— А бог яго ведае, дзеткі, я ніколі гэтага воднага градусніка не мела,— са шчырасцю адказала цёця Галя, ужо супакоілася і ўвайшла ў іхнія клопаты,— Вось як глядзела ваду...— яна закасала рукаво кофты вышэй локця, апусціла локаць у ваду і хуценька выхапіла.— Калі пячэ ў локаць, дык яшчэ не пара купаць. Калі не горача, дык можна. І жар век без градусніка мерала: прыкладу губы да лба, да скроняў — калі яны гарачыя, дык ёсць жар, калі толькі цёпленькія, няма ніякага жару...
— Прачнуўся! — усклікнуў Павел, як падышоў і ўбачыў, што дзіця расплюшчыла вочы, прыжмурылася ад святла, здаецца, са здзіўленнем зірнула на яго, на свайго бацьку.— І пазірае!
— Дык няўжо ж,— усміхнулася цёця Галя,— скора і падміргваць, смяяцца пачне...
— А калі пачынаюць дзеці смяяцца? — запытаў Павел, убачыў, што не толькі госця, але і Ларыса пасміхаецца з яго, як з малога.
— Як у сне, дык на трэцім тыдні, а не ў сне, дык на другім месяцы,— адказала цёця Галя.
— А калі сядзець пачне? — не выцерпеў, зноў запытаў Павел.
— У месяцаў шэсць і пачне сядзець, а ў месяцаў сем-восем на ногі станавіцца... Ох вы, мой бацька! — усміхнулася цёця Галя, абняла яго за плячо.— Нічога вы яшчэ не ведаеце, вы яшчэ самі такія маладзенькія... Але не зважайце, як гаварылі нашы дзяды, не наракай, калі рана ўстанеш і рана ажэнішся.
Цёця Галя пагрэла аб грубку рукі, зноў памацала локцем ваду ў вапначцы і падышла да малога, разгарнула на ім коўдрачку, пасля коц — малы застаўся толькі ў цесна спавітых полках.
— Вот не ведаю, маладзічка, што табе гаварылі ў бальніцы пра гэтыя полкі, а я, баба старая, не знаю, што сказаць,— прамовіла цёця Галя, беручы дзіця адной далонню пад спінку і ногі, другую падклала пад шыю і плечыкі.— Некалі мы ногі спавівалі, нават звязвалі стужкай, а цяпер дачка мая, што жыве ў Ленінградзе, не спавівае. Кажа, калі ўдадуцца ногі добрыя, дык і будуць добрыя. А вот дзіця часта плача, што не можа паварушыцца... Так што тут я вам нічога не параю, глядзіце самі...
Госця разгарнула полкі — і Павел, стоячы збоку, упершыню ўбачыў сына голенькага — таўставатыя ў сцёгнах ножкі, пальчыкі якіх былі вельмі дробненькія, так што ён адразу аж разгубіўся: іх пяць ці нават болей? Аж палічыў: пяць. Жывот, на якім яшчэ крышку выпхнуты ўверх пупік быў з рудаватаю скуркаю, як і ногі ды твар, быў чырванаваты. Было яшчэ адно, што вельмі здзівіла Паўла: гэта тонкая шыйка і, здаецца, велікаватая галава. Але ён не толькі пасаромеўся, але і збаяўся запытаць: няўжо заўсёды будзе такая галава? Вялікая і крышку на патыліцы пляскатая... Не мог запытаць: гэта было яго дзіця...
— Дзякую богу, усё добранька...— сказала цёця Галя, зняла з малога маленькую беленькую кашульку, тут жа загарнула яго ў полку.— Але вы, мае дзеці, нікому не старайцеся паказваць яго голенькага, бо ўсякія вочы бываюць... Адзін паглядзіць — і нічога, добра ўсё, а другі — дык дзіця потым плача і плача... Але ж да вас цяпер у адведкі будуць хадзіць, хочаце вы ці не хочаце, а будзеце ўсім гэтую малютку паказваць, дык, Ларыска, прышпіліце да кашулькі шпілечку і сабе да халата прышпіліце... Яшчэ мая бабка казала, што гэта надта ад благіх вачэй памагае... Ё-ё-ё! — госця пацмокала малому і панесла яго да ванначкі, зноў памацала ваду локцем.— Падліце, Паўлік, крыху гарачапькай, трэба, каб нашаму маленькаму цёпленька было. Размяшайце, размяшайце. Во-во-во! — яна апусціла дзіця ў ваду, па полку, што патапілася.— Падтрымаем, каб у вушкі не зацякло...
Дзіця, як толькі яго апусцілі ў ваду, нібы ўстрапянулася, часта заміргала, а пасля пусціла ўверх тоненькі струменьчык.
— Ну і свавольнік! — шчыра засмяяўся Павел.
— Пачакайце, пачакайце, скора ён вам не гэта будзе выштукоўваць! — засмяялася цёця Галя.— Але вы, Паўлік, палівайце, палівайце, трэба не астудзіць яго. А вы, Ларыска, не нагінайцеся, не хапайцеся за ўсё: вам з тыдняў два трэба шанавацца. Хай і полачкі гэты час Павел Мікалаевіч мые... Вы, Ларыска, пагрэйце ля грубкі кашульку, полачкі, прасцірадла, ручнічок... Нагрэлі ручнік? Бярыце, Павел Мікалаевіч, ручнік, як толькі я прыпадыму, то вы яго адразу і абгортвайце. Толькі без ветру...
Цёця Галя абсунула з малога мокрыя полкі, прыпадняла над ванначкаю — Павел абгарнуў малое цёплым ручніком і панёс да ложка.
— Які ён маленькі і лёгенькі! — здзівіўся ёй.— Што толькі з яго калі будзе?
— А і не агледзіцеся, дзеці мае, як хадзіць пачне, гаварыць, а там і ў школу пойдзе: цяпер у нас жыццё скора пойдзе...— і суцешыла, і паразважала цёця Галя.— Надта ж скора ў жанатых маладосць праходзіць, дзеці, унукі скора растуць... І не агледзішся, калі пастарэеш...
Читать дальше