Васілец выйшаў з загадчыкавага кабінета. Збянтэжыўся пільнага сакратарчынага позірку, засаромеўся.
Калі прайшоў далей, сцяўся: апрануты ўжо ў паліто, трымаючы ў руцэ вушанку з чорным хромавым верхам, сядзеў на крэсле ля вешалкі Вяртун. На яго шчоках былі чырвоныя пляміны, сам ён быў нейкі напалоханы, упацелы.
— Ну, што? — падхапіўся ён і запытаў з нейкаю схаванаю для сябе надзеяю.
— Вот...— Васілец паказаў яму копію загада, заліваючыся чырванню.
— Ну, віншую! — апалым голасам, але з прымусовай усмешкай прамовіў Вяртун, падаў руку і нямоцна паціснуў, пазіраў неяк ужо па-новаму — ці то з зайздрасцю, ці то з вялікаю павагаю: вейкі яго міргалі, а губы, крышку выцягнуўшы і ўтварыўшы ля чырвоных шчок ямачкі, сціснуліся як бы ў плаксівай адчайнай міне.
«Ну, чаго ён тут сядзеў дагэтуль? — падумалася Васільцу.— Ішоў бы куды: і яму, і мне лягчэй было б».
Яны развіталіся з сакратаркай; і тут, у прыёмнай, і калі выходзілі з будынка, Вяртун наўмысна далёка саступаў, прапускаў выйсці Васільца першым.
Моўчкі выйшлі на светла-белы двор, што аж асляпіў вочы: шарэлася неба, сыпалася белым сухім снегам, што выбельваў дахі дамоў, вуліцы, хоць нідзе падоўгу не ляжаў: парывамі налятаў вецер, змятаў яго да абочыны, да сцен дамоў, дзе ўжо ляжаў уцвярдзелы першы снег.
Вяртун, апусціўшы галаву, плёўся побач. Маўчалі. Канечне, абодва думалі пра адно і тое ж.
— Я хачу зайсці яшчэ ў кнігарню,— сказаў Васілец, калі выйшлі на галоўную вуліцу, а пасля мінулі гарадскую плошчу.
— Пайшлі,— падахвоціўся ісці разам з ім і Вяртун.
Яны звярнулі ўлева, прайшлі па асфальтаванай сцежцы між густых, усыпаных снегам пасад, з дэкаратыўных дрэвак-кустоў, зайшлі ў кнігарню, што была на першым паверсе цаглянага трохпавярховага дома.
Васілец спачатку падаўся ў правы кут кнігарні, да аддзела «Беларуская літаратура», пачаў глядзець новыя кнігі. Убачыў на адной з паліц дзве першыя кнігі прозы маладых пісьменнікаў, знаёмых па вучобе хлопцаў. Узяў іх.
— Я і не чуў нават пра такіх...— прызнаўся Вяртун, ходзячы збоку.— Чуў толькі пра тых, чые творы вывучаюцца ў школе...
— Гэтыя хлопцы ўжо шмат друкаваліся, іх хвалілі крытыкі,— усміхнуўся Васілец.
Вяртун прамаўчаў.
Васілец падышоў яшчэ да іншых аддзелаў, дзе былі кнігі рускіх і замежных пісьменнікаў, выбраў чатыры новыя кнігі, дзве кнігі ўзяў і ў аддзеле «Педагогіка, методыка».
— Столькі грошай аддаць на кнігі не шкадуеш...— ужо на дварэ нібы пажартаваў, нібы напраўду сказаў Вяртун.— Пэўне, за гэтыя грошы паўдзесятак пляшак віна выйшла б...
— Віно — атрута, а кнігі — розум,— з жартам адказаў яму Васілец.
— Віно — напраўду атрута,— згадзіўся Вяртун.— З-за спірытусу такія вялікія розумы — не раўня майму — гінулі... Але ж віно — і радасць... А ў цябе сёння, Павел Мікалаевіч, як ні гавары, радасць, надзея. Дык і трэба адсвяткаваць. У рэстаран нам не варта ісці, а вот у сталоўку на Якуба Коласа можна завярнуць.
