— Вы едзьце дадому, Уладзімір Пятровіч,— прамовіла Лілія Іосіфаўна,— а я пайду сваімі нагамі. Нашто вам такі круг даваць? І так дзякую шчыра, што з такім камфортам давезлі.
— Ну што вы, Лілія Іосіфаўна, мы ж мужчыны, інцелігентныя людзі... — усміхнуўся Сліж, а сам сабе падумаў: «Ты, канечне, мілая, магла б і пяшочкам праскочыцца, але хай усе міланьцы, аграном ды інжынер, сам Іван Сямёнавіч паглядзяць, на чым еду! Хай пазайздросцяць Сліжу!»
У Міланьках, дзе дарога была амаль зусім няездкая, дзе ім прыйшлося ехаць амаль ля самых платоў, Сліж апусціў шкло, вызіраў праз акенца і, узнімаючы руку, вітаўся з сустрэчнымі людзьмі. Яны ўсміхаліся, азіраліся, доўга глядзелі ўслед.
«Вось так! — цешыўся ён,— Глядзіце, ведайце, які Сліж! Гэта вам не Вяртун! І не Васілец! Сліж!»
На ўзгорку, за мастком, Лілія Іосіфаўна зноў падзякавала, выйшла і, не азіраючыся, падалася да сваёй кватэры, а яны пад'ехалі да школы, дзе цяпер вучылася другая змена. Але ля школы не было ні дзяцей, ні настаўнікаў, ні тэхнічак.
— Ну, блісні, пакажы, як свеціць,— прамовіў Сліж крыху з расчараваннем.
Пеця ўключыў вялікія фары — і ў вячэрняй ранняй шэрані не вельмі далёка, жаўцеючы і паблізу прападаючы, лёг яшчэ не густы, не зусім яркі прамень святла, і ад яго заблішчаў, зажаўцеўся школьны плот.
— Ну, нічаво, жызня мая,— задаволіўся Сліж, пагадаў: пі прыпыніць машыну ды зайсці ў школу, ці не трэба?.. Пасля падумаў, што не варта спыняцца: у школе цяпер будуць толькі Міхаіл Апанасавіч ды маладая настаўніца, дык не варта дзеля іх траціць час. Лічы, дарэмна паехаў сюдою. Павярнуўся да Пеці:— Прызнайся: летась меў што з Ліліяй нашай ці не меў? Падскакаў жа...
Пеця з сорамам усміхнуўся, заківаў галавою: што вы! Канечне, не!
— І я, братка, і за вялікае золата яе не браў бы,— сказаў Сліж.— Разумная, сардэчная, але... Не тое, да чаго наша, мужчынскае, вока ліпне. А цяпер старэць во пачала, дык зусім... Нам бы прыгожанькіх ды з перцам, як Таццяна Сяргееўна ці Мая Сцяпанаўна! З такімі красунямі і ты ад сваёй Ірыны Васільеўны, мусіць, уцёк бы хоць і на бязлюдны востраў?
Пеця яшчэ з большым сорамам усміхнуўся.
— Здрадзіш некалі...— са шчаслівым патаемным цмоканнем сказаў Сліж.— Кожны мужчына павінен праз гэта прайсці: кожнага мужчыну спакушае пагладзіць па плячы чужую кабету... Павер мне, ужо не першы год жанатаму... Ды як вытрымаеш, калі працуеш, лічы, з аднымі жанчынамі?! Адны красуні збоку, ды ўсе маладыя, агнявыя!..
Пеця толькі ўсміхаўся.
Сліж гэтаксама замаўчаў, ведаў, што больш пра сябе расказваць не трэба. Ніколі не варта пра сябе шмат усякім людзям гаварыць. Таму моўчкі пазіраў, як праехалі непадалёку фермы, пасля ўехалі ў прысады — за імі за вярсту і была Вішнёўка. Падумаў толькі пра Таццяну Сяргееўну.
«Каторы ўжо год вярэдзіць яна маю душу... Прыгожая, вясёлая, мужчын любіць, але гэтакая капрызная... То прыхінецца, то раптоўна праганяе, злуецца, абзывае ўсякімі словамі. Вось і пазаўчора ў Васільца, калі выйшлі на двор асвяжыцца і калі ўлучыў хвіліну, прытуліў, дык локцем у пераносіцу смальнула...— ён аж памацаў тое месца, што ўсё яшчэ балела.— Але цяпер зладзім, быць не можа. Цяпер усе на мяне будуць пазіраць іначай...»
Як толькі скончыліся прысады, і яны выехалі на дарогу, што ляжала між пашы-сенажаці, убачылі знаёмага чалавека. Вертуна. Той, апусціўшы галаву, дыбаў з Вішнёўкі.
Калі ўбачыў машыну, прыпыніўся пасярод дарогі, падняў угору руку. Яны сталі.
«Усё ясна! — падумаў Сліж.— Наляцеў я на бяду ды на гора...»
— А гэта ты, мой лібэр! — па-блізарукаму плюшчачы невялікія вочкі, выгукнуў Вяртун, пасля падышоў і зірнуў У прачыненае акенца.— Машыну гоніш, агораную на «працоўны мазоль»?
— Машыну, Рыгоравіч, як бачыш,— наўмысна з лагодаю ўсміхнуўся Сліж.— Красуня? — спытаў, але з машыны не вылез. Думаў, што перакінецца словам-другім з вясёлым сёння Вертуном ды паедзе далей.
— Аллес фэрштэен, але нікс шпрэхен...— адказаў Вяртун, махнуў рукою.— Хоць знаю,— ён пстрыкнуў па капоце, а пасля грозна паківаў пальцам,— знаю, за што ты купіў гэтую «красуню». Аллес фэрштэен...
— За сваю і за жончыную зарплату, Рыгоравіч, за што ж яшчэ?..
— Вось іменна, майн лібэр, за жончыную... толькі не за зарплату, а за жончыныя шмелікі-келікі ў магазіне...
— Гэта ўжо нагаворы, Рыгоравіч,— усё яшчэ пасміхаўся Сліж, у душы хочучы піхнуць Вертуна, каб той паляцеў у канаву, ды нарэшце ад'ехацца,— Нядобра, Рыгоравіч. Я вас так шаную, а вы...
— А чаму мяне не шанаваць? — здзівіўся Вяртун.— Вяртун разумны, чэсны, справядлівы. Жыве толькі на сваю плату. Бо мы Вертуны...— ён стукнуў кулаком сабе па грудзіне, зморшчыўся, і па яго шчацэ пацякла буйная сляза.— Бо мы не хто-небудзь, а іменна Вертуны!.. Не Сліжы!
Читать дальше