Выгодная легенда сваяцтва з Варанцовай-артысткай, напэўна, прыйшла арыштанту ў галаву ў турме, і з гэтага чалавек чэрпаў карысць.
4.
Такім чынам, артыстка Мікалая нават і не ведала.
Не пацвердзілася версія і аб яе бацьку.
Я прыбыў у госці к іншаму чалавеку. Што і гаварыць, Белая, якую на маёй шматпакутнай радзіме захліснула хваля гістарычных падзей, таксама вартая ўвагі. Аднак мне патрэбен быў хто іншы, таму агарнула прыкрае расчараванне. Трэба было перастрайвацца, ды вельмі ж не хацелася развітвацца з даўно створанымі ў глыбіні душы стэрэатыпамі, бо да гэтай пары ўсё было так ясна ды зразумела — я ж таксама валодаў уласцівасцю ўпрошчваць. Нагвалт пастараўся знайсці хоць якую зачэпку, каб уратаваць тое, што распаўзалася, як дым.
Нагадаў яе словы: «...З Буднікам Мікалаем не мела гонару быць знаёмай...» — і раптам падумаў: «Гм, як жа тады разумець заданне дэсантніка Мішына пазнаёміцца мне з артысткай?»
Як вытлумачыць імкненне Мікалая зблізіцца з Белай у вагоне «фюр полен», калі я ехаў разам поездам у Беласток, а потым такое ж гаварыў і Антон Лабовіч у Палацы тэкстыльшчыкаў? Сакратар ПАРП выдумляў?
А камандзір дэсантнікаў Ліхайван, пераапрануты ў цы-вільнае, ездзіў з Агурцовым у Ваўкавыск, ставіў сябе ў нябеспеку толькі для таго, каб сфатаграфаваць нямецкую шансанетку? Гэта зрабіць мог з меншай рызыкай сувязны, калі там, за лініяй фронту, хтосьці прагнуў паўзірацца на яе фізіяномію.
I, урэшце, чаму, з кім ні загавары пра артыстку, яна вядомая людзям часцей за ўсё пад псеўданімам, як былая падпольшчыца.
Тут штосьці не тое.
Ліха на яго, што пад усім гэтым хаваецца? Расказаць артыстцы падрабязнасці ажыятажу нашай разведкі вакол яе персоны ў вайну? Каму прыемна слухаць пра сябе такія дэталі, не трэба псаваць ёй настрою. Ды і яна, здаецца, нічога болей дадаць не можа да таго, што сказала.
Як усё заблытана!
Адным словам, разгадваў я непасільны рэбус і вёў з гаспадыняй гутарку, даваў ёй магчымасць супакоіцца.
— Чорт вазьмі,— паспачуваў я.— У першую сусветную вайну з Заходняй Беларусі ды Украіны эвакуіравалі 14 мільёнаў чалавек! У гэтую ж — мала мог хто ўцячы, бо — век тэхнікі, іншыя былі тэмпы наступлення. Жанчыны, дзеці перажывалі жудасную трагедыю акупацыі, а знайшліся потым некаторыя праведнікі, якія паставілі гэта людзям у віну. Уяўляю, колькі давялося вам перацярпець і вытрымаць!
— Жах! — падхапіла Белая, удзячная, з затоенай крыўдай уздыхнула.— Ах, якой толькі ганьбы не наслухалася ад зайздросніц — галоўным чынам ад тых, хто акалачваўся недзе ў тыле ды гора не бачыў. I шлюха, і нямецкая падсцілка, і прадажніца!.. Ды і цяпер шчэ... Мае аднагодкі даўно ўжо хто заслужаныя, хто ў народных, а я ўсё — радавая.
Хацелася яе супакоіць. Я намерыўся ўжо ёй тлумачыць, што ў гэткіх паводзінах людзей праяўляецца законнае абурэнне народа, які столькі перацярпеў,— менавіта ў гэткія формы выліваецца яго абурэнне, гнеў на прадажнікаў, ворагаў і квіслінгаў. Ды сказаць мне нешта перашкаджала.
Раптам Ніканаў, які доўга маўчаў, заўважыў:
— Маня, раскажы, калі ласка, таварышу пра Максімава. Мажліва, яму будзе цікава.
5.
Крыху авалодаўшы сабой, Варанцова ўзялася апавядаць зноў:
— Ну, пра Максімава. Ен быў дырэктарам лепшай у Беластоку школы. Відны такі чалавек, вядомы ў горадзе, паважаны ўсімі ды аўтарытэтны. Заўсёды яго бачыла ў прэзідыумах на ўрачыстых вечарах — сядзелі з маім мужам, а я любавалася і нават крыху ганарылася знаёмствам з ім. На трыбуну часта выходзіў — умеў што сказаць, меў пра што гаварыць, і ў яго гэта складна так атрымлівалася. Пачалася вайна, і Максімава адразу не стала. Думала, ён адступіў, як большасць, і нават калі плакала па сваім мужу, то зайздросціла яму, што дзе-небудзь ваюе і там усё для яго проста і ясна.
Мінула з паўгода вайны.
Прылятае аднойчы сяброўка ды са слязамі просіць:
— Маня, вазьмі на кватэру Максімава!.. Ён не паспеў адысці з нашымі, увесь час хаваецца ў мяне, але ж я жыву ў адным пакойчыку, ды і суседкі чужога ўжо заўважылі! Не прыдумаю, куды б яго запіхнуць — вось-вось бяда здарыцца, ты ж ведаеш, што для немцаў жыццё чалавека!.. Ты яго не бойся, ён стаў пранырлівым спекулянтам! Смела бяры, цяпер такія людзі надта выгодныя, будзе дапамагаць трымацца, і ты пабачыш, як адразу стане табе лягчэй!..
А я надта здзівілася:
— Я-ак, такі ідэйны таварыш, камуніст, не ваюе з немцамі, а займаецца ганебнай справай?!
— Не асуджай,— просіць яна,— так ужо атрымалася ў яго! Пашкадуй, няўжо дапусціць, каб і такога мужчыну на Пескі вывезлі?!. Будзь чалавекам, пашкадуй! Ён і вусы адпусціў, з выгляду зусім-зусім змяніўся — ніхто не пазнае, пабачыш!
Читать дальше