Перад нядобрым сном прыходзяць благія ўспаміны.
Я ўспамінаю знаёмых жанчын, увесь жыццёвы талент якіх заснаваны на біялагічным уменні базарны голас ператвараць у канцылярскія струны.
Які я шчаслівы, што развучыўся разумець гэтыя струны!
Я ўспамінаю і тых жанчын, якіх некалі пакрыўдзіў — пакрыўдзіў незнарок, жадаючы займець ад іх толькі імгненную радасць. Гэта былі добрыя непрыгожыя жанчыны з вачыма, затуманенымі трамвайнай адзінотаю. Свае доўгія вечары яны асвятлялі іскрамі Юноны. Змучаныя бясконцай свабодай, яны не жадалі па малым каменьчыку здабываць маю ўвагу, а прагнулі адразу завалодаць ёю, і завалодаць назаўсёды, як магільным каменем. Я пратэставаў, таму час нашых спатканняў вымяраўся не апошнім, а першым глытком віна і не поўным вітаннем «добры вечар», а толькі пачатковым складам гэтага вітання «до...». Я прыносіў з сабою пясочны гадзіннік з адною пясчынкаю, і яе асвятляла не свечка, а толькі запалка, якую мае засмучаныя нецярплівіцы так і не паспявалі паднесці да канаплянага кнота.
Не ведаю, што яны мне ў думках жадалі, але калі праводзілі да парога — іхнія вусны былі сціснутыя, як начныя пялёсткі.
Так, з гэтымі жанчынамі быў я непамяркоўны, магчыма, нават жорсткі, але каб цынічны — ніколі. Я крыўдзіў іх з самага пачатку нашых адносін і рабіў гэта дзеля таго, каб, крый божа, не ўчыніць большае бяды — нейкую з іх крыўдзіць пасля ўсё жыццё. Пакінуўшы іх назаўсёды, я зразумеў, што нічога ў маім лёсе не зменіцца без маёй згоды, што я маю сілу ўжо сёння адчуць свой будучы поспех і што пустая ваза за маёй спінай (варта толькі азірнуцца!) адразу ж напоўніцца ранішнімі кветкамі, якія дыхаюць акропальскай яснасцю — хараством А.
Перад нядобрым сном успамінаю і сваю нядаўнюю непамыснасць.
З вежы Эйфеля ў падзорную трубу я ўбачыў могілкі Пасі. Унізе ляжала сумная Сена, над ёю ўзвышалася падкова палаца Шайо, далей праглядвалася плошча Тракадэро, злева ад якой і былі могілкі. Яны знаходзіліся ад вежы на значнай такі адлегласці, з ракі наплываў на іх лёгкі туман, і падзорная труба дапамагала разгледзець толькі іхні агульны выгляд. I я не так бачыў, як здагадваўся пра крыжы, пра каменныя пліты і ажурныя агароджы. I ўсё ж, паўглядаўшыся, заўважыў там нейкі засяроджаны рух. Здалося, сышліся людзі і пачалі капаць. Усё мне хацелася паглядзець у Парыжы, але толькі не працу далакопаў. Аднак жа ўзнікла прыкрае жаданне — у цэнтры Парыжа зірнуць у свежую магілу. Памятаю сваё дзіцячае ўражанне — я, дзесяцігадовы, гляджу туды, уніз... Магілы ў Давыд-Гарадку капалі глыбокія, больш за два метры. Дбайна падразалі карані, не пакідалі ні смяцінкі. На дне акуратна ўтрамбоўвалі пясок, і ён свяціўся велікоднай жаўцізною. Ледзьве не пад шнур выроўнівалі сцены, выстругвалі з іх усё да апошняга камячка. Шурпатасці, калі замінала рыдлёўка, загладжвалі рукамі. Я глядзеў у давыд-гарадоцкую магілу, нібыта ў пусты расчынены куфар.
У Мінску ж, на Паўночных могілках, выкапаная магіла мала чым адрозніваецца ад авіяваронкі.
Няўжо й тут гэтак?
Лёгкі туман развеяўся, і могілкі Пасі, як жывыя, наблізіліся да мяне ўсім сваім музейным хараством. У тым кутку, дзе павінны былі працаваць далакопы, я нікога не ўбачыў. Усё мне прымроілася, і разам з туманам развеялася мая прыкрая спакуса, паглядзець на дно парыжскай магілы.
Дык вось, няўбачанае дно парыжскай магілы — апошняе, што мне ўспомнілася перад нядобрым сном...
У Давыд-Гарадку гараць хаты. Каля Жалезнага Стаўба сустракаю Надзечку — сваю цётку, стрыечную сястру маці, — набожную, немаладую ўжо кабету, а ў гэтым жахлівым сне дык зусім старэнькую, як біблейская забытасць. Надзечкай яе завуць за маленькі рост. Яна ў валёнках, у абсыпаным попелам плюшавым саку, у чорнай, насунутай на вочы хустцы.
— Гэто ты, Лёнічок?
— Я, цёточко.
— У мяне хата згорэла.
— Нішчасце яке, цёточко!
Надзечка падступае да мяне бліжэй і пытае з нейкім крыўдлівым спадзяваннем:
— А ці можна ў Амэрыку поехаць, Лёнічок? Тут жа ж няма як жыць...
Я суцяшаю цётку, кажу ёй самыя добрыя словы, якія толькі знаю, і іду далей па спаленым гарадку. Каля бацькавай хаты з усіх бакоў мяне абступаюць чыста паголеныя твары. Я не ведаю, што з бацькавай хатай — яе не відаць, яна за непраглядным полагам дыму. Але я ведаю, што чыста паголеныя твары — гэта падпальшчыкі. Адзін з іх чамусьці ў канцэртным фраку і з букецікам ясных аксамітак у аранжавай бутаньерцы. Падпальшчыкі вядуць мяне на Альшанскую вуліцу да хаты бабы Просі, што стаіць напроці Савічыкавага магазіна — вядуць туды, дзе я нарадзіўся. Той, што ў канцэртным фраку, паказваючы на бабіну хату.з'агадвае: «Спалі яе!» Але я не слухаю. Ен паўтарае загад. Я каменна застываю, і маё непаслушэнства ратуе мяне. Яно прымушае падпальшчыкаў адступіць. Тут жа, на Альшанскай вуліцы, бачу А., і мы разам вяртаемся ў парыжскі гасцінічны спакой, і сваімі ранішнімі валасамі, як гіяцынтамі, А. закрывае мой гарачы твар...
Читать дальше