Васілец тады пасміхаўся, і, відаць, думаў іначай.
«Дзівак чалавек, дзівак... Адкуль толькі такія бяруцца? Але навучыцца: жыццё ўсіх вучыць... Хочаш таго ці не хочаш. Я даўно гэта ўсек. Таму вось нешта і маю...»
— Ну як, Лілія Іосіфаўна, добра ехаць? — Сліж азірнуўся і спытаў у настаўніцы: тая захінулася ў вясёнку і маўчала. Была сумная. Яна век вясёлай не бывае. Задумлівая і задумлівая.
— Добра,— усміхнулася Лілія Іосіфаўна.— Лепш жа, чым у аўтобусе.
— То-та, жызня мая,— весела падміргнуў ён ёй.— Гэта ўжо свой конь. Запрог — і паехаў, куды душа зажадае. Пасадзіў якую маладзічку — і ў які лясок... — Ён захіхікаў, не зводзячы позірку з дзяўчыны.
Тая гэтаксама, толькі не так смела, усміхнулася, густа зачырванелася. Аж здаецца, пачырванелі яе акуляры з пазалочанымі дужкамі.
«Глядзі якая сарамлівая!.. Як ёй шаснаццаць гадоў усяго. Нябось хутка ўжо трыццаць будзе... Але нікому не трэба і са сваёй сарамлівасцю, і са сваім розумам. Яе і я ні за якія грошы не ўзяў бы!»
— З'едзь, Пятро, на тую дарогу,— Сліж зноў павярнуўся і зірнуў на шашу, кіўнуў на тупкую лясную дарогу, што паварочвалася ўправа — у Галінавічы.
Пеця суцішыў язду, звярнуў управа — і колы машыны зашыпелі, з хрумстам ломячы тонкі лядок на лужынах.
І прыпыніўся каля хвойкі: ніжнія лапы яе — аж у Сліжа прабегла па целе дрыготка — зашаргацелі па версе кабіны.
— Перакусім крыху,— сказаў ён, крутнуў ля сябе зашчапку, адкінуў вечка, дастаў з выемкі ў машыне вялізны зялёны, з белымі кветачкамі тэрмас.— Ды і з Ліліяй Іосіфаўнай за машыну, так сказаць... Відаць, таксама ўжо натапталі грошай у панчоху на такія вось калёсы? Столькі год працуеце, ды адна адною...
Ён азірнуўся, усміхаючыся, моўчкі па міг затрымаў па ёй смелы позірк, зусім яе збянтэжыў. Не дамчаўшыся адказу, адкруціў галоўку тэрмаса, дастаў вялікі корак з тэрмаса. З яго смачна і цёпла дыхнула пара. Узяў з сумкі шклянку — яе прыхапіў у горадзе з аўтамата «Сокі — воды», набулькаў кавы.
— Прашу,— ён падаў шклянку Ліліі Іосіфаўне.— Вы ўсё ж, жызня мая, першы мой пасажыр!
— Што вы, што вы, Уладзімір Пятровіч! — тая аж закрыла твар невялікімі рукамі з доўгімі тонкімі пальцамі. Нa іх было аж чатыры пярсцёнкі з аметыстам, рубінам.— Дзякую, я не галодная.
— Пагрэйцеся, жызня мая,— падахвоціў Сліж.— «Хуткая» на месцы, скора дамчым у бальніцу, калі ў вас сэрца слабое на каву... ён амаль усунуў у рукі разгубленай дзяўчыны гарачую шклянку, дастаў з сумкі кольца кракаўскай кілбасы, адламаў ад яе ладны кавалак, гэтаксама падаў.
— Ну, смялей!
Лілія Іосіфаўна выцягнула тонкія вусны, заплюшчыла вочы і глынула маленечкі глыток гарачай кавы, а пасля раптоўна закашлялася, што кава пацякла ў яе па барадзе, трапіла на грудзіну вясенкі. Адкашляўшыся, засаромелася, не ўзяла кілбасы, выхапіла з сумачкі хустачку і пачала выцірацца. Выцерла і прыпацелыя акуляры.
Сліж зарагатаў: яна піла і не ведала, што ён даліў у каву шмат каньяку. Паклаў ля яе на сядзенні кілбасу, кавалак хлеба. Наліў шклянку кавы сабе, выпіў, адламаў паўкольца кілбасы і смачна зачвякаў.
— Эх, Лілія Іосіфаўна! — пасміхаўся ён.— Вучыцца вам яшчэ трэба ды вучыцца жыць...
— Я яе не ведала, што вы... Я думала: толькі кава... — апраўдвалася тая, гэтаксама ела — кусала хлеб і кілбасу маленечкімі кавалачкамі. Каб не затлусціць рукі, кілбасу абгарнула ў паперу.— А вучыцца трэба гледзячы чаму... Чаму трэба, а чаму і не варта...
— Я гавару пра прэлясці жызні... — усміхнуўся Сліж,— Вось як жыве, скажам, Таццяна Сяргееўна... Яна ўсё ўмее...
— А я не хачу, як Таццяна Сяргееўна,— адказала Лілія Іосіфаўна.
— Канечне, як хто можа,— сказаў Сліж і кіўнуў Пецю ехаць.
Неўзабаве, праз кіламетраў дзесяць ад горада, стромкая шаша скончылася, яшчэ праз вярсту скончылася і цвёрдая пясчаная насыпка. Перад імі паўсталі дарожныя знакі, кучы ссыпанага з самазвалаў жаўтаватага пяску — і ім прыйшлося павярнуць улева, па старую, віхлястую дарогу.
Тут Пеця паехаў зусім ціха: на дарозе, што ляжала то роўна, то раптоўна віляла ўлева, управа, былі глыбокія паразбіваныя каляіны, незамёрзлыя луяшны вады — і «Жыгулі», што ў Сліжа аж забалела сэрца, адразу ж некалькі разоў цярнуліся нізам аб зямлю.
— І яшчэ цішэй едзь, братка,— папрасіў Сліж,— зусім жа новая машына... Вялікія ж грошы заплаціў...
Калі выехалі з сямёнавіцкага лесу і апынуліся перад міланьскім полем, перад імі развінуліся дзве кепскія дарогі: адна з іх вяла ў Міланскі, другая — у Вішнёўку. Сліж махнуў Пецю рукою ехаць на Міланькі.
Читать дальше