Дзядзька аднавокі анкету маю адсунуў, папку чырвоную з надпісам «Сусед» аднекуль з-пад сябе выкалупнуў і прамовіў радасна:
— Гэта вельмі добра, што Сусед ваш з трыццатага года нараджэння. На фронце, значыць, не быў...
— Не, не быў,— адказваю ўпэўнена, а сам пры гэтым вейкамі лып-лып здзіўленае раблю: пры чым тут Сусед мой, думаю.
— I ў паліцыі, відаць, таксама не служыў? — Тут дзядзька прыўскінуў над сталом сваё вока асляпляльнае, а на папцы чырвонай рашуча матузкі сінія распусціў.
— I ў паліцыі не служыў,— кажу спакойна, але ж лыпачы свае не магу спыніць. А пятамі схаванымі дык зусім жыватрус адчуваю. Бачу, што паміж мною і дзядзькам аднавокім гаворка лысая пачынаецца, згодаю непрычэсаная.
— Так , вы з мястэчка N палескага,— нібы сам з сабою гаворачы, разважліва прамармытаў дзядзька, заплюшчыў вока баявое, нешта, мабыць, успомніў вельмі значнае, напружыўся і тут жа падкінуў пытанейка далікатнае:
— А ўласаўцы ў мястэчку N стаялі?
— Не ведаю,— схлусіў я.
— Стаялі, і вы пра гэта знаеце, вам Сусед расказваў!
Я пачырванеў, як школьнік:
— Прабачце, забыўся... з галавы неяк выпала.
— Не хлусіце болей,— параіў дзядзька і зноў узяўся за сваю папку чырвоную з матузкамі сінімі.
— Не буду,— паабяцаў я.
— Расказвайце.
— Што расказваць?
— Ну, калі вы з мястэчка N палескага, то пра Суседа расказвайце...
— А-а...
— ... пра тое, як Сусед ваш да іх бегаў! Кароткае іх прагучала трыбунальна.
— Толькі адзін раз і прыбягаў! — запярэчыў я рашуча.
— Ведаю, што адзін,— суняў маё хваляванне дзядзька аднавокі,— але прыбягаў — чаму?
I тут зразумеў я прыгнечана, што за дзве капейкі ад дзядзькі цікаўнага не адчэпішся, таму, не думаючы доўга, выклаў адразу ўсе залатоўкі свае:
— Чаму? Папрасіць з пісталета стрэльнуць, вось чаму...
— Правільна, так і было,— пахваліў дзядзька,— і што ж, далі яму стрэльнуць?
— Далі.
— Куды страляў?
— У неба.
— Колькі разоў?
— Раз усяго...
— Усё супадае, усё так і было,— пачуў я нечаканае заключэнне,— сапраўды, страляў ён адзін раз з пісталета ТТ узору Трыццатага года, калібр 7,62 міліметры...
Дзядзька змоўк, спахмурнеў, схаваўся ў нейкія ўспаміны патаемныя.
А я падумаў пра Суседа свайго, таго колішняга хлопчыка трынаццацігадовага,— рызыканта вялікага. Была вайна, у полі і ў лесе стралялі, і яму таксама захацелася стрэльнуць, і ён не з'еў сваё сала пастушкоўскае, заплаціў ім за выстрал у неба.
Дзядзька прачнуўся:
— Дык вы разумееце, што гэта за пляма? Сусед ваш страляў з уласаўскага пісталета!
— Пісталет не ўласаўскі, а ТТ, Тульскі Токарава, вы ж самі сказалі,— пачаў я хітраваць.
— Пісталет варожы! — растлумачыў дзядзька.— I за адзіны стрэл з яго ваш Сусед свядома прынёс уласаўцам сала. Так?
— Прынёс,— уздыхнуў я, і ў пакоі светлым яшчэ больш пасвятлела.
— Дык выходзіць, што ён карміў чужую армію разбойную!
Ехаць за мяжу мне расхацелася, і з усіх думак блытаных адна ясная выплыла, чыста экстрэмісцкая: зараз падымуся і смальну гэтаму гарбылю аднавокаму ў вуха парасячае.
Дзядзька ж авіраўскі далей мудра пракурорстваваў:
—... і маючы такога Суседа вы за граніцу збіраецеся?
Тут мой экстрэмізм падпольны абачліва саступіў сцежку класіцы выратавальнай. Класіка выйшла крыху зыначаная, пад сітуацыю падагнаная.
— Сусед за суседа не атвечает! — крыкнуў я на ўвесь гэты пакой светлы.
Мне пашанцавала.
Добра, што крыкнуў я моцна, голасу не пашкадаваў.
Мяне пачуў сам Кастўсь Усцінавіч. Той самы, што на карціне шырокай. Ён заклапочана згарнуў у трубку газету «Правда» і сцёбнуў ёю па патыліцы авіраўца аднавокага. Сцёбнуў і астматычна выдыхнуў:
— Не забывайце, таварыш, гэты афарызм гуманны!
— А я й не забываю,— сцяўся дзядзька пакараны. Ён крутануўся тварам да правадыра.
О, метамарфоза нечаканая! Дзядзька ўжо апраўдвацца мусіў:
— Вы не падумайце, Кастусь Усцінавіч, што я да Суседа нашага таварыша маладога нешта падазронае маю. Зусім не. Я ж разумею, што Суседу ягонаму было тады толькі гадкоў трынаццаць. Я разумею, што ён у небе страляў. Няхай з пісталета варожага, але ж у неба. Праўда, сала нашае ворагу аддаў.
— Сала шкада,— згадзіўся Кастусь Усцінавіч.
— Але гэта нічога,— ажывіўся дзядзька,— бо ўсё пасляваеннае жыццё Суседа прайшло па нашых, па савецкіх законах. Зараз ён шостым сакратаром аднаго гаркома палескага працуе. А пра яго, нашага таварыша маладога (дзядзька аднавокі на мяне паказаў), далажу вам, Кастусь Усцінавіч, толькі самае добрае. Сумленны, правераны малады чалавек, анкету чыстую мае. Бацькі ў яго цудоўныя. Можна смела пускаць. А пра Суседа ягонага я так... для памяці спытаў. Стрэл гэты ў анкету не ўпішаш, а забываць не варта.
Читать дальше