— Кіроўнік школы адабраў сёння ў сямікласнікаў! Перапісвалі адзін у аднаго на ўроку!.. Паслухай, што пра вас пішуць камуністы:
«Святы Альяш з хмары зваліўся, упаў у Грыбоўшчыну ля нас! I чаго, каб хто спытаўся, злез стуль боскі свінапас? Святых сабраўся сонм сяброўскі: Мікола Рэгіс, якісь Панкрат, трэці — Бельскі наш, Пянькоўскі, чварты — Ломнік-канакрад. Ён ім ро-зум устаўляе, нежывым дае жывот, а цалаваць дык застаўляе ў халявы ад чабот!.. Яны круцяць млын свой боскі, пылам сыплецца мука! Едуць дурні малоць з вёскі, стуль, з-пад Бельска, здаляка!.. Ломнік у ролі быў Хрыстоса, Бельскі вучнем быў, Пятром, й дым пускалі беларусам — аж трудна выкруціць пяром!.. Дык будуй, браты, бар'еры, закладайма ТБШа! Шлях пакажам у свае дзверы — лепшы, чым у Альяша!..»
Клемус склаў паперку і з захапленнем паглядзеў на госця:
— Ну, як?
Упамінанне яго імені ў паэме Рэгісу вельмі спадабалася.
— Ло-оўка!..— шчыра прызнаўся ён.
— I я кажу! — з дабрадушнай бесклапотнасцю пацвердзіў узрадаваны, што справіў сябру прыемнасць, Кавальчук.— Папрыносілі дзеці ў школу, халеры! Малалетнія, судзіць іх за гэто не могуць! Паліцыя адно пазапісвала прозвішчы і ўлепіць бацькам штрафы за гэтыя «бар'еры», га-га-га-га!..
Фурман уявіў сабе, што чакае мужыкоў, ад страху перастаў нават есці і зыркнуў пад акно. Паліцыянты абводзілі ўсіх вачыма з фанабэрлівай перавагай.
Яшчэ Мірон заўважыў — калі Клемус адносіў паперку, Мікалай ужо падміргваў яго жонцы.
— Паслухай, Мікалай, заягджаў да мяне толькі што Піня! — не то аб'явіў, не то збіраўся параіцца рэстараншчык, вярыуўшыся ад паліцыянтаў.— Адклікаў мяне на падворак ды пытае: «Адкрываеш сталовую ў Грыбаве?» — «Думаю!» — кажу. «Клемус, два каты ў адным мяшку ўжыцца не могуць! Грыбоўшчыну трэба табе пакінуць у спакоі!..»
Адно цяпер Мікалай зразумеў, чаму Кавальчук стараўся яму так прыслужыць — падбіваў кліночкі, шукаў заступніка і хадатая.
— Палохаў?! — здзівіўся дзячок.— I цябе бярэ ўжо за глотку?..
— Як бачыш... Даваў паўтысячы адступнога...
— А ты?
— Дурань я браць якіясь пару соцень... Там у вас кожны месяц больш буду мець!
— Залатая жыла!
— Сам ведаю. Толькі каб ён, халера на яго, чаго-небудзь мне не падстроіў! Пінкусу дарогу перайсці — ого-о!.. Трэ будзе вартаўнікоў папімаць, а то спаліць яшчэ!..
— Табе відней,— аб'явіў дзячок нейтралітэт.
— Ладна. У Бразіліі машкара не загрызла, алігатары не зжэрлі — не дамса і гэтаму бандыту! — сам сябе падбадзёрыў Клемус і выставіў рахунак.
— Восім злотых!
Заінтрыгаваны Рэгіс паабяцаў грошы потым і загадаў Мірону запрагаць.
7.
Колы фурманкі зноў манатонна перасыпалі, нібы сеялі праз сіта, пясок палявой дарогі, паскрыпвалі рамяні збруі, а над канём увіваўся першы ў гэтым годзе авадзень. Выпітая гарэлка абодвум кружыла галовы.
«Два каты ў адным мяшку!..» — успомніў за вёскай Рэгіс.— От, цікава будзе паглядзець, калі гэтыя скарпіёны ў банцы пачнуцца царапацца!.. А ўсё робіць жаднасць!..— пераскакваў з тэмы на тэму дзячок. — Чуў, як пра мяне ў вершыку камуністы напісалі?.. Эх, паліцыя надрукаваць у газетах не дазволіць яго, а то бы і людзі пачыталі!
Таксама п'янаваты Мірон паківаў галавой:
— Але колькі цяпер мужыкам дастанецца!.. За тое, што вычаўпе дзіця тваё, плаці, халера, штраф! Яно ж — дурное, шчэ нічого не разумее!.. Пасылай пасля гэтаго ў школу!..
— Войт кожнаму штраф заменіць на арышт! — бесклапотна заявіў Рэгіс.— Заўважаеш, якак ў гэтага Амерыканца ядроная Стася? — пацокаў ён языком.— А вясковая, тутэйшая!.. Учора ў Бераставіцы гляджу на адну дзеўку ў краме, а яна хоча неяк пакакетнічаць. Робіць мне дурнаватую ўсмешку ды носам — сёрб!.. Цьфу! А возьме ж і яе нехта ў жоны!.. Не-е, гэтая бабка шляхо-отная!..
Поўны мараў Рэгіс зацягнуў «Ярмака», фурман стаў падцягваць. Яны і не заўважылі, калі апынуліся ў Каўнянах.
Раптам Мірон адчуў нейкую трывогу. Як праз сон, даляцела да яго ўсхвалёваная гаворка чужых:
— Рогусь!.. Святы Мікалай!.. Цар!..— крычаў з-за плота нейкі ўсхваляваны хлапец ды так узрадавана, бытта гэтага моманту чакаў тут усё жыццё.
— I я кажу — ён! — дадаў другі.
— Яго я ведаю як аблупленага!
— Едзе ўжо баб дурыць!..— кінуў трэці.
— Давайце правучым!.. Забягай, забягай напярод!..— камандаваў першы.— Хапай хутчэй каня за цуглі, а то ўцячэ, як мінулы раз!
Рэгіс устрапянуўся, бы ўджалены, і адразу працверазеў.
— Паганяй! — гыркнуў ён фурману.
Мірон апрытомнеў таксама і адразу зразумеў, што можа ўляцець і яму. Фурман скочыў на калені, сцебануў каня лейцамі — раз! другі!..
Читать дальше