— Доўга, да самага вызвалення Беластока, ездзіла па «бецырку», распытвала жанчын, заглядала ва ўсе прыюты ды выконвала свае песні на пажарышчы... Вось за гэта і цярплю,— цяжка ўздыхнула Белая.— Аднак усё было дарэмным: і мая работа мужа не ўратавала, ды Віцю я не знайшла. Адзінае, што змагла,— захавала Леначку. Захавала, зберагла ў такія цяжкія гады, каб страціць яе цяпер...
Артыстка заплакала.
— Маня, перастань, колькі можна! — пачаў супакойваць яе муж.
Кабета зарумзала яшчэ мацней.
— Ну, дарагая, хопіць! Падумай, у цябе ж сёння прэм'ера, не расстрайвайся, інакш — ніякі грым не дапаможа і ты нас здорава падвядзеш!
— Зараз, Коля, ведаю сама...
Пра дачку Белай ведала нават мая мама, але пра сына ўчуў я ўпершыню.
— А што з дачкой здарылася? — устрывожыўся я за Лену.
— Пахавала... Два гады назад...
Артыстка пачала смаркацца пачырванелым носам у фартух — дакладна так, як робяць усе жанчыны, калі апавядаюць пра сваё гора. I толькі цяпер я разгледзеў на яе шыі, пад вачыма, каля вуснаў ужо не маладыя маршчыны.
— Памерла ад хваробы, якую дактары яшчэ не лечаць. Дваццаць шэсць гадоў ёй было, скончыла таксама тэатральны, мела талент, ёй прарочылі будучыню...
Жанчына паказала на фатаграфію вясёлай бялявай дзяўчынкі, якая ўткнулася ў плячо маці:
— Тут шчэ ў трэці клас хадзіла!..
Вось гэта трагедыя. I нікуды ты, выходзіць, ад свайго лёсу не ўцячэш?!
Адна пара маладажонаў з гродзенскага гета сваю малую атруціла цыяністым каліем, бо дзіця перашкаджала дарослым хавацца ў склепе, але потым бацькі ўсё роўна загінулі ў газкамеры.
У час блакады Гута Міхалінскай пушчы выдавала нас сваім плачам маленькае дзіця. Звар'яцелая маладая маці на вачах атрада задушыла яго, але гэта так сама не было выйсце: і да сённяшняга дня не магу дараваць той бабе, нягледзячы на тое, што партызанка потым падстрэліла нямецкага афіцэра.
Белая ваявала за сваіх дзяцей менавіта такім чынам. Працавала ў вайну ў самадзейнасці, бо магла толькі спяваць. Няхай кожная на яе месцы паставіць сябе і ўлічыць пры гэтым, што Беласток — не Мінск. Галоўны горад «бецырка» быў глыбокім тылам вермахтаўскай махіны — устойлівай, строгай і суровай. Там не было магутнага падполля, што падрыхтавала за дваццаць тры гады Савецкая ўлада, напрыклад, у сталіцы Беларусі. Да таго, фашысты шантажыравалі Варанцову арыш-таваным мужам, а я на ўласнай скуры пазнаў, што гэта такое.
Калі Валодзьку з бацькам у 1943-м арыштавалі, я быў у ад'ездзе, і мне эсэсаўцы наказалі праз старасту з'явіцца да іх самому. Адчуваў я смяротны жах, было і вельмі неразумна лезці к д'яблу ў зяпу. Я мог тады ўцячы ў лес. А ўсё ж такі не змог перайсці нейкага псіхалагічнага бар'ера, які быў мацнейшы за ўсе страхі і лагічныя разважанні — я пайшоў у камендатуру ды здаўся немцам як міленькі. Праўда, потым нам здорава пашэнціла, усе трое мы засталіся ў жывых ды і ў сваіх не выклікалі падазронасці, нават яшчэ ўволю наваяваліся. Але маглі быць тысячы іншых варыянтаў...
Адным словам, па-чалавечы Белую я разумеў ды падзяляў яе гора. Але ж яна аказалася зусім не тым чалавекам, да якога я імкнуўся з гэткай надзеяй.
Усё для мяне было вельмі нечаканым.
— Марыя Міхайлаўна, скажыце, ваш бацька, Варанцоў, не памятаю ўжо яго імя і па бацьку, сядзеў у беластоцкай турме і быў расстраляны вясной 1941-га, праўда? — успомніў я шахматыста-настаўніка, якога потым на маіх вачах вывезлі ў кузаве з брызентавым верхам на Пескі.
Белая адказала не задумваючыся:
— Вы нешта блытаеце. Мой стары ўсю вайну знаходзіўся ў эвакуацыі. Цяпер жыве ў Смаленску. Пенсіянер. Адзіны, хто застаўся ў мяне з даваеннай сям'і...
Што за ліха, выходзіць, у шахматы са мной гуляў на хлеб яе муж?! Але ж ігрок меў яўна славянскія рысы твару!
Мажліва, гэта і быў Сібірак-Мікалаеў, якога шукае Олек Амільяновіч з Беластока? Няважна, што ў палітрука выгляд старога інтэлігента!
Тады чаму ўсе цвярдзілі ў турме, бытта настаўнік мае адносі ны да артысткі?
I гэта сітуацыя знаёмая.
Гадоў сорак таму назад, калі я вучыўся ў Вільні, у адным класе вячэрняй школы знайшоўся яшчэ хлапец з такім жа, як у мяне, прозвішчам. Мы былі зусім з розных мясцін і — рознымі па характары ды і выглядзе. Да ўсяго, я быў сынам селяніна, а ён — памешчыка. На кожным кроку я адмаўляўся ад сваяцтва, бо лічыў яго для сябе абразай, а памешчыкаў сынок мной ганьбаваў. Тым не менш да канца вучобы настаўнікам і тава-рышам гэта не перашкодзіла лічыць ды называць нас братамі!
Выходзіць, ва ўсе часы людзям уласціва спрошчваць з'явы.
Читать дальше