— За парады і шчырасць дзякую,— апускаючы галаву, адказаў Васілец.— А крыўдзіць вас — у мяне такой думкі няма...
Елі з апетытам: абодва прагаладаліся.
— Хадзем яшчэ ў магазін...— калі выйшлі са сталоўкі, запрасіў Вяртун.— Яшчэ тое-сёе возьмем...
— Не, хопіць,— адразу ж адмовіўся Васілец,— Ды трэба пахадзіць па магазінах: Ларыса дала шмат заказаў.
— Будзе жывая твая Ларыса. Не вельмі ты слухай жонкі...— настойваў Вяртун.— Давай з'ездзім да майго добрага партызанскага сябра. Пачуеш, як я ваяваў... Я расказваў вам, дык вы думалі, што я хвалюся. А я не хваліўся. Я не шкадаваў сябе, я ўсё рабіў для перамогі...
— Што вы, чаго я паеду да незнаёмага чалавека?! — зноў адмовіўся Васілец.
— Ну, як знаеш...— як пакрыўдзіўся Вяртун і адышоўся.
Ля аўтастанцыі Васілец, калі ўжо тое-сёе купіў з адзення і харчу, убачыў шмат Міланьскіх і вішнёўскіх людзей, зноў са шчымлівасцю адчуў няёмкасць.
«Канечне, усе зірнуць на мяне і адразу змецяць: я завуч... Можа, нічога такога і не скажуць мне. А вось падумаюць усякае...»
Заўважыў: сярод людзей была і Ірына Васільеўна. Яшчэ нядаўна сімпатычны круглы яе твар быў цяпер схуднелы, з цемнаватымі плямінамі, і Васілец, ужо тое-сёе ведаючы пра цяжарных жанчын, падумаў: «Яна павінна нарадзіць дачку!»
Ірына Васільеўна, як пасля ўбачыў Васілец, была не адна: з ёю прыехала ў горад і свякроў, цёця Ядзя. Мусіць, баялася, каб не здарылася што кепскае з нявесткаю: яе яна палюбіла і хваліла ўсім людзям.
Васілец падышоў да кабет.
Праз паўгадзіны вярнуўся Вяртун. Ішоў ён сюды, да аўтастанцыі, праз плошчу; шапка-вушанка была на баку галавы, наехала і адтапырыла левае вуха, адзін канец шаліка выехаў з-пад паліто і развяваўся, у зубах была цыгарэта. Вяртун, нахіліўшыся ўправа, нёс у вялізнай сетцы хлеб і абаранкі. Быў ужо хмурны, нават грозны. Ён адразу ж, як наблізіўся, выхапіў позіркам з вялікага гурту людзей толькі яго, Васільца, і яму ў гэтую хвіліну хацелася сысці адгэтуль.
— На адно слова, таварыш завуч...— як падышоў, трошкі з іроніяй сказаў ён, а пасля папрасіў выбачэння ў цёці Ядзі і Ірыны Васільеўны. Тыя адышліся, адступілі далей ад людзей і яны. За аўтастанцыю.— Не захацеў са мною...— папікнуў Вяртун, выкінуў з рота цыгарэціну, толькі ў куточках вуснаў засталіся тытунёвыя крошкі.— А я нікуды не ездзіў. Я адзін... І во яшчэ ўзяў з сабою,— ён адхінуў крысо паліто і паказаў рыльца пляшкі віна, што была засунута ў кішэню штаноў.— Давай во чык-шмык... Цукерка вось...
— Не, дзякую,— адмовіўся Васілец.— І так галава кружыцца. Хопіць.
— Не хочаш ужо з намі, падначаленымі, знацца! Аўтарытэт трымаеш, рэпутацыю...— папікнуў ён, зморшчыўся: са стрэшкі сянец-пачакальні для шафёраў сыпнула на яго белаю крупою снегу.— Гэта я дурны быў, не важнічаў, не задзіраў нос, сяброў паважаў, бо Вяртун ёсць Вяртун,— ён бухнуў сабе кулаком па грудзіне, што з паліто пасыпаўся не толькі снег, але і пыл,— бо мы, Вертуны, усе такія. Нікс шлехт нікому не рабілі і не зробім... Хіба толькі Рагатку я яшчэ некалі тое-сёе прыпомню: гэта ён мяне стурыў. Я да яго на тым тыдні, як ішоў ад Сліжа, зайшоў і добра падсыпаў яму. Усё сказаў, што ў мяне на душы было...— Ён зморшчыўся, зноў стукнуў сябе па грудзіне.— Вот ён на днях і з'ездзіў у райана, нагаварыў усяго на мяне... Некалі, калі мы маладзейшыя былі, калі я памагаў рабіць яму тое, што ён задумваў, дык я трэба быў: і маімі рукамі ён жар заграбаў... А цяпер я яму не трэба, цяпер ты ўжо яму трэба... Так, як ён, добрыя дырэктары не робяць. Яны не толькі дрыжаць за сваю пасаду ды за свой аўтарытэт, але спачатку расхваляць, падымуць аднаго настаўніка, другога, завуча. Маўляў, добрая школа. А зверху тады ўжо хваляць і яго: добрая школа, бо і ты добры кіраўнік... А ў нас наадварот. Наш век толькі сябе хваліў, век стараўся добрага настаўніка выжыць са школы... Вот і застаўся пад старасць адзін, з аднымі маладымі... А было каго хваліць, каму даць славу. Нашаму дарагому Алесю Трахімавічу... Але яго ён нідзе, ні на педсаветах, ні ў райана, не хваліў. Маўляў, няма добрых настаўнікаў, толькі ён адзін добры... Я цярпеў век, але не змог болей цярпець. З-за ісціны... Быў на падпітку, дык усё сказаў... Даў дык даў! Хоць з раз ды адчуў сябе чалавекам!..
Васілец маўчаў.
«Сапраўды, як гавораць, усякае раней было ў Міланьках,— падумаў.— Было... А можа, і яшчэ будзе? Па віне некага другога... Тут ужо, канечне, і мне трэба думаць: цяпер жа і я нешта значыць буду... Каб больш не было такога...»
— Ёсць у мяне ў Міланьках і яшчэ адзін зласлівец. Нейкі ананімшчык... Усё, што было і чаго не было, апісаў і падкінуў у райана. Але Вяртун не прападзе! — усхліпнуў Міхась Рыгоравіч,— Хоць цяпер у вочы людзям будзе брыдка зірнуць, столькі не палучу, колькі дагэтуль палучаў, лічы, свайму сыну падчыняцца буду... Дваццаць восьмы год у школе раблю, дваццаць адзін год быў завучам... Думаў не раз: вот пойдзе некалі Рагатка на пенсію — і я сяду на яго месца, буду дэпутатам сельсавета, членам парткома саўгаса... Вот табе сеў!
Читать дальше