У вёсцы было цёпла. Пахла дымам, смажаным, вараным. На шчасце, ні з кім не сустрэўся.
Сталых людзей ён убачыў толькі ля школьнай агароджы. На рагу — на аўтобусным прыпынку. Там стаяла з сем ці восем мужчын і кабет. Ля іх ляжалі на снезе поўныя сумкі, некаторыя мужчыны трымалі пад пахамі згорнутыя і звязаныя мяхі.
— Добры дзень!— услед за дзецьмі сказаў і Васілец, стараючыся хутчэй абмінуць знаёмых людзей, не пазіраць ім у вочы.
— Павел Мікалаевіч! — затрымала яго тутэйшая паштарка — маці трох міланскіх вучняў. Падышла, прыпынілася.— Гавораць, што вы ўжо завуч. Гэта праўда?
— Ну і вашыя людзі! — усміхнуўся Васілец. Але на запытанне не адказаў.
— Дык праўда ці не?
— Праўда. Вяртун адмовіўся болей быць, дык вось назначылі мяне.
Сказаў так і пачуў: ззаду адразу загаманілі людзі.
— Малады ж яшчэ, а ўжо завуч...
— А што цяпер Вяртун рабіць будзе?
— Будзе просты настаўнік...
— Брыдка ж будзе...
— Колькі кемных людзей прападае з-за гэтай праклятай гарэлкі!
— Дык удачы вам! — усміхнулася паштарка.— Я, калі і несла вам позву ў райана, дык нешта такое падумала... Аж і праўда, добрую навіну вам прынесла. Так што налета, можа, і яшчэ адну добрую навіну вам прынясу...
— Не спяшайцеся надта...— усміхнуўся і Васілец.
І адышоўся.
У настаўніцкай, куды неўзабаве зайшоў, былі ўжо ўсе. Акрамя Вертуна. Сядзелі на канапе, на крэслах, стаялі ля грубкі. Нейкія, здаецца, прыціхлыя і як саромеліся зірнуць яму ў вочы.
— Ну што, калега, выездзіў? — толькі адзін Іван Сямёнавіч быў вясёлы. Распраміўся, паклаў далоні па краі свайго стала. На яго плячах было накінута паліто.— За каго цябе цяпер мець? За які тут стол садзіць?
Васілец, распрануўшыся, падаў яму копію загада загадчыка райана.
Іван Сямёнавіч узяў паперыну, пачапіў на нос акуляры і пачаў чытаць. Здаецца, прачытаў разы тры. І — неяк памаркотнеў: на твар лёг цень.
— Спіхаеце патроху нас, старых ваўкоў! — пасля падняў галаву. Паглядзеў з хвіліну і адвёў позірк.— Сёння аднаго, а заўтра другога... Але нічога не зробіш. Жыццё... І мы некалі вось так некага замянялі, і мы не ведалі, што было на душы ў тых... Вось, калегі,— зірнуў на ўсіх,— у нас новы завуч! Павел Мікалаевіч.
Васілец чамусьці зірнуў на Сліжа.
Сліж, седзячы на канапе, з увагаю слухаў дырэктара, маўчаў. Цікнуў на Васільца і тут жа адвёў позірк. Здаецца, раптам змаркотнеў, нібы яго напаткала якая бяда. Прыплюшчыў вочы, сцяў губы і пазіраў на ўсіх неяк з разгубленасцю. Маўчаў. Толькі ўсё чырванелі-чырванелі яго поўныя шчокі.
«Што з ім? — здзівіўся Васілец,— Няўжо ён не рады, што мяне назначылі завучам?»
Сліж, як убачыў, што на яго гэтак пільна пазірае Васілец, спахапіўся, пастараўся ўсміхнуцца. Але ўсмешка выйшла кволая, нейкая няшчырая. Вымушаная.
— Віншую, браце! — потым, як апрытомнеўшы, хутка падхапіўся, гэтак захутка падскочыў да Васільца, падаў руку і моцна патрос, гаворачы нейкім чужым голасам.— Абскакаў во нас усіх! Мы маса яшчэ, усе роўныя, як малады лес, а ты ўжо асоба, жызня мая!
За ім падышлі і павіншавалі астатнія. Спакойна, неяк з няёмкасцю ўсміхаючыся.
— Толькі не задзірайце высока носа, Павел Мікалаевіч, ды глядзіце, каб не закружылася ад улады над намі галава...— пажартавала Таццяна Сяргееўна.
— Значыць, так, калегі,— ужо сур'ёзна прамовіў Іван Сямёнавіч,— вам, канечне, прыемна, што маеце за кіраўніка свайго равесніка: ён будзе больш разумець вас, а вы — яго. Прыемна, што ўжо прызналі і ваша пакаленне, але папрашу мець Паўла Мікалаевіча не толькі за сябра, за Пашу ці за Пашку, Паўліка, як не раз называеце, але перш за ўсё майце цяпер за Паўла Мікалаевіча, за завуча... Гэта вельмі важная ў школе пасада...
Усе прыціхлі. І Васілец разгубіўся ад няёмкасці.
«Нашто так? — падумаў ён.— Можна ж і далей мне быць для іх Паўлам, Пашам...»
У дзверы настаўніцкай пастукалі. Зайшоў Вертуноў сын. Прывітаўся, падаў дырэктару паперку і адразу ж, саромеючыся ўсіх, выйшаў.
— Захварэў Міхась Рыгоравіч і ў школе сёння не будзе,— прачытаўшы, сказаў Іван Сямёнавіч.— Дык давай, малады завуч, адразу і бярыся за работу: мяняй расклад, глядзі, куды каму ісці на ўрок.— Пасля, бачачы, што Васілец бянтэжыцца, падняўся і сам падышоў да раскладу.
Восьмы клас сёння, як ніколі дагэтуль, сустрэў Васільца цішынёю.
Толькі ступіў у пакой — усе падняліся, пільна пазіралі на яго. Ён сумеўся.
— Добры дзень,— падышоўшы і прыпыніўшыся ля стала, як і заўсёды, кожны дзень дагэтуль, прывітаўся ён.— Сядайце, калі ласка.
Читать дальше