— Нямко! — ужо свабодна крыкнула сваім.
Імгненна ўсе прыляцелі.
Прыгледзеліся да мужчыны лепш, а на бруднай ды зморшчанай, як у старой чарапахі, шыі — каталіцкі крыжык. Кацярына нахілілася, каб лепш разглядзець, а ён — з Мадоннай і Божым Дзіцяткам нават!
Узрадаваліся ўсе, бы малыя дзеці. Адразу пападалі на калені, узнялі рукі да Неба ды пачалі адзін перад адным горача, са слязамі дзякаваць пану Богу, Прачыстай Дзеве Марыі ды Сыну Божаму за цудоўнае ўратаванне.
А так усё гэта акрыліла, што ў гарадзенцаў, згаладнелых і змардаваных перажываннямі, зноў сілы аднекуль узяліся. Як шалёныя, усе кінуліся старога цалаваць.
Уратаваныя
З чалавекам тым ні аб чым пагаварыць не змаглі. Затое ад'еліся ў яго хлеўчыку як мае быць, затым вярнуліся да лодкі.
Гадзіну-дзве адпачыўшы, што мелі цяжэйшае ды не так каштоўнае, запіхнулі ў вялізныя ладушкі ды закапалі на беразе, каб вярнуцца сюды потым з коньмі.
Параіліся, як быць далей.
Існаваў стары, як свет, закон. Паводле яго, тавар і людзі з разбітага судна належаць жыхарам берага. Яны знаходзіліся на беразе пустынным, але ж сведку высадкі на бераг мелі.
Ці нямко не зразумеў, адкуль яны з'явіліся? Вось і гадай цяпер.
Мужчыны заспрачаліся — выдасць пастух іх ці не. Усім не хацелася брудзіць крывёю гэтак радасны дзень. Дзе закопвалі ладышкі, стары ўбачыць не мог, як і скеміць не мог, адкуль тут людзі з'явіліся. Чаму лодка іхняя прыплыла менавіта з разбітага судна, а не з якога-небудзь вострава?
Не, ніхто не хацеў браць граху на душу, таму вырашылі — пакінуць старога жывым-здаровым, а Усявышні ацэніць гэта ды будзе спрыяць далей.
Ад нямка падаліся ў апостальскую сталіцу — шчаслівыя, сытыя, з сушанай баранінай, з авечымі сырамі, з сушаным вінаградам і фінікамі ў мяшэчках, з бутлямі віна, аплеценымі саломкай, ды з цяжкімі інкруставанымі куфэркамі: неслі іх на дручках, канцы якіх воі паклалі сабе на плечы.
У Рыме, як і падабае прыстойнаму ды сумленнаму палкоўніку войск Кароны і Літвы, Стэфан золата з куфэркаў Садык-бея ўзяў адно палавіну. Астатняе — усё да кроплі — раздзяліў чэсна і акуратна паміж рыцарамі.
Без спрэчак Кацярыну залічылі да вояў таксама і адвалілі роўную долю.
Гледзячы на тое, што яму дасталося, Барысевіч пакруціў, пакруціў галавой, заклапочана пашкрабаў патыліцу ды з прыхаванай усмешкай кінуў:
— Не думаў жыць багата, а — прыйшлось, ну і ну!
Такім вой гэты перад чумой і запомніўся Кацярыне, а яго апошнія словы гарадзенцы перадалі потым яго сям'і, калі долю трафеяў завязлі бацькам рыцара.
Мядовы месяц у Рыме
«...I скажу Табе, Анюта, дарагая мая сяброўка, жыццё для нас адразу стала бы ў казцы.
Бытта мы другі раз нарадзіліся, бытта сталі бытаваць на іншым свеце.
Парабіўшыся раптам багатымі, покуль што ніхто галавы не траціў. Занадта дорага дасталося тое багацце, каб траціць яго. Перш-наперш зрабілі жалобны хлеб па тых, хто ўтануў, трапіў на русалак, застаўся ў няволі.
Тады ўсе паляцелі на рынак набываць коней з сёдламі, выбіраць зброю і палаткі.
Каб было ў чым ехаць дамоў, набывалі абутак, каптаны, сюртукі і кашулі.
Адзенне ўсё стараліся купіць моднае, а за столькі гадоў яно змянілася цалкам. Перамены адразу кінуліся гарадзенцам у вочы не толькі ў вопратцы.
Халявы, напрыклад, мужчыпы цяпер насілі з пасачкамі, а на іх — сярэбраныя спражкі, дыяменты нават.
I шаблі мелі крыху іншы выгіб.
Мужчыны нават іначай стрыглі свае чупрыны.
Калі ж гаварыць пра кабет...
А трэба Табе, сяброўка, ведаць, якраз пасол Рэчы Паспалі-тай, пан Ежы Асалінскі нас там вельмі праславіў. Мала было яму ездзіць па вуліцах вечнага горада ў жупане, расшытым брыльянтамі,— магнат наш выкінуў не абы-які фартэль. Скаку-ну свайму пападбіваў падковы са шчырага золата, Ты можаш сабе ўявіць? Ды так падмайстраваў, што на самай люднай вуліцы конь падковы тыя пагубляў. Уяўляеш, што выклікала гэта ў вялізным горадзе, дзе цэлыя мурашнікі жывуць абарван-цаў, а не толькі вяльмож ных?! Усе мяшчане з кіямі, віламі, пікамі кінуліся разварушваць на вуліцах конскія яблыкі і векавы гной!
Пасля выпадку адразу тыя, хто з Літвы ды Кароны, пасталі ў Рыме надта пажаданыя. Ад купцоў і дарадцаў мы ледзь адбіцца маглі, тым больш што ніякіх крэдытаў не патрабавалі і векселяў падпісваць не збіраліся, бо грошай сваіх хапала — аж надта.
Мною там, сяброўка дарагая, авалодаў якісьці дэман, і я бытта звар'яцела. Вядома, не з-за багацтва.
Читать дальше