Ён адвярнуўся, усхліпнуў.
— Трымайцеся неяк,— папрасіў яго Васілец.— Гэта ж не значыць, што вы ўсё ўжо згубілі...
— Не трэба мяне суцяшаць...— Вяртун выцер шчокі рукавом паліто.— Будзем неяк жыць і так. Ніжэй настаўніка не паставяць, далей Міланек не пашлюць... А сюды, што я...— пстрыкнуў па шыі.— Дык адказ мой адзін: пі, галава, гуляй, галава! Прыйдзе худаба — атвячай, галава!..
«Нагаманіў-нагаманіў, а ты паспрабуй разбярыся!»
Васілец, як толькі зайшоў у хату і ўключыў святло, распрануўся, а потым падаўся ў другі пакой. Да Ларысы і сына. Гаспадыні — а яна стаяла ля палаючай печы — падаў пакунак з кілбасой.
Ларыса — у халаце, у тапачках — стаяла ля стала і прасавала бялізну. Найбольш усё дзіцячае. У пакоі ад добра напаленай бярозавымі дрывамі грубкі ды ад праса было горача. Аж прыпацелі, завільгатнелая дубэльты.
— Ну, як вы тут без мяне? — запытаў ён, зірнуў на Ларысу, але да яе не падышоў, патупаў да каляскі. Нагнуўся і цікнуў на сына.
Сын не спаў. Здаецца, убачыўшы яго, ажывіўся, акругліў вочкі, прыпадняў бровы ад радасці, аж задрыгаў у полках ножкамі.
— Ты ж халодны! — нібы з асцярогаю, нібы з рэўнасцю сказала Ларыса.— Сагрэйся, а тады падыходзь ужо да свайго сыночка. А гэты твой сыночак кепскі хлопец: не хоча ляжаць у цемені, мала спіць. Сядзеш ля яго — дык пазірае, ціха ляжыць, адыдзешся — крычыць...
— Сучаснае дзіця сучасных бацькоў...
— І яго бацька нялюдскі! — сказала Ларыса.— Сядзеў у горадзе цэлы дзень. Ды во вясёлы вярнуўся... Грошы траціць попусту, абы на якую сцежку сыходзіць...
— Падзея ў нас сёння, маці, вот я і падвесяліўся! — усміхнуўся ён. Яны зусім нядаўна спачатку жартам, а пасля і ўсур'ёз пачалі называць адно аднаго маці і бацькам.— Якая? Угадай!
— Як язык развязаўся! Во чарка моц мае! — прамовіла Ларыса.— Грамадскую якую нагрузку даручылі?
— Не. Паставілі мяне, маці, завучам Міланьскай васьмігодкі... Вот перад табою не толькі муж, але і твой начальнік... Вот копія загада, пачытай...
— Жартуеш? — усміхнулася яна. Але прачытаўшы, як спалохалася: — А Вяртун? «Па ўласнаму жаданню»?.. Вой, што ж гэта, Паўлік, будзе?
— Нe верыш, што адолею новую работу?
— Адолееш...— адказала яна.— А Вяртун, настаўнікі, а вёска? Ты хоць пра гэта падумаў? Хоць змены і трэба было чакаць, калі цвяроза ўсё ўзважыць, але...
— Я не змог адмовіцца...
— І як ты будзеш кіраваць сваімі ж калегамі, равеснікамі?
— Не ведаю...
Ларыса задумалася. Здаецца, захвалявалася больш, чым ён сам у райана.
— Ну, а колькі ж табе, таварыш завуч, будзе выходзіць?
«Не, яна думае глыбей, як я там думаў...»
Васілец адказаў.
Ларыса спачатку са здзіўленнем зірнула на яго, як гадаючы: ён гаворыць праўду ці жартуе? Калі ўбачыла, што сказаў сур'ёзна, аж жахнулася. Зірнула на яго ўжо з нейкім страхам і нібы з папрокам: ну што ж ты такі бесталковы?!
— Вот пра яго ты мала падумаў...— толькі прамовіла яна, кіўнула на сына.— Ты ж ужо бацька, сем'янін, дык павінен так і думаць.
«А я напраўду думаў там, як хлопец... Толькі потым, як Селядцоў сам загаварыў пра плату, дык я ўспомніў, што сем'янін...»
Васілец з павагаю зірнуў на Ларысу: якая ты, Ларыса, ужо сталая! Маці!
Яна ж не вытрымала яго позірку: можа, і па-свойму зразумела яго. Адышлася. Пачала зноў прасаваць бялізну. Ды, відаць, думала, гадала, як яны будуць жыць далей.
— Селядцоў сказаў, што налета будзе для настаўнікаў большая плата...— прамовіў Васілец, перадаў слова ў слова тое, што пачуў ад загадчыка.
— Ну што ж, таварыш завуч...— з хвіліну памаўчаўшы, усміхнулася Ларыса, зноў зірнула на яго. Здаецца, засаромелася за свой нядаўні страх. Падышла, пацалавала яго ў шчаку.— Хоць табе будзе і цяжка, але я рада за цябе. Што ты ў мяне гэтакі разумны, што цябе так паважаюць! Удачы табе! А я ўжо буду табе памагаць...
— Дзякую,— прамовіў ён, тулячы яе.— З табою я нічога не баюся, усё адолею...
Яны пацалаваліся. Усміхнуліся. А потым, абдымаючы адно аднаго, яшчэ доўга стаялі побач і абое пазіралі на свайго сына. Той гэтаксама пазіраў на іх і, здаецца, усміхаўся ды падміргваў...
Назаўтра Васілец наўмысна ішоў на работу пазнавата: хацеў прыйсці, пабыць хвіліну-другую ў настаўніцкай і адразу падацца на ўрок. Каб не бянтэжыцца перад настаўнікамі, каб не быць доўга сам-насам з Вертуном.
Стаяла позняя раніца, але на дварэ было яшчэ цемнавата. З бяссонечнага, заслоненага суцэльнай навіссю неба ціха сыпаўся снег.
Калі выйшаў на міланьска-сульскую дарогу, Васілец трапіў у гурт дзяцей. Тыя па двое, па трое ці яшчэ купней ішлі ў школу. Здаецца, віталіся з ім сёння неяк больш сарамліва, як нават пазаўчора.
Читать дальше