Павел, як палажыў сына, адышоў убок, цёця Галя выцерла малое, надта са стараннем выцірала шыю, пад пашкамі і між пог, пасля адзела на яго кашульку, шапачку, загарнула яго ў полкі. Ларыса стаяла паблізу і з увагаю на ўсё пазірала.
— Пасля купання, дзеці, старайцеся яго і не астудзіць, і не перагрэць. Астудзіце — катар, кашаль, цьфу-цьфу, будзе, перагрэеце — патніца пойдзе,— сказала цёця Галя.— Цяпер пакарміце яго — і яно будзе спаць... Выносьце, Паўлік, ваду, а я за гэтую пару вашай Ларысе яшчэ сам-насам тое-сёе скажу. Як кабета кабеце...
— Дзякуем, цёця Галя,— усміхнуўся Павел.— Каб не вы, дык што б мы толькі рабілі?!
— І самі зрабілі б усё, дзе дзеліся б...— усміхнулася яна.— І адны жывучы, будзеце ўсё самі рабіць. А потым, як пажывяце, дык будзеце і другіх вучыць. Хоць вам цяпер, дзеці, будзе новы дзень не падобны, усё будзе нешта новае. Можа, не раз і цяжка будзе. Дык не адчайвайцеся надта...
Ужо ўвечары, калі павячэралі самі, калі Павел з замілаваннем паглядзеў, як павячэраў іхні сын, леглі спаць, Ларыса разгаварылася.
— Як толькі ты мяне прывёз на гэткай шляхетнай брычцы, збыў са сваіх рук, так сказаць, надзела я бальнічны халат, дык і пачалі біць мяне дрыжыкі... Пабыла з хвіліну ў палаце — і хоць бі акно ды ўцякай праз яго і пехма бяжы дамоў. Я толькі прыехала, а там ужо ляжалі і пажылыя кабеты, і маладыя. І па два, і па тры дні. Ды як «ляжалі»!.. Каторым яшчэ не скора да родаў, дык тыя ляжалі спакойна, хадзілі, гулялі, чыталі, а каторым падыходзіла пара радзіць, дык тыя...— Ларыса сціснула свае скроні далонямі.— Страх успомніць! Што яны толькі не рабілі: крычалі, лямантавалі, клялі мужоў, урачоў, прасілі смерці. Зашыюся з галавою пад коўдру, усё роўна чую лямант, выцікну — гляджу: то пад ложак каторая палезла, то ложак на сабе падымае... А нянькі зусім не зважаюць, смяюцца: «Крычы, крычы, колькі табе ўлезе, праз пару год зноў сюды прыедзеш!» Пасля, пазнаёміўшыся крыху з усімі, бачу: тая даярка, тая свінарка, тая касірка — думаю: ну, я ўсё ж настаўніца, дык не буду гэтак нервавацца, пакажу, як трэба сябе паводзіць. Як ні будзе балець, але не буду гэтак лямантаваць. Аж, калі прыціснула перад родамі, дык і н ўсякую павагу да сябе страціла, як я толькі не крычала, што не гаварыла... Цяпер брыдка і ўспамінаць... Адзін бог ведае, як я толькі выцерпела... Праўда, як ноччу крышку прыснула, сніцца мне сон: падыходзіць да мяне стары сівы дзядок і дае мне лустачку хлеба. Расказала раніцай бабам пра гэты сон, дык амаль у голас кажуць: першая з палаты родзіш. І сына. І, праўда, скора мяне забралі, і першая радзіла. Пасля родаў ляжу, нібы вяртаюся на гэты свет і думаю сабе: «Усё, не будзе ў нас больш дзяцей, хопіць аднаго». Праўда, бабы, што раджалі ўжо трэцяе ці чацвёртае, пасля смяяліся з мяне, казалі, што ўсё гэта забываецца... Не, я гэтага век не забуду. Хопіць нам аднаго Віцькі... Будзем абое старацца добра рабіць у школе, чытаць будзем, у горад у тэатр ездзіць... Я не вытрываю ўсяго гэтага ў другі раз...
«А я тыдзень назад жартаваў: пісаў Ларысе запіскі, пісаў, што будзе ў нас чацвёра дзяцей — два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Якія недарэчныя былі тыя мае жарты. Не дзіва, што Ларыса на іх ніяк не адказвала...»
— Як радзіла, дык зусім здалася, датрывала толькі на вочы зірнуць, якое ж гэтае дзіця. Ці хоць нармальнае, бо чаго толькі ў палаце пра маленькіх дзяцей не паслухалася... А яно, як толькі заявілася на свет, як закрычыць!.. «Шаляпін будзе»,— жартуюць урачы... Мне цэлыя суткі пасля гэты галасок у вушах стаяў. Пасля ўжо ў пасляродавай палаце, ляжу і чую: маё дзіця крычыць, плача... Клічу сястру, прашу: схадзіце, паглядзіце, цёця, зірніце, далібог, маё дзіця плача... Пайшла яна, паглядзела, вяртаецца і кажа: і, праўда, маладзічка, тваё азвалася... Потым, як прынеслі першы раз карміць, я распавіла яго, агледзела. Радуюся: дзякуй богу, усё добранька... А як дала яму грудзі, як ён з прагаю ўхапіўся смактаць, нешта мне гэтак і заліло сэрца: мой сын, маё дзіця. І такое яно мне стала родненькае... Здаецца, яго ўжо мацней люблю, як цябе... Ужо за адно, што яно ж такое маленькае, бездапаможнае...
Павел слухаў яе з увагай, са здзіўленнем, але апошняе прызнанне даслухаў нібы з крыўдаю. А можа, і не з крыўдаю, можа, толькі з маладой, яшчэ хлапцоўскай, рэўнасцю. І з трывогаю адчуў: цяпер шмат што будзе мяняцца ў яго думках, характары...
— Зірні, Паўлік, і паслухай,— папрасіла Ларыса.— Хоць бы ён абазваўся, а то зусім не чуваць...
Ён паслухаў, з ахвотаю злез з пасцелі, нагнуўся над каляскаю — і пры жаўтаватым няяркім святле начніка ўбачыў, што іхні сын ляжыць з заплюшчанымі вачыма, насупіўшы ледзь значныя броўкі. Павел нагнуўся, прыклаў вуха ледзь не да самага носіка — пачулася ледзь чутнае дыханне...
Читать дальше