— Та-ак, хоць бы цеста сырога...
— Пару дзён пагаладалі і раскіслі. Спадары, Ноя з сынамі, нявесткамі і ўнукамі сорак дзён і начэй мора насіла!
— Затое ў каўчэзе былі звяры па пары. Многа зверыны. Карова малако, напэўна, давала. Ланя, авечка, касуля ці пярэстая маглі ацяліцца, даць прыплод, і Ной цяля, ягнятка на харч пускаў, не кажучы пра малодзіва.
— Ад кабылы кумыс мог атрымаць. Брынзу ад авечак.
— Куры, гусі яйкі, напэўна, няслі...
— Але, Ною, напэўна, было лягчэй. Хоць, скажу вацьпанам, страху таксама яго сямейка наелася! Калі ўлічыць што на судна малых з сабой ўзялі!
— Яшчэ колькі мелі страху! Нас бура паўдня матляла і то ўсе дыхі выцягнула, а то — сорак сутак!
— Яшчэ й з малымі!
— Цікава, як тады львы ды ваўкі не зжэрлі капытных, каб хто мне растлумачыў.
— Мабыць, наморднікі стары Ной ім таксама надзяваў.
— А як, па-вашаму, іх зберагчы, каб не грызліся?
— Кожную пару ў асобную клетку пасадзіў.
— Многа клетак трэба было мець.
— Ну і што?
— Столькі клетак нарабіць?
— Для такой справы? Калі спатрэбілася, мусіў і нарабіць!
— А я вам скажу — глупства ўсё гэта! Ніякіх клетак яму і не спатрэбілася!
— А як сабе вацьпан гэта ўяўляе?
— Звычайна! Успомніце, панове, разлівы нашых рэчак! Плывуць тады спакойна на адным бервяне заяц і воўк, ліса і мыш! I не чапаюць адны адных — рахманыя такія ўсе, мірныя!
— I я назіраў такое, дальбо!
— На то воля боская.
— Так ест, усе ў яго моцы.
— Але Ной быў богалюбівы, як Аўраам. Той на адно боскае скіненне хацеў любімага сына Ісаака ў ахвяру Богу прынесці. Верыў Ягове бязмерна і гэты стары, нездарма Вышэйшая Сіла выбрала яго аднаго з усіх людзей для размнажэння. Мы можам пахваліцца такой адданасцю, як Ісаак, і верай, як Ной?
У канцы лодкі гутарылі пра іншае:
—...Слухайце, спадары, і ў арабскіх гарадах жывуць усе з рабаўніцтва ды ашуканства, бо і там, як і ў нашых гарадах, няма ні хлявоў, ні гумен, ні свірнаў, ні стагоў!
— О-о, колькі дабра ад нас выцягнулі, колькі людзей у ясыр прыгналі!!
Усе задумаліся, паўспаміналі. Загаварылі скрозь задуму:
— Халера, плывём, плывём — і куды плывём?
— Мо па Сахары нас ужо носіць. Мо нячыстая сіла даўно перад намі пясок пераўтварыла ў ваду, мо нам толькі здаецца, што па вадзе плывём?
— А што? Я на свае вочы бачыў у Сахары сярод пяску лодку з засушанымі людзьмі! Наш араб нам тлумачыў — чорт грэшнікаў з мора запёр аж сюды!
— Бр-р-р!
Зноў стала чуваць, як Гуз ціха енчыць. Сапацкінец паенчыў, паенчыў ды прастагнаў:
— Ратунку! Языкі антонавага агню дакаляюць маю душу! Не пабачу я вас больш, не пабачу, мілыя, мае, о-ой! Прашчайце ўсе-ўсе! I ты, жоначка, нявенчаная, і дзеткі мае, ненароджа-ныя! Прашчайце, пу-шчы цёмныя пад Сапацкіняй — мне не хадзіць больш пад вашымі кронамі! Прашчайце, гоні незагараныя, мне не таптаць вас сваімі нагамі! I збажына буйная, і травы росныя, і паплавы, і выганы, і сэрвітуты, прашчайце! Прашчайце, коні мае нецярплівыя, больш вас мне не кілзаць і не запрагаць! Прашчайце, родныя мае, вас больш ніколі не ўбачу аж да Страшнага Суда! Мацер Божая, Царыца Нябесная, усе святыя, майце над маімі апеку — бацькам і маткай, калі яны там жывыя, сёстрамі ды братамі, а мяне прыміце на вечны пакой — пасылайце нябесных кратоў вырыць яшчэ адну магілу!
Праказаў гэта голасам страшным.
Гарадзенцы, струхлелыя, паслухалі яго, у душы пашкадавалі ды паўздыхалі — дапамагчы рыцару не мог ніхто, і нельга было хоць частку яго болю ўзяць на сябе. Нават ксяндза не маглі да яго паклікаць. Няшчасны чалавек канчаўся якраз ў такі момант, калі, адчувалася, ратунак недзе блізка.
Стэфан спахапіўся:
— Што мы тут, спадары, блюзнім на сваю галаву! Святы Ян аж трое сутак быў у жываце кіта, а з Божай дапамогай вырваўся! Вышэйшая боская моц і нас уратуе! Як мы не раз пераканаліся — увесь час мы ў яе на прыкмеце! Дак памолімся ж давайце патрону рыцараў — архангелу Міхаілу, бо дзякуючы яму мы ворага ў дурні вывелі! Толькі ў яго бязмежных сілах яшчэ выратаванне і шматпакутнага калегі Мікалая,— адважнага рыцара і вернага сына Бацькаўшчыны, які ўсё жыццё прысвяціў барацьбе з нявернымі і з-за гэтага не шкадаваў жывата свайго!
Нехта кінуў цішэй, з палёгкай уздыхаючы:
— Хто нас выратаваў учора, выратуе і заўтра — але, лепш яму памолімся.
Зноў пасталі на калені, горача зашапталі малітву, жагнаючыся, хто на каталіцкі лад, хто на праваслаўны.
Кацярыне ж так было шкада земляка, што яна нахілілася над ім ды шапнула:
Читать дальше