— Было б лепш усё-такі — у добрым доміку... — жартаваў Павел,— Жыць у шалашы і летам, і зімою — замнога паэзіі, нечага надта ўзнёслага, я б хацеў зажыць болей «прыземлена» — у цёплым доме з харошым садам... Можна і без саду, а проста — у сваім, хоць і маленькім, куточку...
— Прычапіўся ты да беднага аспіранціка, які, праўда, уяўляе сябе вялікім вучоным...— сказала Ларыса (на днях да іх у госці прыязджаў былы аднакурснік).— Ён жыве ў горадзе, вучыцца ў вялікіх прафесараў, піша кандыдацкую, жыве ўзнёсла!..
— Хітруе, як выгадней пра каго напісаць артыкульчык ды як выгадней ажаніцца — вось яго «ўзнёсласць»... — прамовіў Павел.— Я цяпер яму жыць не дам з яго гэтай «прыземленасцю». Кожны раз, як буду адпісваць ліст ці віншаваць са святам, дык і буду пакепліваць: «Жыву я тут не так, як ты, а вельмі і вельмі прыземлена...» Але бог з ім, сыценькім хітруном, а я напраўду хачу паэзіі, узнёсласці, хачу «витать в облаках»,— і Павел падсунуўся бліжэй да Ларысы, прыгарнуў яе, трапяткую, пяшчотную пацалаваў.
— Асмялеў ты зусім, я бачу... — не злосна, а добразычліва прамовіла яна і, прывыкшы да яго такіх смеласцей і ўжо, можа, як і ён, не могучы без іх, ціхенька і радасна засмяялася, дазволіла даць волю яго рукам і вуснам.
А ён сам здзіўляўся, што стаў такім смелым, адчайным, туліў дарагога чалавека і адчуваў такое шчасце, хваляванне, якое так радавала, што цяжка і падумаць было, як жыў дагэтуль, усяго гэтага не ведаючы. І нельга было напіцца гэтага хмелю, гэтай радасці і шчасця, як нельга напіцца вады ў вялікую смагу, калі за кожным глытком хочацца ўсё новага і новага...
Ларыса моўчкі адказвала яму доўгімі пацалункамі, бо цяпер ні пра што не хацелася гаварыць, хацелася быць толькі разам, адчуваць вусны адно аднаго, пацалункі, ад якіх кружылася галава, і яны бясконца цалаваліся, забываліся пра ўсё на свеце, адчуваючы толькі сваю маладосць ды сваё жаданне быць вось так разам...
...Павел, як і кожнай ночы, вяртаўся дахаты позна. Была ўжо чацвёртая гадзіна раніцы, вось-вось ужо маглі падняцца і запаліць святло ў хаце, пачаць уходжвацца самыя раннія і руплівыя гаспадары.
Але спаць не хацелася: адчуваліся на вуснах і шчоках Ларысіны пацалункі, на шыі — моцныя абдымкі яе рук. На целе была вялікая лёгкасць, на душы — вялікая радасць, вялікае шчасце, і яму хацелася спяваць, бегчы некуды, радавацца сваім жыццём, Ларысаю, тым вялікім і цудоўным, што ёсць у іх... Адно толькі засмучала, што яны цяпер — пасля столькіх хвілін шчасця — не разам, не спяць, прытуліўшыся адно да аднаго, а што трэба ўсё яшчэ быць паасобку, трэба яму вось бегчы некуды ў цемнаце, туліцца да платоў, каб не загразнуць у хлёпанцы, абдзіранне аб кусты вішанніку і бэзу, што абвісалі на частакол. Але гэта надта не засмучала: ён верыў у яшчэ большае сваё шчасце — што яны будуць хутка разам...
Дзверы сянец былі не зашчэплены. Гаспадары, колькі ў іх кватараваў Павел, прывыклі, што ён вечарам амаль не бывае дома, сыходзіць і вяртаецца вельмі позна, то не замыкаліся нанач.
Не паспеў адчыніць на кухню дзверы, як там успыхнула святло. Павел збянтэжыўся, што загрукаў, пабудзіў гаспадароў. Але гэта — на шчасце — быў Пеця, які ўжо не ў касцюме, а ў трыко стаяў тут і сонна жмурыўся ад яркага святла.
— Позна вы... — па-змоўніцку ўсміхнуўся Пеця, адчуваючы еднасць з ім, што яны абодва сёння былі з дзяўчатамі.— Я ўжо даўно вярнуўся, выспаўся... А цяпер ужо дваццаць на чацвёртую...
— Скора, можа, яшчэ пазней за мяне будзеш вяртацца... — пажартаваў Павел.— Ідзе да гэтага?
— Відаць, пойдзе... — шчасліва адказаў Пеця, усміхнуўся, сагнаў сон, разгладзіліся маршчынкі ля вачэй — і ён зноў стаў малады, свежы, з гладзенькімі — як у дзяўчыны — шчокамі.
— Спадабалася? — шэптам спытаў Павел.
— Канечне... — гэтаксама шэптам адказаў Пеця.— Можa, павячэраем? Я чакаў вас...
...Пеця выпіў і ахмялеў ад першай чаркі. Ад гэтага не толькі разгаварыўся, пасмялеў, але нават расхрабрыўся...
— Яна, хоць і настаўніца, але зусім простая, як і мы ўсе... — радаваўся ён, сам расказваючы Паўлу пра сябе і Ірыну Васільеўну, пра тое, што было ў іх сёння.— Як толькі выйшлі з хаты і загаварылі, яна і кажа: называй мяне Іраю... Прайшлі, пастаялі крыху і пагаварылі... І — ведаеце — я нават дзівіўся, адкуль у мяне тыя словы бяруцца... Калі быў у Ліліі Іосіфаўны, не было тых слоў, маўчаў, як праглынуў язык, а тут мяне як прарвала... Хацеў вельмі за руку яе ўзяць, але так і не асмеліўся... Думаю сабе: ну, вазьмі, не бойся, будзь смялейшы, можа, яна і не пакрыўдзіцца, але не хапіла духу...
Читать дальше