На верандзе і на кухні Рагаткавай хаты святла не было, і Лілія Іосіфаўна падумала, што яны ўжо спяць. Але калі падышлі бліжэй, да нізенькай брамкі, то ўбачылі, ' што з акна лепшай палавіны на двор падала блакітнае святло ад тэлевізара.
— Я далей не пайду,— сказала Мая Сцяпанаўна і прыхінулася да плота.
— Чакай тут... — прамовіла Лілія Іосіфаўна і, каб супакоіць яе і сябе, паціснула сяброўку за локаць, цмокнула ў шчаку.— Усё ўладзім...
Яна адна, сама здзіўляючыся сваёй смеласці і рашучасці, падалася па двары да сянец-веранды. Хоць была тут усяго некалькі разоў, але хутка намацала клямку, адчыніла дзверы і зайшла ў веранду, вобмацкам пачала шукаць другую клямку, каб адчыніць дзверы ў калідор. Пакуль яна абмацвала яе, пачуліся крокі і нехта ўключыў святло — пстрыкнуў ля самага вушака ўключальнікам, адчыніў ёй дзверы.
Гэта быў Васіль, які стаяў у трыко і тапачках. Лілія Іосіфаўна рашыла не хітраваць, адразу сказаць, каб ён выйшаў на двор. Але не паспела: адхінуўшы занавеску, з лепшай, палавіны вызірнула Вольга Піліпаўна, якая, відаць, сядзела там і глядзела кіно. Так і зірнула сюды — не ўстаючы з крэсла.
Лілія Іосіфаўна, не адчуваючы вялікага збянтэжання, ліхаманкава думала, як і пра што загаварыць.
— Іван Сямёнавіч дома? — спытала яна.
— Не, — першы адказаў Васіль.— У Вішнёўцы на партыйным сходзе.
«Дзякуй богу!» — парадавалася яна, уздыхнула.
— Хадзеце, Лілія Іосіфаўна, паглядзім цікавае кіно,— паклікала яе Вольга Піліпаўна,— а заадно, можа, і вырашым вашы клопаты да Івана Сямёнавіча.
— Не, дзякую,— усміхнулася Лілія Іосіфаўна,— я тады заўтра падыду,— а Васілю, які ўжо вось-вось мог адысціся, шапнула: — Правядзіце мяне...
Той здзівіўся, лыпнуў на яе шыракаватымі вачыма, прыпыніўся, а пасля сказаў маці:
— Я, мама, правяду... — і падаўся адчыніць дзверы.
Лілія Іосіфаўна, бачачы, што ён у такім адзенні не зможа доўга быць на дварэ, зноў шапнула:
— Абуйцеся і адзеньцеся,— а Вользе Піліпаўне сказала: — Прабачце... Спакойнай ночы!
Не стала чакаць Васіля, які нацягваў на ногі шкарпэткі, а пасля і чаравікі, пунсавеў на твары ад натугі і нейкага хвалявання, зірнуў на яе, як яна зачыняла дзверы ўжо, і яна на адзін міг убачыла на яго круглым, з невялікім загнутым носам і вялікім ілбом, прыгожым, як у бацькі, твары ўжо не здзіўленне, а здагадку.
Калі яна выйшла з варот, убачыла, што Мая Сцяпанаўна, чакаючы і хвалюючыся, шмат натупала, а можа, ёй прыходзілася і адыходзіцца, калі нехта ішоў па сцежцы. Мая Сцяпанаўна, выйшаўшы з-за вушака варот, зірнула на яе, як застыла, сціснула вусны і зморшчылася, але пасля, як рыпнулі дзверы веранды, зірнула туды, сагнала з твару разгубленую і плаксівую міну, пастаралася, здаецца, выглядаць абыякава.
Васіль, надта высокі ў цемені, падышоў да іх, зірнуў на Маю Сцяпанаўну і не сказаў ні слова.
Усе ўтраіх пастаялі з хвіліну і памаўчалі.
— Пагаварыце... — першая азвалася Лілія Іосіфаўна, бачачы, што яны, маладыя, першыя не загавораць з-за сваіх прынцыпаў.— Вам ёсць пра што пагаварыць... Пра сваё будучае дзіця... Ну, шчасліва вам! — прамовіла, абедзвюма рукамі прыхіліла іх адно да аднаго, сутыкнуўшы тварамі, а сама павярнулася і падалася адсюль.
Вярталася дахаты і не азіралася: ведала, што ўсё ў іх будзе добра, хутка яны памірацца, паладзяць. Гэта толькі ёй ніхто надта не паможа, як не памагаў і дасюль — ні сварыў з кім, ні мірыў... Але і яна будзе жыць, усё вытрывае і не перастане верыць і ў сваё шчасце...
А зверху, з цёмна-шэрага неба, па-ранейшаму падаў на стрэхі, платы, на халодную зямлю, на яе белы снег. Ад яго ўжо добра дыхала холадам, чысцінёй, зімою, для раздолля і белай радасці якой даўнавата пастала пара...
«Пачакаю, няхай дагоніць Адзінец,— падумаў Павел, прыпыняючыся.— Трэба пагаварыць. Шчыра, без папрокаў. У класе нешта не клеіцца ў нас ніколі гутарка, а тут павінна склеіцца... Лічы ж, дзеля гэтага падбіў увесь клас пакатацца сёння на лыжах уздоўж рэчкі Бярэзіны...»
Адзінец пад'ехаў.
— Усё цяжэй і цяжэй уцякаць ад цябе... — усміхнуўся Павел, пазіраючы на расчырванелага Адзінца.— Так што справядліва ты заняў нядаўна першае месца сярод вучняў васьмігадовых школ!
Адзінец сарамліва ўсміхнуўся, з зайздрасцю пазіраў на Паўлавы лыжы з прымацаванымі да іх чаравікамі, на якіх ён нядаўна выйграў на спаборніцтвах: Павел даваў яму гэтыя лыжы і чаравікі. Яны былі якраз па назе росламу вучню.
Лес быў ціхі і белы. Прыгравала сонца. У небе пачуўся гул, пасля паказалася белая вузенькая палоска. Яна імкліва цягнулася на поўдзень.
Читать дальше