Бацька адразу падскочыў да сцяны, ухапіў Гэльчыны ўборы i пачаў ix жмякаць у руцэ.
— А, от дзе ты, распусніца! — зароў ён ад злосці.— Марш дадому, блудніца! — затупаў Андрэй.
— Вы мяне толькі нежывую можаце забраць. А так не гнявіце бога i не смяшыце людзей, тата,— усхліпваючы, азвалася Гэля.
Стары Ермаліцкі аслупянеў з разяўленым ротам, потым тупнуў нагою.
— Пракляну нягодніцу! I вы ў мяне яшчэ паплачаце, гады! Ведзьмакі-і-і! Апаілі дурніцу любіснікам, цешцеся цяпер!
Ён павярнуўся да форткі, падняў з зямлі раменную дугу, a ў другой руцэ цягнуў па пяску белае плацце. Перакуліўся ў вазок i пачаў ад злосці хвастаць сівага стаенніка.
Гэля сядзела на ложку ў доўгай кужэльнай кашулі i горка плакала.
10.
Ледзь не кожны тыдзень рудабельскія кааператыўшчыкі ездзілі ў Бабруйск па тавар. Ліакумовіч не шкадаваў ім ні мыла, ні газы, падкідаў трохі солі, часам даваў паркалёвых i канапляных хустак, а то i скрутак якое-небудзь «чортавае кожы» на штаны. Прывязуць Цімох з Мікодымам ці Сцяпанам скрынкі i мяхі, зачыняцца ў краме i пачынаюць шныпарыць: пад мылам — порах схаваны, пад запалкамі — патроны ляжаць, а з солі выцягваюць некалькі загорнутых у сальныя анучы наганаў. Раскладуць лістоўкі i газеты, напісаныя па-нашаму i па-нямецку. I... пайшоў гандаль. Глядзіш — за паўдня ўсё i разнеслі. Лістоўкі i патроны найбольш забіраў Раман Салавей: накідаюць яму ўсяго добрую торбу, зверху прыкрыюць кавалкам паркалю, пакладуць пару брускоў мыла — i патупаў стары. А куды ўсё дзець, яму не трэба было пытаць.
Потым ідзе Архіп Ляўкоў, за ім — Андрэй Падута. Глядзіш, раніцою не толькі ў Карпілаўцы ці ў Рудні, а вёрст за дваццаць ад ix на платах вісяць лісткі, падпісаныя Бабруйскім павятовым камітэтам РКП(б): «Не давайце нямецкім акупантам вывозіць народнае дабро, раззбройвайце салдат, стварайце партызанскія атрады».
I зноў каля халопеніцкіх мастоў i ў Гатавіцкай пушчы грукаталі залпы, хлопцы i дзядзькі ў лапцях i світках, як прывіды, выскоквалі з лесу, заварочвалі фурманкі, забіралі ў салдат карабіны, а ix са звязанымі рукамі гналі назад. Немцы не вельмі супраціўляліся: ім i самім абрыдла гэтая валтузня, яны ведалі, што тут яны ненадоўга, а з дому даходзілі чуткі, быццам i там бунтуе народ.
Усё часцей у казармы i ў хаты, дзе стаял i немцы, траплялі невялічкія газеткі, У ix камуністы заклікалі нямецкі народ скінуць кайзера Вільгельма, як рускія скінулі цара, забраць панскія землі i заводы, пачаць будаваць новае жыццё ў вольнай Германіі. Салдаты чыталі i перачытвалі гэтыя лісткі, хавалі ix ад афіцэраў, шапталіся паміж сабою i не спалі начамі ў чужой, незразумелай i беднай лясной старане.
Яны неахвотна ехалі збіраць кантрыбуцыю, неахвотна ішлі вартаваць воласць i бадзяцца ноччу па сяле, каб епакойна спалі камендант i афіцэры. За сябе салдаты не вельмі баяліся. Партызаны папярэджвалі, калі яны не будуць супраціўляцца, ніхто ix не зачэпіць. Так яно i было кожны раз. Толькі ўбачаць на дарозе ўзброеных сялян, адразу падымаюць рукі ўгору. Адстрэльвацца няма сэнсу, бо мужыкоў з вінтоўкамі заўсёды разы ў тры больш, чым канвою пры самым вялікім абозе. Толькі зірнеш, а партызаны сунуцца з-за кустоў i спераду, i ззаду, i з бакоў. Куды тут дзенешся? Ды многія i самі разумелі, што салдат ператварылі ў рабаўнікоў, што нельга забіраць хлеб у такіх жа сялян, як i яны самі, што трэба падтрымаць рускую рэвалюцыю, а не душыць яе. Адным словам — думай, салдат, як табе дажыць да сустрэчы з роднымі, a. яе кожны чакаў з тыдня на тыдзень, з дня на дзень.
Ідуць ноччу па сяле тры-чатыры салдаты з карабінамі. Бачаць, у хаце зырка гарыць лямпа, рыпае гармонік, бухае бубен з бразголкамі. Трэба ж паглядзець, што там такое. Зойдуць, грозна спытаюць: «Кто ест козяін?» — a дзяўчаты ўжо адсоўваюцца на лаўцы, даюць месца, сыплюць у жменю гарбузікі, запрашаюць на вальс.
Ну як тут быць суровым, калі сінявокая Дуня так падобна на ягоную Тэрэзу ці Марту? I хлопцы лагодна запрашаюць: «Korn, Kamerad, танчыць». Як утрымаешся? Аддае маладзейшы салдат патрымаць карабін таварышам, бярэцца за гарачы стан, кладзе руку на тугі. плячук i грыміць падкаванымі ботамі, аж лямпа трасецца. Глядзіш, i другі падахвоціўся, а старэйшы сядзіць на лаве, абняўшы тры карабіны.
Выйдуць на вуліцу, палезе каторы ў кішэню па запальнічку, а там ужо нешта шамаціць. Прыйдзе ў казарму, паглядзіць, аж — свежая газетка. A ў ёй пішуць, што ў Баварыі бастуюць панскія парабкі, у Мюнхене рабочыя выйшлі на вуліцы з чырвонымі сцягамі i віталі рускую рэвалюцыю.
Читать дальше