Жанчына, чыёй рукой напісаны гэтыя няўклюдныя, але катэгарычныя ды не без патрыятычнага тэмпераменту радочкі, мабыць, даўно стала бабуляй, мае ўнукаў, а то і праўнукаў. Патрыётка і не падазравае, як ёй аднойчы пашанцавала.
У той момант, калі Юткевіч прыпёр у камендатуру сшытак, на варце стаяў Буднік. Ен затрымаў барадача ды пацікавіўся, што ў дзядзькі за справа да амтскамісара.
— Во, паночку, бальшавічка што мела!.. Заглянуўшы ў сшытак, Буднік адразу ўсё зразумеў. У Ружанах немцы арганізавалі першы ўзброены атрад з прадажнікаў. Кожную раніцу там знаходзілі гэтыя няўклюдныя самаробныя лістоўкі. Выходзіць, піша іх каравокая Людка? Трэба было яе ратаваць.
Як на тое, праз акно выглянуў сам амтскамісар:
— Вас іст дэн? [ 11 11 У чым справа? (Ням.)
]
Часу, каб прыдумаць што-небудзь лепшае, не было, і Мікалай сказаў тое, што прыйшло ў галаву:
— З лесу прыйшоў здавацца пераапрануты палонны! Гаворыць, што захварэў і больш не мае сілы жыць пад кустамі!
— Мажліва, ціфозны! — віскнуў камісар ды паклікаў унтэр-афіцэра: — Вернер, выведзі смярдзючую анучу за агароды і прыкончы яго!
Цела «асадніка» сваякі потым знайшлі ў бульбе ды пахавалі на могілках.
Падрабязнасці гэтага выпадку ведалі толькі пара чалавек ды Косця. Калі ўсё ўляглося, забойства мужыка было людзьмі вытлумачана па-свойму і выйшла — Буднік кат, а «асаднік» — нявінная ахвяра.
Публічным расстрэлам трох паліцаяў Буднік адразу гасіў крыніцу плётак, а ў вачах сялян станавіўся яшчэ больш верным слугой фашыстаў, і сумнявацца пасля выпадку не павінен быў ужо ніхто. Цяпер, калі з таго часу мінула столькі гадоў, гэткае рашэнне Ліхайвана ўвогуле можа здацца каму-небудзь неапраўдана суровым.
Што ж, пайшла цяпер мода маляваць разведчыкаў у кіно бравымі хлопцамі, шчасліўчыкамі, перад якімі ўсе нямецкія кардоны і шлагбаўмы, вароты і сейфы адчыняюцца, як пад уплывам чарадзейнага кіёчка. Глядзіш, ідзе такі герой па экране ў новенькім мундзіры «фельдграў», з элегантным чамаданчыкам, з жоўценькай кабурой на левым баку, крочыць скрозь падзеі ды шчоўкае гітлераўцаў налева і направа, крадзе машыны, цэлымі пачкамі вызваляе арыштаваных, з-пад носа аховы хапае сакрэтныя дакументы.
Ад таго, што часамі паказваюць на экране, я не абліваюся халодным потам, ад трагічнай неабходнасці падзей мяне не давіць ком крыўды, не ўстаюць ад жаху валасы дыбам, і ў большасці выпадкаў з кінатэатра я не выходжу ўражаны ды ашаломлены.
Вядома, аўтарам трэба карыстацца і штучнай рамантыкай. Але, не адмаўляючы мастацтва, разведчыкаў варта паказваць у бязлітасна складаных умовах, у якіх яны і дзейнічалі, бо і дурань ведае, што жыццё на вайне — не аперэта, калі нават яе ўдзельнікі і хадзілі пераапранутымі ў касцюмы з варожага лагера.
Словам, гэта яшчэ недастаткова распрацаваная старонка асаблівага гераізму нашых сяброў, братоў ды бацькоў.
Ішло лютае змаганне «не дзеля славы...». Наш герой трапіў на службу да азвярэлых, але далёка не дурных ворагаў. Па няўмольным законе вайны Мікалай Буднік павінен быў падпарадкавацца рашэнню мудрага Ліхайвана, бо толькі яно было больш-менш надзейным сродкам выратавацца ад правалу і садзейнічала перамозе. А гэты жалезны чалавек зрабіў усё без запінкі. I шкадаваць, бы тыя бабкі, трох нягоднікаў няма чаго: на «работу» такіх наглядзеўся і я — да смерці будуць стаяць перад вачыма некаторыя сцэны.
12.
Гэта здарылася ў беластоцкай турме на другі дзень пасля таго, як выклікалі маіх сяброў, суседзяў ды знаёмых на расстрэл, а я з братам па шчаслівай выпадковасці не трапіў таксама ў буды з брызентавым верхам. Немцы нам аб'явілі, што вывезуць усіх на работу ў Германію, паадчынялі нашыя камеры, далі па буханцы хлеба ды загадалі чакаць транспарту.
З Валодзькам мы згаварыліся ўцякаць, таму перад дарогай вырашылі добра падсілкавацца і вынялі ўсе свае запасы. Спачатку мы не звярнулі ўвагі на рэдкія стрэлы за глухім плотам. Паступова інстынктыўна адчулі — там адбываецца штосьці нядобрае, і нам адразу расхацелася есці.
Валодзька падкраўся да плота, прыпаў да шчыліны ў дошках. Падкраўся туды ды заглянуў у дзірку і я.
За плотам мы ўбачылі асноўную турэмную пляцоўку — вялікую, плошчай з гектар. Там раслі дрэвы, віднеліся леташнія загончыкі агародаў з рэшткамі бадылёў. Пад самым мурам чарнела вывернутая зямля. Злева ад яе стаяла маладая яўрэйка ды нейкі вясковы дзядзька, а справа з вінтоўкамі на плячах — два паліцаі: Чэсек Павала з Гарадка, Матрунін сын, і незнаёмы. Дзяўчына плакала. Селянін нерашуча чагосьці таптаўся, бытта на балоце выбіраў пад сабой цвярдзейшае месца, каб потым ускінуць на плечы мяшок бульбы. Паліцаі на іх не глядзелі, стаялі сабе мірна ды курылі.
Читать дальше