Але пабыць аднаму так і не давялося.
У скверык зайшоў лысы, барадаты бадзяга з цэлафанавай сумкай апельсінавага колеру. Каля нысокага манастырскага падмурка ў дальнім кутку скверыка ён па-лёгкаму абтуалеціўся, руку з сумкаю засцерагальна адвёўшы ўбок. Нешта гліняна-скульптурнае, працятае скразняком няўтульнай студыі, з'явілася ў яго напружанай паставе. Адышоўшы ад святое сцяны, ён прылёг на лаўцы, абачліва падмасціўшы пад галаву сваю каляровую торбу. Цэлафан затрашчаў, як сухое ламачча. Адкашляўшыся, бадзяга заснуў.
Шчаслівае воблака яго сну апавядальна праплыло нада мною...
Магчыма, ужо заўтра ён займее новы касцюм і неблагі пакой у цёплай гасцініцы, дзе па вечарах «Берагамі Роны» будзе запіваць сыр-канталь. А самае верагоднае дык, пэўна ж, тое, што яго сезанаўская лысіна хутка знікне пад густымі каштанавымі валасамі, ашчадна перанесенымі з барады на галаву. Шчаслівае воблака дало зразумець, што заўтра ў лысага бадзягі з'явіцца дастаткова грошай, каб заплаціць Жану-Клоду Дарду за аперацыю, за казачнае ўмельства гэтага чараўніка-хірурга аднаўляць страчаныя валасы...
Залаціста-блакітнае ўсё яшчэ паступова сыходзіла ў аднатонна сінюю далеч, і я пабаяўся разгортваць блакнот, каб мажорным шумам густа спісаных старонак не спалохаць рэфлексы на тратуары і не разбудзіць ціхамірнага бадзягу.
Нішкам, як з дзіцячай спальні, выйшаў з апалінэраўскага скверыка і разгарнуў блакнот ажно ў Люксембургскім садзе каля фантана з фавістычнаю рыбай. Там і запісаў свой першы парыжскі верш пра любую стомленасць, што сёння ўсміхнулася мне подыхам флейтавай трысцінкі, упрыгожыўшы прастору паміж монпарнаскім небадомам і будынкам Сената ямбічнай рыторыкай змяркання:
«У стомленасці ёсць тваё імя. Стамляючыся ноч тваю сустрэну... Ты кветкі сніш, якія сню і я — лілею каралеўную й вербену.
Мяне ў Парыж ты правяла, у дым, якім я дыхаў і якім я плакаў. Гітара тэлефонная аб тым званіла, што няма журбы ніякай.
Цяпер я веру: сапраўды няма... Сівы скрыпач у Люксембургскім садзе іграе пра вясёлае імя са стомленасцю любай у паглядзе...
Я заблудзіўся ў радасці чужой, я заблукаў на дарагой чужыне, упэўнены: з апошняю струной парыжскі дым у сэрцы не астыне.
Фантанныя я надламаў слупы, каб не ўцякла скрыпічная саната, каб монпарнаскі небадом сляпы убачыў яснасць неба і Сената.
У той лагодзе я знайшоў яе — хвіліну галубінага спакою. Мая душа не плача, а пяе, бо стомлена не лёсам, а табою».
Я адчуў сябе лірычным перыпатэтыкам, які назаўсёды памяняў пісьмовы стол на прагулкі з эцюдным блакнотам і якому ў юным змярканні мроіцца бясконцая лінія пяшчоты. Непадуладная геаметрам, а толькі мне — яна пралегла па універсітэцкім бульвары Сен-Мішэль ад дома Леконт дэ Ліля да колішнярымскіх разбураных лазняў. Праз востраў Сітэ я вярнуўся на правы бераг Сены і пакуль ішоў па востраве, ён паволі раскрываў свае банальныя вечаровыя вобразы: мальбертныя істоты змалёўвалі раннегатычную базіліку; японцы, падобныя на марсіян, бліскалі фотаапаратамі; па рубінавай Сене плыў рэстаранны цеплаход.
Двухгаловая базіліка, асветленая моцнымі пражэктарамі, нагадвала мёртвага мутанта, закрытага белай гіпсавай прасцінаю.
У меладзінным кафэ мяне чакаў Непрыкаяны Паляк. Ен нахіліўся над малахітавай стойкаю і размаўляў з аксітанцам. Гаворка была пра апошнія гады Напалеона, пра незразумелую смерць лонгвудскага вязня. Мой павадыр даводзіў, што мыш'як у імператарскае віно падсыпаў Маршан, подлы пакаёвы служка, падкуплены рускімі. Аксітанец паблажліва ўсміхаўся: пры чым тут рускія? пры чым тут небарака Маршан, калі побач з імператарам быў увесь час гэты авантурыст і раганосец граф Манталон, зацяты бурбонец...
Я папрасіў вады.
Аксітанец выхапіў срэбнымі абцужкамі з глыбокае вазы тры коўзкія літары е, а, u і кінуў' іх у конусную шклянку.
Было з чаго мне здзівіцца: у глыбокай вазе блакітнай горкай ляжаў французскі алфавіт!
Аксітанец звыкла страсянуў шклянку, і халодныя ільдзістыя літары збегліся ў слова е'еаu — вада.
Я ўзяў шклянку, але піць мне расхацелася — смагу спатоліла хваляванне. Рука мая дрыжала, і ў конусным шкле вагонна пакалыхвалася лексічнае змесціва чужой вады.
Я нахіліў шклянку, і літары з мяккім ласкавым шумам пасыпаліся на малахітавую стойку, утвараючы ювелірную калюжку. Аксітанец усміхнуўся і выцер стойку. Тым часам Непрыкаяны Паляк спакойна дапіваў сваю ваду, смакуючы кожную літару.
10. УСХОДНЕСЛАВЯНСКАЯ ПАЛЕСЦІНА
На бульвары Сен-Жэрмен я ўбачыў сумнага міма — маленькага, як вітрынная статуэтка, чалавека з густа набеленым тварам і ў белых пальчатках. Ен стаяў на зялёнай сметніцы каля ўвахода ў метро.
Читать дальше