— Не-е?!
— Не было і не будзе такога! Нават гаварыць пра гэта — ерась!
— От табе і маеш.
Выдаваць сясцёр Марыяў штосьці перашкаджала. Хвіліну я думаў, з якога боку падступіцца да кабеты зноў.
— А вы ў манастыры знаходзіліся ўвесь час? Не магло так быць, каб вас не было ў ім год ці два?
Кабета пытанне збыла маўчаннем.
— Бо і студэнткі, якія пасля вас жылі ў келлях, гавораць якраз пра нейкую здань, што ноччу з'яўлялася перад імі — трымцела ды хісталася ў калідоры, бы п'яная.
Старая ад абурэння аж пачырванела.
— Яны і не такое маглі сказаць! Бо вашыя студэнткі, як адная, бязбожніцы ды гулякі! Ім толькі танцы з трындамі-рындамі ды розныя кіны наўме былі! У боскай абіцелі бесса-ромныя распусніцы хадзілі з аголенымі рукамі, са спадніцамі да калень ды гігікалі, мужыкоў зазываючы! Цьфу, цьфу, цьфу! Апостал Павел казаў: «Цела нам дадзена не для блуда, для Госпада!» Гэтага дурніцам у вашых інстытутах ніхто не ўталкоўвае, і яны толькі сорам ды пустоту насілі ў сваіх душах, а замест галавы мелі качаны капусты на плячах! Вядома, да чаго магло гэта давесці — Гасподзь цярпеў, цярпеў ды і паслаў на іх пакаранне страхам! Шчэ не тое будуць мець — недарма чортавай пячаткай усе адзначаныя!
I яшчэ збіралася штосьці выліць на студэнтак, але я слоўны яе фантан абарваў:
— Сястра Сафія, сястра Сафія, навошта гаварыць так пра маладых, яны ж — дзеці нашыя!
— Але, але, вашыя! Бо я дзяцей сваіх, дзякуй Богу, не мела, мае не грашылі!
Тут мяне ўзарвала:
— А-а, то вы і ў манастыр, мабыць, пайшлі, каб не пабрудзіцца і адразу ў рай трапіць, так? Вы, хітрая, выбіралі, дзе лепш! Але ж былі б такой добранькай у міру, прыносілі б ка-рысць грамадству, не хаваючыся ў сваю абіцель на гатовенькі хлеб, не чакаючы ўзнагароды ад архангелаў у небе,— напэўна, цяжэй было б!
Надзіва, кірпатую бабулю гэтым не абразіў ані крыхі.
Якраз павалілі багамолкі па свечкі.
— Хлебам мяне кармілі не вы. Дабывала яго ў кляштары сваімі рукамі. Мазалямі ўласнымі яго дабывалі ўсе — жылі там не беларучкамі, бо паводле Святога пісання: «Хто працаваць не хоча, той і не есць!» — кінула непрыязна.
Крыху падумаўшы:
— Чаму гэтым небыліцам не веру? Бо перад ноччу пра такія справы гаварыць не хачу і не буду — такое паскудства, як вядома, не спіць! Такую агіду перад ноччу лепш не чапаць!
Манашка таропка перахрысціла сябе, затым дзелавіта зморшчыла свой мясісты, са старэчымі лішаямі лоб, робячы старанна падлікі за тавар. Пра мяне забылася.
Больш не было чаго тут тырчэць.
Асколачкі чалавецтва і бязлітасны свет
Збіраўся я пакінуць сабор ды ў прытворы натрапіў на манашку, што да рэстаўратараў не пайшла. Маючы часу дастаткова, адчуваючы ўсё нядосыт ад разведкі, вырашыў яшчэ і з ёй пагаварыць:
— Прабачце, зноў мушу звяртацца да вас. Сястра Сафія кажа, белай здані ў манастыры ніколі не было. Нават, кажа, і быць не магло, бо абіцель вашая самімі архірэямі высвечаная. Бытта бы так не бывае, каб пасля высвячэння ў будынках манастырскіх з'яўляліся ўпыры розныя ды нячыстая сіла. А яшчэ сястра Сафія заявіла, нават гаварыць пра такую з'яву — ерась.
Маленькая старая на хвіліку як бы задумалася, падбіраючы словы. Затым зыркнула туды, дзе прылавак са свечкамі, ды з абурэннем пыхнула:
— А яна такая! Калі служылі ў абіцелі, хадзілі па бальніцах. Бачыш, што старая ўжо канчаецда, а ў яе нікога няма, прыстаеш да такой ды дапамагаеш адысці ў іншы свет. Бо так цяжка паміраць адзінокаму чалавеку. Ісус з'яўляўся на зямлю, каб навучыць людзей любіць адзін аднаго! Ігуменша вучыла нас запальваць лампаду любві да бедных і пакрыўджаных. Абкружаныя спагадай, бабулі і адыходзілі на той свет. Сафія з намі ніколі не хадзіла. «Я не служанка ім!» — казала яна. Яна ніколі ні ва што не верыла, нікога не шкадавала, ні з кім не сябравала. Не верыла нікому калісьці, не дае веры, не шкадуе і цяпер! А найбольшая ерась — не верыць у справы чарадзейныя, не даваць веры людзям!
Старая не супакойвалася:
— Як гэта — «не магла з'яўляцца», што яна вярзе? Магнат-ка Кацярына Валковіч святое месца апаганіла, таму і святасць у абіцелі страціла сваю моц,— на сабе кожны дзень адчувалі ды заўсёды гаварылі аб гэтым! А думаеце, чаму мірскія нас лёгка так адтуль выселілі? Дзе такое відна, каб святое месца можна было закрыць проста так, калі толькі ўздумаецца каму-кольвек! Лёгка выселілі з-за гэтай самай прычыны! Нават гром не грымнуў! Нашая ігуменша, царства ёй нябеснае, збіралася абіцель высвяціць другі раз, я добра памятаю пра яе намер, але матушцы ўсё рукі не даходзілі. А тут і войны пайшлі — адна, другая, трэцяя... Што зробіш, гэтак было ўгодна Госпаду, хай свяціцца імя яго вавекі, аман. Мы хвіліну пастаялі.
Читать дальше