* * *
Сон залаты не менее ў цане —
Трывалая, на ўсе часы валюта!
I ты мяне вяртаеш да м я н е
Той сонна-тэлефоннаю пакутай.
Да нашых слоў падстройваецца гук —
Расколінка гітарная такая,
Нібыта задаволены павук
На струны нітку слізкую пускае.
Нас падслухоўвае маленькі чалавек
Не гогалеўскай, а савецкай косці,
I круціцца ў ягонай галаве
Вужака непрыручаная злосці.
3 падпольных, невядомых нам планід —
Ен існуе і разам з тым няісны.
Навушнікаў казённы эбаніт,
Як абцугі, душу яму заціснуў...
I ўсё ж, і ўсё ж — ён дзядзька неблагі,
Я ўпэўнены, ён слёзы выцірае,
Калі ты прамаўляеш: «Дарагі...»,
Калі я прамаўляю: «Дарагая...»
Калі знаходзім пачуццё адно
I нітку залатую, што не рвецца,
То мы — не тут, мы ў Грэцыі даўно,
А ён, бядак, у Мінску застаецца.
* * *
Я зведаў найкароткае спатканне
На строме еўрапейскага крыла,
Калі раса мядовага змяркання
На гіяцынты белыя лягла.
I час не знаў — стаяць яму ці бегчы,
Адной табой захоплены, калі
Усё мянялася і нам на плечы
Пакуты салаўіныя ляглі.
I да цябе — на голас далікатны
Цякла артэрыяльная Гарынь,
I зноў мяне вандроўнае бельканта
Вяло ў Афіны праз вучнёўскі Рым...
Еўропа любая, з якой прычыны
Твая Атлантыка каралі рве, —
Сукенку звонкую маёй жанчыны
Да самай раніцы не аддае!
I я прымушаны, як пакаранне,
Вучыць паэзію чужых магіл.
Смерць блізка дыхае, і ў тым дыханні
Гарынь праваліцца ў драпежны Ніл.
Еўропа мілая, я плачу, плачу,
Сініцу трацячы і жураўля;
Шчаслівы, што нічога не зыначу
У кветках Вольгі, красках Васіля.
8 жніўня — 19 снежня 199 1
* * *
Калі агонь у горле ці ангіна, —
Тады спакой ірвецца напалам
I кволяцца вербена і вяргіня
За ганкам — тут і за адрынай — там.
Ты хочаш плакаць, але ты жанчына,
Якую Бог пазбавіў горкіх слёз,
І не для слёз прыдумана ангіна,
А на ўспамін пра снег і пра мароз.
Дай мне сваю царкоўную сцяблінку —
Не лекі ёй памогуць і не мёд,
А толькі пацалункі безупынку,
Што бачаць сны пра твой крынічны рот.
Расказваць пацалункамі гатовы
Табе да раніцы пра хараство,
Бо пацалункі — гэта тыя словы,
Дзе літары складаюцца ў святло.
Не плач, не плач... На дно пабітых шклянак
Няхай глядзіць заплаканы Эол,
Лепш у мяне спытайся ты пра ганак
I пра адрыну з клопатам наўкол.
Я хваляй задушуся небяспечнай,
Глыну блакіт з вярбовае кары
I раскажу пра ціхае мястэчка
3 царквою, што згарэла на гары.
* * *
О, Vita!.. На сардэчныя скрыжалі
Запішацца і гэты покліч мой, —
Так некалі паэты называлі
Наіўны свой далагерны настрой.
I я настроем гэтым жа сагрэты...
Яшчэ сваёй не чуючы бяды,
У поклічы, у родным слове гэтым
Я чую вас, паўночныя ільды.
Я ведаю жыццё сваіх паэтаў
I не хачу іх вопыт пераймаць, —
Гучала Vita, і гучала Credo,
Аddio не паспела прагучаць.
Ад будучых і гэтых уснамінаў,
Каб быў спакой падобны на спакой,
Абарані мяне, мая жанчына,
Чаканай залацінкаю: «Ты мой...»
Каб я, да слова кожнага ласкавы,
Ласкавым заставаўся назаўжды.
Забыўшы пра вялікую дзяржаву
Пра вас таксама, вечныя ільды.
* * *
Калі званілі ў Кафедральным,
Спыніля Свіслач на хаду
У нейкім одуме астральным
Сваю зялёную ваду...
3 маёй майстэрні вечаровай,
3 кансерваторскага двара
Па беднай вуліцы Гандлёвай
Пайшла пяшчотная сястра.
У радасці свае парадкі,
Свае крыжы, свае вянцы —
Такія светлыя пачаткі
I вельмі сумныя канцы.
Я гэтай радасці не кіну
I, мусіць, ад таго памру,
Што аддаю сваю жанчыну
Кансерваторскаму двару.
У надакучлівыя оды
Я патанаю з галавой,
Мне застаецца тонкі водар
Яе сукенкі лугавой.
I застаецца мне прастора,
I супакойваюся зноў,
Што пад аховаю сабора
Яна вяртаецца дамоў.
Читать дальше