«Вып'е — усё мне выгаварыць...— падумаў Васілец.— Але ж некалі ўсё роўна будзе гэтакая гутарка. Дык лепш, калі раней...»
У светлым фае сталоўкі яны распрануліся, аддалі вопратку, сумку, пакунак з кнігамі гардэробшчыцы, узялі нумаркі і праз шырокія шкляныя дзверы падаліся ў вялікую залу, дзе сядзела і палуднавала ўжо шмат людзей.
— Гэта добра, што такі вялікі гурт. Менш кідацца ў вочы будзем...— як абрадаваўся Вяртун, і яны сталі ў чаргу.— Але ты бяры тое-сёе на свой густ, а я пайду знайду дзе ў кутку месца. Вазьмі толькі піва, бо да піва даюць і шклянкі...
Вяртун аддаў яму свой паднос і пайшоў у канец залы, матляючы шырокімі калашынамі. Пінжак на плячах быў цесны, нацягваўся, клубы былі шырокія, як у добрай маладзіцы.
«Пастарэў Міхась Рыгоравіч, пастарэў...» — пазіраючы таму ўслед, падумаў Васілец.
Ён, калі падышла чарга, узяў ежы, пляшку піва. Разлічыўся з касіркаю, занёс да Вертуна адзін паднос, потым — другі.
Калі сеў, Вяртун падміргнуў яму, з пільнасцю агледзеў залу, пасля апусціў рукі пад полы пінжака, пакорпаўся там і неўзабаве дастаў адтуль адкаркаваную пляшку, хуценька набулькаў амаль поўныя шклянкі, схаваў зноў пляшку пад пінжак, пасля даліў шклянкі півам, зафарбаваўшы белае пітво.
— Парадак! — бадай, упершыню з задавальненнем усміхнуўся Вяртун.— Піва, і ўсё тут! — а пасля і падміргнуў яшчэ левым вокам.— Я ўжо зубы з'еў на гэткіх во хітрыках... Я табе куды хочаш прынясу пляшку і вып'ю, каб ніхто не змеціў... Ну, Павел Мікалаевіч,— потым ён раптоўна пасур'ёзнеў,— яшчэ раз віншую цябе з новаю пасадаю! Папрацуй, паглядзі, як даецца гэты хлеб... Цяжкі хлеб. Але ты пацягнеш, бо хлопец ты кемны, цягавіты. Для школы горш не будзе, што мяне спаролі, а цябе паставілі... І не думай, што я буду дзьмуцца на цябе... Я ўсё разумею... Сам не ўтрымаўся. І ў час нялёгкі я жыў, і сам шмат прашляпіў... Я ж гаварыў ужо табе: да вайны я толькі дзевяць класаў скончыў, у вайну падлеткам у партызаны пайшоў, потым на фронце быў, пасля вайпы неяк адразу ажаніўся... Рабіў у школе і завочна вучыўся ў настаўніцкім інстытуце. Думаў, абы здаць, абы мець які дакумент. Думаў: навек хопіць майго дыплома, майго розуму і маіх заслуг... Вот і адстаў: лічы, больш і не браўся за кнігу. А каторыя з маіх аднагодкаў мудрэйшыя, хітрэйшыя былі, ведалі, што без навукі не ўцалееш, дык настаўніцкія інстытуты паканчалі, самі яшчэ і потым вучыліся. Дык і цяпер на розных пасадах добра сядзяць, дынамітам іх не падарвеш і маладымі іх не заменіш! А такіх во бесталковых бэйбусаў, як я, замяняюць маладымі, больш адукаванымі... Ды яшчэ характар мой!.. Ніяк не навучыўся я мець свой характар, змалку прывык, думаю, што нехта за мяне разумнейшы, што нехта другі для мяне як бацька, а я павінен толькі слухацца... Словам, параю табе: і век сам вучыся, і будзь смелы, не бойся сказаць іншым у вочы праўду, навучыся прыціскаць — і ўсё будзе добра. Ну, удач табе! — ён усміхнуўся.— А мяне, асаромленага, каб не крыўдзіў! Каб не паказваў перад усімі, што я цяпер... што ты, словам, цяпер нада мною...
Читать дальше