Падвялы, увесь у пушку тварык старой раптам распра-мянеў ад прыемных успамінаў. Далей загаварыла з уміленнем:
— Так вам цікава пра наш манастыр?
— Як бачыце.
— I пра здань пыталіся... Даўнінай цікавіцеся... Мо вы і вершыкі складваць умееце, бо такія людзі і гэтым займаюцца? Мая Ніна, што пайшла ў ваш музей трапезную інжынерам паказваць, ладныя вершыкі таксама стварала!
Старая адвяла мяне крыху ад людзей, прадоўжыла:
— Вы нас пакінулі пасля гутаркі і сабе пайшлі да Сафіі, а мне ўспомнілася ўсё. Вершы яе на вум прыйшлі. Адзін сястра прыдумала спецыяльна для мяне, зараз і вам прачытаю. Бо, ведаеце, у міру мы родныя сёстры. Толькі я — Оля, а яна — Ніна. Шчэ ў царскую вайну нас ігуменша, царства ёй нябеснае, падабрала аднаго ранку. На вуліцы каля Гараднічанкі знайшла, бы калісьці на бруку падабралі і самую матушку ігуменшу, царства ёй нябеснае яшчэ раз. А калі Ніна навучылася рабіць вершыкі, прыдумала і пра мяне. Так файно сачыніла, так гладка, бо ўсе людзі кажуць, складальніца з яе вельмі здатная. У той самай трапезнай, якую мы ўпаміналі, я сёстрам і расказвала. Ды не адзін раз вершык той ім расказвала...
Яна расчуліла сябе да слёз.
— На памяць нават умела, потым зноў забылася... Ведаеце, плакалі, слухаючы мяне, ды хусцінкамі выціраліся...
— То не плачце зараз хоць вы! — я пачаў кабету, залітую слязьмі, суцяшаць.
Паступова манашка ўзяла сябе ў рукі. Выцерлася ды зачытала з памятай ушчэнт паперкі:
Я, малютка Вольга,
Госпаду спаю,
Песнь благадарэння
За судьбу сваю.
Як прыйшла ў абіцель,
Як шэсць лет былі,
Бог сірот любіцель
Узяў мяне сюды.
Блізкія радныя
Адказалісь усе,
Старыцы святыя
Прынялі к сабе.
Наша добра матушка
Узяла васпітаць,
Любіць і лялее,
Як родная маць.
Паэтэса, што і казаць.
Тым не менш агарнула невыносная жальба да гэтага асколачка чалавецтва, якому так не пашэнціла ў жыцці.
Калі б яна была адна. За бабуляй згадваліся мільёны гэткіх самых пакутніц — затурканых, запалоханых, абмежаваных, якія так і не спазналі мацярынскага шчасця, сямейнага цяпла, ні поўнай радасці ад працы сваіх вольных рук. Прагаравалі ў вечнай мітусні, працьмілі ў якіхсьці ілюзіях ды самаашукан-стве.
Не дзіва, што часта звычайны нахабнік браў над імі верх.
Яшчэ і на маёй памяці былі апосталы прафесіяналы — валявыя, самаўпэўненыя, якіх і дурнямі не назавеш. Хоць бы галоўны «ільінец», сектант Ломнік, апісаны мной у рамане «Вершалінскі рай» з натуры. Паслухаеш, як даваў інструктаж сваім апосталам, адпраўляючы на вёску агітаваць за прарока Альяша Клімовіча з Грыбоўшчыны, і толькі галавой паківаеш.
«Гаварыць вам слова божае, брацця і сёстры, давядзецца сярод людзей розных,— павучаў на поўным сур'ёзе.— Пытанні задаваць могуць вам усялякія ды адказваць на іх вам, напэўна, не заўсёды стане зручна».
Ломніка апосталы перабівалі:
«Бывае такое! Што тады рабіць, айцец? Не раскрываць нават рота, дабы не асквярнінда?»
Галоўны «ільінец» сурова:
«А гэта, дзеці мае, рабіць — ні ў жадным выпадку. Паства зразумее няправільна. Яшчэ людзі і пасмяюцца — апостал, а не ў курсе справы. Во будуць цешыцца! Слухайце. Калі пытанне сумніцельнае і не ведаеш, што адказаць, вазрыся на Неба, бытта просіш ва ўсявышняга ратунку. I добра вазрыся! Потым з вытрымкай ды значна так і кажы: «Сіе, мілыя, аднаму Госпаду Богу вядома». Альбо: «Усе мы ў руках яго. Заўсёды ўпавай на Госпада і трымайся шляху яго, а ён цябе вывядзе кожны раз на дарогу правільную». Яшчэ можаш і так: «Бог паруганым не бывае, што хто ні гаварыў, і шляхі гасподнія неіспавядзімыя». «Гасподзь усемагуч, як яму да спадобы будзе». «Пытаешся, колькі раз чытаць «Верую»? Колькі сам захочаш — ад паўтораў малітва не псуецца». Даю вам прыклады прыблізныя. З гэтага выбірайце на свой густ, што вам падыходзіць, ды гаварыце — выбар багаты! Ды не сумнявайцеся, ніхто не пойдзе і не падасць за такое на вас у суд, у паліцыю таксама не заявіць — гарантую!»
I апосталы дабіваліся свайго.
Гэткія словы ў вуснах іншага нахабніка сваёй прымітыў-най благасалодкасцю ў простых ды наіўных душах, бы сясцёр Марыяў, падпарадкоўвалі розум — клетку з клеткай, клетку за клеткай, падпарадкоў-ваючы паступова і волю.
Ход думак, перажыванняў у адной і другой Марыі — дакладныя, бы у першых нявольніц хрысціянак, якіх валаклі з рымскіх катакомбаў на арэну, каб выпусціць на іх згаладнелых ільвоў, а асуджаныя на страшэнныя мукі нявольніцы ўпарта стаялі на сваім.
Читать дальше