— Вядома,— усміхнуўся я.
— У Беластоку тады якраз гітлераўцы распраўляліся з яўрэямі. Ноччу была «акцыя». На вуліцах валяліся голыя целы. Выпадковыя прахожыя прыкрывалі іх газетамі. Каб паперу вецер не змёў, газеты прыціскалі цаглінамі і камянямі. Чалавек з пятнаццаць людскіх ценяў — на іх была скура ды косці — валаклі воз. Яны спыняліся перад кожным трупам, бралі яго за рукі і ногі ды кідалі на платформу.
На Ліпавай, ля касцёла святога Роха, гітлеравец на маіх вачах стрэліў у старога, і той упаў. Немец дабіў чалавека ды зняў фуражку — дзень быў спякотны, фашыст увесь спатнеў. Ён выняў белую хусцінку, асушыў змакрэлую шыю, старанна выцер сярэдзіну аколыша фуражкі, надзеў яе зноў ды сабе пай-шоў, нават не азірнуўшыся на забітага. Недарэкаваты пажылы салдат, які таксама глядзеў на гэтую сцэнку, паківаў мне галавой ды ўздыхнуў: «Іммэр блют, обер іммэр блют, майн гот!..» [ 13 13 I зноў кроў, і зноў кроў, бо-ожа!.. (Ням.)
]
Упершыню ўбачыла я тады і яўрэйскіх паліцаяў у «акцыі». Яны выконвалі нямецкі загад — хапалі на вуліцы сваіх суайчыннікаў бытта на работу. Тады ўжо ўсе ў нас ведалі, што людзям гэтым давядзецца не працаваць, а — дыхаць цыклонам у газкамерах Трэблінкі ля чыгуначнай станцыі Малкіні.
Па тратуары якраз ішлі дзве дзяўчыны. Паліцаі адну хапілі. Яна вырывалася ды з крыкам вісла на шыю сяброўцы, развітвалася з ёю, давала ўсё паспешліва нейкія наказы...
У іншым месцы злоўлены хлапец безнадзейна адбіваўся ад цывільных тыпаў з дубінкамі ды з белымі павязкамі на рукавах, пробаваў хоць крыху прадоўжыць сабе жыццё...
Жах той мне ніколі не забыць.
Прыходзім у пашпартны стол. Сядзіць афіцэр, над ім лозунг: «Памятай словы фюрэра — вартае толькі тое, што карысна нямецкаму народу!» Немец узяў нашыя фатаграфіі ды пачаў афармляць дакументы. На стале перад ім ляжала вялікая стопка чыстых бланкаў для «аўсвайсаў», афіцэр жа то адварочваўся, то часта падыходзіў да іншых сталоў за клеем, нажніцамі. У калідоры тоўпіліся яўрэі з тых, хто стараўся пераканаць немца, што яны палякі ці беларусы.
I тут артыстка бытта спатыкнулася ды хвіліну вырашала — гаварыць ёй мне ці прамаўчаць.
— Не, не, я далёка не Зоя Касмадзем'янская, вы нават і не падумайце нічога такога! — раптам пачала мяне запэўніваць.— У мяне ўзнікла звычайная простая думка, што гэтыя бланкі могуць каго-небудзь з яўрэяў уратаваць, мне ж украсці іх — так лёгка! I я пару паперак сцягнула. Гледзячы на мяне, Янек пацягнуў ужо цэлую кіпу. Вядома, адразу мы іх перадалі ў калідор. Там пачалі іх неасцярожна раздаваць ды рассыпалі на падлогу.
Праходзіў, як на тое, паліцай, гэта заўважыў.
Адным словам, усіх нас, хто ў той момант знаходзіўся ў пашпартным стале, адразу забралі. Даставілі ў гестапа. Чым такое заканчвалася, усім вядома.
Я ўжо ў думках развітвалася з Леначкай ды плакала: што з ёю будзе?! Гадавалых дзяцей, якія заставаліся без бацькоў, фашысты пачкамі вывозілі ў Германію ў спецшколы, выхоўвалі іх на немцаў. Толькі такіх малых, бы мой Віця, не бралі туды...
З'явіўся эсэсман рабіць нам вобыск. Загадалі ўсім скінуць вопратку. Няхай лепш заб'юць тут, думаю, а ўніжацца распра-наннем не стану — так і гэтак смерць. Ды зноў успомніла малую і пастаралася сябе пераканаць, што перада мной жывёліна, а, напрыклад, перад каровай ці свіннёй раздзявацца не саромелася б.
Яўрэек пакраталі за грудзі, пляснулі па ягадзіцах, і на гэтым вобыск скончыўся. Мяне не чапалі. Праз суткі прывялі на допыт.
«Ну, загаворыш перад смерцю, жыдоўская шлюха? — пакпіў цынічна з мяне малады прышчаты «эсдовец» з тых нашых падонкаў ваеннапалонных, што пайшлі да немцаў на службу. Тып адразу згасіў ва мне ўсялякую надзею.— Ваша сапраўднае прозвішча, адкуль вы і колькі вам гадоў?»
Ва мне раптам усё ўзбунтавалася.
«А вам навошта гэта ведаць? — кажу яму.— Я ж за вас — такога красаўчыка — замуж не збіраюся!.. Расстрэльвайце ўжо так, без прозвішча і біяграфічных дадзеных!»
Падонак пазелянеў ды ўскочыў на ногі з бізуном, і ў гэты момант якраз у кабінет увайшоў той вялізны бландзін-эсэсавец, пра якога збіраюся вам і расказаць. Следчы адразу абсеў. А вялізны прачытаў у пратаколе маё прозвішча ды следчаму кажа:
«О, яна мне якраз і патрэбная, забіраю яе! Біттэ шён, фроляйн, комм міт!»
Іду за ім па калідоры ды ўжо і не ведаю, што і думаць. Наложніцу сабе выбраў, ці што? Часта бывалі такія выпадкі. Ну, не, лепш ужо смерць! — падумала з жахам, а сама вельмі баюся і таго, і таго.
Гэтым часам немец вывеў мяне на вуліцу ды на чыстай рускай мове абвясціў:
Читать дальше