— Алесь Трахімавіч, Алесь Трахімавіч! — пачуў ён ззаду, са сценкі, знаёмы голас.
Азірнуўся: да яго на веласіпедзе ў гумовых ботах і зялёнай куртцы ехала паштарка, былая яго вучаніца.
Пад'ехаўшы, паштарка, сярэдніх гадоў жанчына, спрытна саскочыла з веласіпеда, расшпіліла сваю тоўстую сумку, што вісела на яе баку.
— Прагульваецеся? — запытала яна, ведаючы, што ён тыя дні не выходзіў з хаты.
— Трэба ж прывыкаць і да паветра,— усміхнуўся ён,— праз тры дні пайду ўжо ў школу.
— У вас і сёлета самая вялікая пошта,— сказала паштарка, падаючы кіпу» газет,— пасля вас Васілец па падпісцы ідзе, за ім Рагатка, Лілія Іосіфаўна і парторг...
— Як хто можа ці хоча,— сказаў ён, з радасцю бачачы, што паштарка дастала і кіпку пісем, перабірае і шукае яго. Падала тры лісты.
— Сёння вам і кнігі падпісныя прыйшлі, але надта сумка поўная была, то не было куды іх узяць,— сказала паштарка.
— Ай-яй-яй! — зацмокаў ён, хочучы вельмі хоць зірнуць вокам на тыя кнігі, ведаючы, што не здолее сёння, можа, і заснуць, будзе думаць пра іх.— Хоць ты ідзі цяпер сам па іх!
— Заўтра то ўжо прывязу,— паабяцала паштарка,— прабачце, што так выйшла...
— Буду тады жыць падзеяй да заўтрашняга,— прамовіў ён.
— Вы, Алесь Трахімавіч, мусіць, усе кнігі перачыталі ўжо? — запытала яна.
— Што вы! — махнуў ён рукою.— Усіх і не перачытаеш, ды і не варта гэтага дабівацца. Але, думаю, што самае вартае ды цудоўнае, што ёсць у літаратуры, пасмакаваў...
— Гавораць людзі, што настаўнікі сёлета многа вяселляў спраўляць будуць... — нарэшце сказала пра свае «навіны» паштарка.— Васілец будзе браць Усціновіч, Ядзін Пеця — Ірыну Васільеўну, Рагаткаў Васіль — Маю Сцяпанаўну, а наша Каця бярэ ў прымы кватаранта свайго Міхаіла Апанасавіча...
— Дай бог! — усміхнуўся ён.— Так і трэба, каб было! У маладых маладое ў галаве...
— Яно так,— згадзілася і паштарка,— Ну папраўляйцеся, Алесь Трахімавіч. Паеду далей, яшчэ вунь колькі трэба пісем ды газет развесці.
Алесь Трахімавіч паглядзеў, адкуль яму лісты (адзін быў ад дачкі, другі ад сябра-кніжніка, трэці з райвыканкома), і падаўся ўзбоч плота ў хату.
«Хата ты хата! — падумаў.— Няма калі з-за хваробы падправіць цябе... Можа, на другое лета ўдасца ўжо печ перасыпаць...»
Абапіраючыся аб сцяну, узышоў на ганак, пастаяў з хвіліну і аддыхаўся, пасля падаўся ў сенцы-веранду, дзе па-ранейшаму пахла астылай пасечанай бульбай і яблыкамі. Бульба была тут паблізу, у цэбрыку, а яблыкі ляжалі ў кладоўцы.
Не паспеў зайсці ў хату і распрануцца, як пачуліся ззаду крокі. Жончыны. Ён ведаў, што так — хуценька і амаль не шлэпаючы па зямлі — можа хадзіць толькі яго Галіна.
— Усё-такі не ўцерпеў, выходзіў на двор... — мякка папракнула яна,— у кароткіх ботах, у чырвоным кажушку з чорнай аблямоўкай, у цёплай хустцы, чырвоная і маладжавая з твару.
Ён вінавата ўсміхнуўся, адчуваючы, што вось такой чырвані і здаровасці ў яго на твары няма, недзе на ім жаўцізна, выступіў, можа, толькі на шчоках невялічкі чырванец, не суцэльны і густы, як у маладых, а паявіліся старэчыя чырвоныя плямінкі.
— Ну што мне з табою рабіць! — гэтаксама мякка-дакорліва прамовіла яна і пачала памагаць яму распранацца — здымаць цяжкое зімовае паліто. Яна, канечне, і сама столькі не ўляжала б і не змагла б сядзець у хаце, таму і гаварыла так далікатна.
Пасля хуценька распранулася сама, стала зусім тонкая, стройная, і гэта тонкасць давала ёй вялікую дужасць.
— Ліст з Ленінграда,— сказаў ён, калі падышоў і сеў на канапу.
— Чытай,— сказала яна.
Ён разарваў канверт і пачаў чытаць. Дачка коратка пісала, што «ўсё ў іх па-старому, усе жывыя і здаровыя, працуюць». Жонка ўважліва слухала, а пасля ўсхліпнула.
— Нічога не напісала, ці баляць у яе вочы... — сказала яна, калі ён скончыў чытаць, пасмуткавала, замаркоцілася, але пасля, мусіць, прымусіла сябе супакоіцца і падалася ў сенцы па мел.
Учора жонка абмазала глінаю дзіркі і трэшчыны ў грубцы і печы, то сёння яшчэ з раніцы размачыла мел — пабяліць у хаце. Прынесла вядро з мелам, даліла ў яго малака, каб пасля не браўся пабел, размяшала, стала на лаўку і пачала бяліць печ зверху. Ён жа, гледзячы на гэта, падумаў, што замазалі вось печ, пабеляць яе, але ўсё роўна праз дзень-другі яна трэсне ў новым месцы, прырудзее.
— Ларыса Іванаўна дае заўтра адкрыты ўрок па рускай мове... — сказала жонка.— Здаецца, спакойная, але хвалюецца... Можа, хто не бачыць, але я бачу. Прывыкла ўжо ўгадваць...
— Можа, трэба падысці, паслухаць, сказаць сваё слова,— адказаў ён, ведаючы, што Ларыса Іванаўна дасць добры ўрок, таму варта схадзіць і паглядзець тое-сёе і для сябе.— Працавітая дзяўчына...
Читать дальше