прызнаваў так, каб ён, Павел, цяпер яго суцешыў і неяк апраўдаў.
— Канечне, нялёгка працаваць завучам...— прамовіў Павел.— Як і дырэктарам. Дырэктарам нават і цяжэй, бо там яшчэ і матэрыяльная адказнасць.
Вяртун прамаўчаў, можа, перажываючы, што не пачуў падтрымкі, а можа, прыціх таму, што ўваходзілі ў яго Сулу — невялікую вёсачку, хаты якой стаялі абапал кароткай, з паўвярсты, вуліцы-дарогі. Хаты ўсе амаль былі новыя, са смолкага дрэва, з шырокімі вокнамі, выфарбаваныя, з дагледжанымі дварамі і новымі платамі. Амаль усё ў іх — вокны, шчыты, веранды, платы — было падобнае. Відаць, вяскоўцы прыглядаліся адзін да аднаго.
Вертунова хата рознілася ад суседскіх: была добра ўстоеная ўжо, з яшчэ ранейшай сціпласцю — з некалькімі вузкімі і невысокімі вокнамі, з простым, без ніякіх хітрыкаў, шчытом, нізкая, праўда, крышку падмалоджвалася ад таго, што была накрыта нядаўна шыферам. За ёю паблізу, пад адною страхою, з пачарнелаю і пазелянелаю дранкаю, стаяў хлеў, а пры ім гуменца і дрывотня.
— Пара новую ставіць,— сказаў Васілец,— адстаяце ад вёскі.
— Можа, некалі і пастаўлю, калі дзятва крыху паднімецца на ногі,— адказаў Міхась Рыгоравіч, адчыніў невысокую акуратную брамку, прапусціў яго ўперад на асфальтаваную сцежку, снег з якой быў скінуты і ляжаў за плотам, у гародчыку.
Ля невысокіх сянец стаялі санкі, і на іх — невялікая бочка. І санкі, і бочка былі абледзянелыя ад вады, якую, відаць, прывозілі з далёкага калодзежа Вертуновы вельмі працавітыя дзеці.
У сенцах лішняга нічога не было — цабэрчык пад бульбу, вядро, пустыя чыгуны, венік, рукамыйнік, за парогам ляжаў вузкі ходнічак, абапал якога жаўцела ад чысціні новая падлога. Васілец некалькі разоў ужо быў у Вертуна і заўсёды бачыў парадак і вялікую акуратнасць: вельмі глядзіць за гэтым гаспадыня, якая славіцца гаспадарлівасцю і чысцінёй на ўсю вёску.
У першай палавіне хаты, якая была і за залу, і за кухню, адразу справа стаяла пафарбаваная ў зялёны колер печ, злева, насупраць яе,— засланы новаю цыратаю стол, крыху правей ад яго, ля сцяны,— шафка на пасуду. Насупраць парога на століку, над якім на палічках ляжалі падручнікі, стаяў невялікі тэлевізар, яшчэ правей, ля самых дзвярэй у другую палавіну хаты,— канапа. У цеснай хатцы было вельмі чыста, акуратна і ўтульна. І, здаецца, пахла бярозавым лісцем.
На канапе сядзелі старэйшыя дзве дзяўчынкі і хлопчык — вучні, яшчэ адзін вучань — першакласнік — сядзеў на печы, звесіўшы ногі ў простых рудаватых панчохах, гэтаксама сядзела ўсё такая бледная, як была і ў школе, гаспадыня і карміла грудзямі маленькае, спавітае ў беленькія полкі, дзіця.
«Пятае»,— падумаў Павел, успамінаючы, як летам ён, толькі прыехаўшы ў Міланькі, сустрэўся з Вертуном ля школы, і той сказаў, што жонка яшчэ хутка родзіць і ён стане бацькам-героем.
Цяпер гэты бацька-герой адчуваў сябе вельмі няёмка перад жонкаю і дзецьмі, якія заціхлі, калі яны ўвайшлі, толькі ўсе хорам адказалі на Васільцова прывітанне.
Вяртун моўчкі распрануўся, кіўнуў, каб скідаў паліто і Павел, павесіў сваё, а тады і яго паліто на вешалку, што была ля дзвярэй у лепшую палавіну, прысеў ля дзяцей на канапе, уздыхнуў, надзімаючы поўныя шчокі, зноў моўчкі, толькі кіўком паказаў Паўлу садзіцца паблізу на крэсле.
Павел адчуў няёмкасць, што прыйшоў сюды, бачачы, што гаспадар і гаспадыня не гавораць, прыціхлі ад гэтага і дзеці.
Вяртун, стараючыся не пазіраць на жонку, загаварыў да дзяцей, якія сядзелі на канапе, папрасіў паказаць яму тыя дзіцячыя кнігі, што яны чыталі.
Читать дальше