Ліхайван пахваліў:
— Малайчына!
10.
Праз нейкі час Мікалай узяў веласіпед ды адправіўся па справе ў суседнюю вёску, дзе быў гарнізон. Міхась павёў дэсантнікаў на ноч у гумно.
Сам не свой Мікалай вярнуўся дамоў у наступны дзень аж вечарам. Сабраліся яны зноў у бакоўцы, але вокны шчыльна пазавешвалі посцілкамі, на гэты раз высцерагаючыся партызан. Пачакаўшы, калі маці пойдзе даіць каровы, Мікалай стаў дакладваць камандзіру, як ён выконваў параду Ліхайвана.
Прыбыў Мікалай у суседнюю вёску, прадставіўся камандзіру гарнізона — былому капралу паліцыі Пілсудскага.
— З інспекцыяй ад Цымермана?! — успалашыўся не на жарты камендант.— Яволь, слухаю вас!
Самае галоўнае з паліцаямі-даносчыкамі Мікалай вырашыў зрабіць у наступны дзень. Покуль што папрасіў падрыхтаваць ложак ды паказаць гаспадарку. Для блізіру, агледзеўшы тое-сёе, Буднік адправіўся спаць ды паабяцаў інспекцыю прадоўжыць у наступны дзень. К абеду загадаў выклікаць тых самых паліцаяў, што прагаварыліся на вёсцы.
Праверыўшы ў гарнізоне ўсё, да апошняга патрона, Мікалай назаўтра захапіў пяць вартаўнікоў і накіраваўся ў канцылярыю. Нягоднікі ўжо там чакалі Будніка. З'явіліся яны без вінтовак, бо палічылі — інспектар прыехаў пераводзіць іх на службу ў Ваўкавыск, куды яны прасіліся ўжо каторы месяц. Аднолькава нізкарослыя і мардатыя, у чорных шынялях з шырокімі абшлагамі рукавоў — падобныя адзін на аднаго, як блізняты.
Мікалай пералічыў паліцаям іхнія п'янкі, напомніў украдзенае ў Зеляневічах палатно, але бобікі жартаўліва адбрэхваліся — Буднік для іх быў усё яшчэ земляком, сваім хлопцам, з якім «за польскім часам» хадзілі яны летам на музыкі, а яшчэ раней — пасвілі кароў.
— Вы — што, ганьбіць салдат фюрэра наняліся ў партызан? — павысіў ён голас.— Бальшавікі вас навучылі быць марадзёрамі?! Ану, узяць іх!
Выкліканыя толькі цяпер убачылі няладнае, ды было позна. Вартаўнікі сталі ім вязаць назад рукі, хоць і ўзнялі паліцаі крык. Прыбег камендант гарнізона. Мікалай яму аб'явіў, што па загаду самога Цымермана гэтыя тры тыпы за сістэматычныя рабункі будуць расстраляны. Капрал здзівіўся, аднак Мікалай пераконваць яго не стаў.
Забраўшы пад канвоем арыштаваных, Буднік накіраваўся на плошчу, а каменданту загадаў пастроіць увесь асабовы склад гарнізона ды весці яго за сабой.
У мінуту перад расстрэлам чалавек становіцца самім сабой. У Мікалая цеплілася надзея, што хлопцы, якіх ён крыху ведаў, яшчэ не зусім скончаныя нягоднікі, што трапілі ў паліцыю з дурноты ды цемры, гэта вось-вось выявіцца, і ён ухітрыцца ўсіх трох, прынамсі, ад смерці выратаваць. Мікалай нават ведаў, як гэта робіцца — трэба паліцаяў весці на рас-стрэл цераз лес, каб усе трое маглі нырнуць у гушчар. Адным намерам іх пастраляць ён дабіваўся таго самага эфекту ды ствараў у землякоў сабе рэпутацыю вернага служакі фюрэра — такое парушэнне загаду Ліхайван, мабыць, адобрыў бы.
I вось павалакліся яны праз вёску ў бок царкоўнай званіцы, дзе была плошча. Арыштаваныя пачалі паміж сабой спрачацца, адзін аднаго паддаваць — той палатно браў, а той толькі яго прадаваў, гэты піў больш, а гэтаму не дасталося. Затым яны памірыліся ды паабяцалі Мікалаю выкуп. Калі ў мінулым годзе вывозілі з Пружан яўрэяў, гэтая тройка нарабавала сярэбраных лыжак ды падсвечнікаў. Дабро ў іх было закапанае цяпер у лесе, яны і запрапанавалі яго Мікалаю.
Разведчык успомніў той абоз смерці — нешчаслівых пружанцаў, якіх дабівалі па дарозе ў Ружаны, прыйшоў на памяць Іван Палітыка, і яго пачала разбіраць злосць. Аднак Буднік сябе яшчэ стрымліваў. На ўсялякі выпадак спытаўся:
— Чаго вы так імкнецеся ў гэты паршывы Ваўкавыск, што вас туды цягне?
Паліцаі пераглянуліся.
— Там жа наш Савосьчык служыць камузвода! — адказаў той, што крочыў бліжэй да Мікалая.
— А-а, дык гэта вы з ім бушавалі на мінулым тыдні ў ваўкавыскай турме? — спахапіўся Мікалай, прыпамінаючы ра-парт, які заадно яму даручыў расследаваць Цымерман.— На-клалі вы там камуністаў, як дроў,— цяпер зусім няма чаго рабіць ваўкавыскай жандармерыі!.. Расказаць мне пра ўсё шчыра і дакладна! — загадаў ён «зямлячкам».— Па-першае, як вы там апынуліся?
— Вазілі з Ружан восемдзесят фурманак партызанскіх сем'яў,— ахвотна пачаў тлумачыць крайні паліцай, яшчэ не адчуваючы ў словах Мікалая ніякага падману.— Вечарам Савосьчык прывёў нас да сябе...
— Добра жыве? — пацікавіўся Мікалай.
Адказалі яму ледзь не хорам:
— О-о, бы князь Радзівіл!
Читать дальше