Вечарамі слухаю завею i як патрэскваюць ад марозу вуглы, знаходжу зорку Венеру i думаю — можа, i ты глядзіш на яе. Але наўрад: у нас ноч, a ў вас яшчэ вечар. Ох, як далека ты! Нават сонца нам свеціць у розны час, але я з ім заўсёды пасылаю табе прывітанні i адчуваю, як ты мне неабходны. У думках дзякую таму інспектару аблана, што паслаў мяне сюды. Мы ж маглі ніколі не сустрэцца.
Нядаўна ў сяло прыбыў новы фінагент, малады, фарсісты, i з тыдзень усё «выпадкова» сустракаў мяне то каля школы, то каля сельсавета, загаворваў, праводзіў, набіваўся ў госці. Я яму аднойчы i выпаліла: «Пашкадуйце свае валёнкі. У мяне ёсць муж. Не верыце? Спытайце ў Наталлі Іванаўны — яна ўсё ведае». Што ты думаеш? Адстаў.
Ты прабач, што сказала так. Проста каб адчапіцца. А надоечы мне трапіла кніжка Уолта Уітмена. Ты яго, вядома, чытаў i раней. Спачатку ніяк не магла прызвычаіцца, што гэта вершы, a ўчыталася, i адкрыўся цэлы свет думак i пачуццяў. Адзін радок уразіў асабліва: «Я без ваганняў пайду за тым, хто загаварыў са мною голасам праўды». Ca мною так загаварыў ты. За табою гатова ісці хоць на полюс. Калі ж мы сустрэнемся?
Шлюць табе прывітанне Анатоль Паўлавіч i настаўнікі, асобна Віця Тартынскі i ўсе драмгурткоўцы. Мы рыхтуем п'еску «Чырвоны гальштук» i адчуваем, што нечага, а дакладней некага, не хапае.
Мiшa скардзіцца, што рэдка пішаш. Скарджуся i я. Пішы часцей. Кожны дзень пішы. Чуеш? Будзем чакаць вясны!
Цалую. Твая Вера»,
Аляксей захадзіў па пакоі. Бабка пайшла ў лясніцтва, i ён быў рады адзіноце.
«За што яна гатова ісці хоць на полюс?» Падышоў, паглядзеўся ў люстэрка. На скронях паблісквала некалькі серабрынак. «Няхай. Хоць i ранавата сівець, але нікуды не дзенешся».
За акном круціўся i шамацеў па шыбах густы снег.
1.
За вокнамі шорсткая сіверная ноч — ні агеньчыка, ні знічкі. На прыпынках вецер сячэ дробным пяском у вагонныя шыбы. Састаў з цяплушак i цялятнікаў гайдаецца з боку на бок, тузаецца на стыках i сяк-так паўзе ў цемрадзь: прыпыніцца, адсапецца, залапоча з шырокай, як халява, трубы параю, скранецца i зноў тузаецца i валюхаецца далей.
У закураных ліхтарах пераміргваюцца, датляваюць свечкі. Многіх у вагоне не бярэ сон: хто ўздыхае, хто нешта мармыча, нехта разважае ўголас:
— От тыя бальшавікі кажуць: зямля — мужыку, хвабрыкі — масцеравым. Сказаў, як звязаў, a паткніся ўзяць тую зямельку, i вокам не міргнеш, як, чаго добрага, зноў у кутузку павалакуць, i сілу дарам уваб'еш, i насенне, як у пельку, боўтнеш. Усё парушылася, нічога не дзержыць. Прадзярэш вочы, i няма ў каго спытаць, якая сённячы ўласць. Раніцаю адны, ноччу — другія. Пасеяць пасееш, а хто жаць будзе, от вапрос. I вокам не міргнеш, як урэжуць па сухарэбрынах, не раўнуючы за панам Іваненкам.
— Онь што ўспомніў! Калі тое было? Тады ж тую слабоду па Мікалашкавым дзякрэце давалі шомпалам ды бізуном. А цяпер, шчытай, слабода праўдзешная — без цара i без пана.
— От пацеха, браце, скажу табе, у Бабруйску была. На Казначэйскай, ак-к-к-урат проці чайной, падыходзіць куды большы за цябе зда-а-ра-віла да гарадавога, казырнуў дзеля пацехі ды як храсне па рылу от такім, з добры чыгунок, кулаком. Хоць бы той азваўся, выцер жменяю юшку, лахі пад пахі ды — ходу.
Упоцемку не відно, хто гаворыць, толькі галасы то хрыпатыя, то густыя бухалі, як у дзежку, гулі, перакочваліся ў пракіслым ад кажухоў i даўно прапацелых зрэбнікаў вагоне.
— Гэта за Мікалаем яны смелыя, а цяперака не раўнуючы як пацукі ад кацінага духу ў норы шыюцца. А як ты скажаш, зямля наша ці не? — не адставаў салдат з пшанічнымі вусамі i закручанаю брудным бінтам рукою. У ліхтары затрашчаў, угарэўся агарак, i трохі можна было агледзецца ў вагоне.
— Бытта яна i наша, але ці будзе з таго каша? — сумняваўся маленькі, як сушаны казляк, дзядок з рудзенькаю бародкаю на пераараным глыбокімі разорамі твары. На дзядку была выцертая шарачковая світа, на тоўста накручаных анучах стаптаныя маршчакі. У правале бяззубага рота храгіла i свістала счарнелая люлечка. Ён не вельмі пярэчыў, але i не вельмі верыў i ўсё перапытваў: «А ці праўда? Ці так яно будзе?»
Гаманіў увесь вагон. Варта аднаму пачаць, як разварушацца ўсе. У дыме самакрутак то знікалі, то выплывалі абліччы, перакрэсленыя чорным ценем.
Да гаворкі суседзяў прыслухоўваўся салдат у шынялі без пагонаў i ў стаўбунаватай прапаленай шапцы. Ён сядзеў у куточку, сціскаючы каленямі вінтоўку, прыслухоўваўся, што кажуць паранены салдат i дробненькі дзядок. Відаць, абодва з іхняй воласці, калі ведаюць пана Іваненку i памятаюць тую дзяльбу, што кончылася казацкімі бізунамі. Свае-то свае, але дзе ты пазнаеш праз столькі гадоў у густым пракураным змроку?
Читать дальше