Гэтая Блінава хата — не абы-якая хата. Яна першая ў Бабчыным Сконе. Калі адразу пасля вайны Блін ставіў, а потым пачаў і жыць у ёй, дык усе астатнія сядзелі яшчэ ў зямлянках. І калі было холадна зімою ў зямлі, дык прыходзілі да яго грэцца, а дзяцей нават пакідалі і нанач.
Нізкая, з тоўстага неплазаванага бярвення цесцевага колішняга гумна, з падгнілымі падрубамі. Асела, нахілілася ад ветру на вуліцу. Але стаіць, трымае Блінаў род!
Карову і тры белыя авечкі тут выпусціла Блінава жонка. Яшчэ во не гарыць у печы, а ўжо брудная, уся ў сажы.
— Дзяньдобры, Стэфа,— Гаптар падняў уверх руку, не думаючы прыпыняцца. Ведаў: запыніся — дык яна нечага папросіць.
Блініха кіўнула галавою. Замыляла поўнымі вуснамі. І папрасіла:
— Ці ест у вас, Юзаф, соль?
— А як жа жыць без солі? Ест!
— У нас вот выйшла. Трэба пазычыць...
— Дарогу ж ведаеце...— буркнуў, мінуў і пакрочыў далей.
«Пазычыць... Вам пазычыць — гэта, лічы, вам падарыць...»
— А глянь, Стэфка, страха гарыць! — усклікнуў Блін.
— Авой! — ускрыкнула тая. З хвіліну памаўчала, як адабрала ёй мову, а потым уз'юшылася: — А каб табе твой язык адсох! Як жа яна загарыцца, калі я яшчэ і ў печы не паліла?! Каб ён табе выцягнуўся і ў рот не ўлазіў! А каб...
Гаптар, усміхаючыся сабе — што ты возьмеш з Бліна, жыць не можа без гэтага! — зноў падышоў да старых селішч. Іх гаспадары не вярнуліся з Германіі — паехалі адтуль, у сорак пятым, шукаць шчасця ў Амерыку, Англію і ў Аўстралію. Сем'яў з сем. Палавіна з іх навек звялі тут свой род, свае прозвішчы, павезлі іх у чужы свет. Пішуць, праўда, лісты, скардзяцца, жаляцца, як ім сняцца родная рэчачка, лес, узгорачкі...
За гэтымі, ужо ўдзірванелымі, грудкамі шарэлася непадалёку свежаватая падмуроўка — шырокія гладкія камяні. Нібы белыя авечкі. Тут нядаўна быў іхні невялікі магазін. Апошнія гады ён не «даваў» плана — і яго зачынілі. Будыніну раскідалі і перавезлі ў Налібакі, зрабілі там з яе склад. А летась разбурылі, аддалі людзям на дровы і той склад: зрабілі новы. Вялікі, з белай цэглы, з паравым ацяпленнем.
«Колькі чаго было і колькі чаго ўжо няма! Людзей, будынін».
Гаптар пайшоў хутчэй. Каб прамінуць пустку. Зусім здзічэлі без людзей яблыні, грушы, расплёўся вішаннік і бэз, колькі тут нарасло крапівы, асоту, лопуху.
Вось зноў дамы. Стаўленыя адразу пасля вайны — ужо аселыя, з вышчарбленымі вугламі і з зялёнымі, у моху, стрэхамі. Частакол каля іх гэтаксама стары. І неяк ніхто — ні адзін Даргевіч, ні другі, браты,— не думаюць шаляваць свае хаты, паставіць новыя платы. Не відаць, каб гаспадары самі думалі тут яшчэ шмат жыць, каб думалі пакідаць на сваё месца сваіх родных. Ды што пра чужых людзей гаварыць, калі і сам уздумаў ставіць сыну новую хату, але робіць гэта нібы з сорамам. За тое, што ставіць яе іменна тут, у Бабчыным Сконе. Нібы прышывае новую латку на зусім здзіраўленым, сцёртым кажуху.
Справа жыве Адась — каваль, сталяр. Злева — Антон. Спрадвечны пастух.
Адась бяздзетны, жыве толькі з жонкаю. У Антона шасцёра дзяцей. Праўда, цяпер з імі толькі меншыя, малодшыя школьнікі. Старэйшыя — у Налібаках, у горадзе. З Антонам жыве і маці.
За Даргевічамі — вясковы выган. Даўно гуртавы. А некалі, гадоў за дзесяць перад вайною, прычапіўся хатаўскі пан: мой! Калі хочаце мець выган — выкуплівайце! Абгарадзіў, траву пасеяў. Людзі ў суд — суд за пана. Паапускалі ўсе галовы — няма справядлівасці. Дык вось тады ён, Гаптар, хоць і малады яшчэ быў, але ўзяў ды паехаў ціха ў ваяводства, знайшоў старыя паперы — іхняя, Бабчынага Скону, гэта зямля. І суд здаўся. Пан гэтаксама. Яго, Гаптара, за гэта празвалі Адвакатам. А Блін — малады яшчэ, але і тады ўжо языкаты,— бывала, прыстане на вечарынцы: «Няма як жыць за панамі. Ні справядлівасці, ні зямлі, ні звання, што ты чалавек. «Адкуль ты? З Бабчынага Скону? А, з усходніх крэсаў!» Ты ж, Гаптар, умееш з панамі судзіцца, паправуйся, можа, адпусцяць нас да Саветаў. За Рубяжэвічамі, за нейкіх васемнаццаць вёрст, яны ж...»
Гаптар усміхнуўся. Не з сябе. Які з сябе смех: пан адпомсціў яму за новы суд. «Памог» загнаць «на рэзэрвы» [ 2 2 Маюцца на ўвазе вайсковыя зборы.
] аж у Польшчу, пад нямецкую граніцу. Усміхнуўся з Бліна. З яго языка. Блін так тады асмялеў, што не толькі мянціў языком на сваіх людзей, але і гаварыў абы-што на ўладу. Праўда, усе з Бабчынага Скону не баяліся клясці паноў і начальнікаў, надта за вочы, а Блін лез на ражон — і перад настаўнікам, і перад паліцыяй любіў пахрабрыцца: «Скінем лапці і абуем новыя боты!», «Сонца заходзіць на Захадзе, а падымаецца з Усходу!»
Читать дальше