І Сліж, і Ніна, канечне, абое ведалі, што цяпер будуць ужо доўга спявацца песні, што яшчэ не хутка Вяртун пойдзе адгэтуль. Ды сам ён, па сваёй ахвоце, бадай, ніколі не пойдзе... Будзе весяліцца але да раніцы, пакуль не ісці на работу... Было ж ужо не раз...
— Позна ўжо,— паднялася, пачала збіраць са стала Ніна пустыя талеркі.
Першы падхапіўся Пеця. Ён увесь вечар амаль не вымавіў і слова, сядзеў ды слухаў усіх, пасміхаўся. Ніна міргнула: ты, Пятро, яшчэ пасядзі, гэтыя словы не для цябе!
— Аллес фэрштэен,— устаў і Вяртун, захістаўся і зноў гопнуўся на канапу, што аж зазвінелі ў секцыі талеркі ды чаркі.— Я не малады ўжо, дарога шлехт — завязіце мяне дадому...
— Як жа мы вас павязём? — аж спалохалася Ніна.— Ноч, дарога кепская, машына неабкатаная... Не, я не дапушчу, каб машыну хоць з двара вывелі...
— Дык табе машына даражэй за чалавека?! — узлаваўся Вяртун.
— Гэтага чалавека ніхто сюды не прасіў...— агрызнулася Ніна, і Сліж адчуў: яна раззлавалася, цяпер можа гаварыць абы-што.
— Не падвязеш? — Вяртун зірнуў толькі на Сліжа. Сліж паціснуў плячыма: што я? Ніна не дазваляе.
— Не? Тады я сыходжу ад вас, і ніколі мая нага тут больш не ступіць... Але я ўспомню табе гэта, Сліжышча! Я табе і машыну, я табе і такую тваю школьную работу дам! Хітрун ты, нікчэмнішэн мэнш!
Вяртун падаўся з залы ў калідор, узяў паліто і выйшаў з кватэры. Грукнуў за сабою дзвярыма.
— Няхай ідзе! — сказала Ніна.— Ён не самы вялікі твой начальнік,— зірнула на Сліжа,— самы вялікі ў школе Рагатка... Рагатку падвезлі б, а ён, Вяртун, няхай і пяшком прамочыцца...
Пеця слухаў-слухаў, засаромеўся ды пайшоў у калідор.
— Пачакай, Пятро,— прыпыніла яго Ніна.— Хадзі тое-сёе пакажу.
Пеця пайшоў за імі ў спальню. Здаецца, здзівіўся: якая яна шыкоўная! На падлозе, на сцяне былі дываны, на драўляных ложках — каляровыя дарагія пакрывалы.
Ніна дастала з шафы пару пыжыкавых і бабровых шапак, кіпу мужчынскіх світэраў, зімовых мужчынскіх чаравікаў, жаночых ботаў, шапачак.
— Выбірай, што табе трэба,— усміхнулася яна.— Грошы заўтра аддасі. Канечне, з надбаўкаю... За фатыгу... Надбаўка — яблыкі, сыр ці мяса...
— Во,— успомніў Сліж,— Васілец прасіў у мяне, каб ты яму прывязла добрую вушанку.
— У мяне многа такіх Васільцоў...— махнула рукою Ніна.— Хто ён такі мне? Брат, сват? А ты выстранчай перад ім, каб ён яшчэ цябе на педсаветах носам тыцкаў...
— Праз год-другі, можа, дырэктарам будзе...— усміхнуўся Сліж. Крышку незалюбіў, што Ніна гэтак усё паказала Пецю.
— Вось праз год-два я яму і дам шапку,— сказала як адрэзала Ніна,— а цяпер во яму дам... Ды другому каму патрэбнаму...
...Уночы Сліж падхапіўся: яму здалося, што загула пад вокнамі машына. Падбег да акна, затуліў шчокі далонямі і з хваляваннем зірнуў на двор: машына, бялеючыся ў цемені, стаяла. Ён пастаяў крыху, паглядзеў, ці не ходзіць хто ля яго машыны, а потым, уздыхаючы, вярнуўся да свайго цёплага ложка...
Таццяна Сяргееўна вярталася дадому. З кіно. Побач ішоў Лёня — прыезджы журналіст. Прозвішча яго не ведала: пазнаёміліся нядаўна ў клубе.
— Як цёмна! — басавітым голасам сказаў Лёня, трымаючы яе пад руку.— Іду вось і нічога не бачу.
— Прывыклі хадзіць па асфальце, пры ліхтарах,— усміхнулася Таццяна Сяргееўна.— Я вось таксама гараджанка, таксама некалі шпацыравала і ўночы пры святле, але тут, у вёсцы, прывыкла ўжо і да цемнаты. Усё бачу.
Лёня ступіў у каляіну, спатыкнуўся. Яна ледзьве ўтрымала яго.
— Прабачце,— папрасіў,— цёмна...
«Культурны. Разумны і прыгожы. Словам, хлопец што трэба!»
Звярнулі са сцежкі, пайшлі пасярод вуліцы. У каляінах нібы паблісквала вада: і з заслоненага хмарамі неба падала скупое святло. Зрэдзь свіціліся далёкія зоркі. Мясцінамі выяснівалася разлітае пяшчотнае святло Млечнага Шляху.
— Апішаце гэтую ноч? — усміхнулася Таццяна Сяргееўна, адчуваючы, што ім становіцца цесна ісці разам па вузкім грудзе і яны ўсё часцей пачынаюць бліжэй прытульвацца адно да аднаго.
— Можа, і апішу...— усміхнуўся і Лёня, зноў прыхіліўся, нібы трымаючы, каб яна не абступілася ў каляіну. Яна не адхінулася, адчула: часцей забілася сэрца.— Хоць я прыехаў сюды пісаць не лірычныя творы, а нарыс пра маладых рабочых саўгаса... Пра нашых сучаснікаў, равеснікаў...
— А пра нас, грэшных, маладых настаўнікаў, успомніце? — з гарэзнасцю запытала яна.— Відаць, не. Ведама: мы не сеем, не жнём, наша праца не ў тонах ці пудах малака, мяса! Мы ўсяго толькі вучым дзетак, і наша работа надта не відаць...
Читать дальше