— Слухаю, пан палкоўнік!
Неяк выйшла само сабой, сябры гэтае званне надалі Стэфану, і ён не пярэчыў.
Разважанні паланянкі пра боскую мудрасць
Што было праз паўдня, апісваць Кацярына не бралася, бо нічога не магла ўспомніць, хоць і напружвала памяць. Толькі выразна ўбачыла, што мора менш-больш супакоілася і пад яго праменнямі заблішчэлі хрыбты лагодных хваляў. А хутка сонца нават абагрэла, і яна ў кампаніі сваіх верных землякоў адчува-ла сябе шчаслівай.
Адышоўшы ад цягучай дрымоты, прыслухалася.
Ва ўключынах рытмічна паскрыпвалі вёслы. Гібулічскі Гаўрылін услых ляніва меркаваў — як размнажаюцца сірэны, таксама з ікрынак? Калі б такой ікры прывезці ў індурскія ставы, прыжыліся б? А чым тады русалак лавіць? Прывёў бы дадому такую хвастатую, з ёю яшчэ пяць меншых такіх самых з хвосцікамі, ну ж і раззявілі б бабы раты, і гаварыць мелі б аб чым!
Мужчыны адразу падхапілі:
— Фо, прыдумаў жа вацьпан! Яшчэ не хапала, каб такое паскудства і ў нас завялося — не дай божа!
— Не бойся, пан, не завядзецца. Русалкі могуць жыць толькі ў салёнай вадзе!
— А ў нас яна з тарфяным настоем. Мо ім якраз і спадабалася б!
— О-о, гэтага дабра ў нас да халеры — тарфяныя балоты ды багна!
— А дзе сушэй — пяскі ды камяніца!
— Я не раз думаў, як нашым людзям удаецца на такой зямлі выжыць?
Азваўся Барысевіч Лаўрэн:
— На гэта здольны толькі беларусы. Кажуць, калі Бог аддзяліў ваду ад сушы, насяліў свет і сеў пад смакаўніцу прыдумваць назвы рыб, птушак і звяроў, да яго прыімчаў запыханы архангел ды выпаліў:
«Пане Божа, над Нёманам Ты недаглядзеў і пакінуў усё, як было да стварэння Свету: камарыльню, крэкаць, валуны ды хмызнякі, хто ж там цяпер жыць зможа?»
А Госпаду якраз лень было ляцець туды ды разбірацца. Ён архангелу і аб'явіў:
— Нічога, братка, не хвалюйся. Пашлі туды беларусаў. Яны выжывуць там, яшчэ і дзяцей нараджаць стануць, каралям ды князям падаткі плаціць змогуць ды розным рабаўнікам пажыву давацімуць не малую».
— Так яно і выйшла.
Лаўрэнаву байку падхапіў гібулічскі Гаўрылін:
— А ведаеце, што было далей? Першы, хто трапіў беларусам на вочы ў новым месцы, быў чорт. Тыя надта ўзрадаваліся, што ім бытаваць у крэкаці і камарыльні не адным, і спыталіся:
«Ты заўсёды тут сядзіш ці выпадкова трапіў?»
«А вы?!» — агрызнуўся чорт.
«Нас Гасподзь Бог паслаў сюды пры Стварэнні Свету».
Чорт палагоднеў і прызнаўся:
«А я шмат дзе пракалясіў, покуль не асеў тут, у балоце. Думаў, вы праганяць мяне з'явіліся».
«Ладна, мы беларусы, людзі лагодныя і памяркоў-ныя, жыві сабе, хопіць месца і нам!»
— З той пары людзі нашыя і бытуюць побач з нячысцікамі і нават ладзяць.
— Яшчэ і дзяцей разам хрысцяць!
— А да іншага дзядзькі прыглядзіся, не разбярэш, хто ён. Рукі, бы капыты. Увесь аброслы. Толькі рогі не тырчаць!
Нехта з палёгкай уздыхнуў:
— Хвала богу, лічыце — уратаваныя!
Думку падхапілі:
— Вось-вось бераг пакажацца!
— Толькі б не турэцкі зноў!
— Ага. Хай жывуць на ім тыя самыя чэрці нават, абы не гэтыя бусурмане!
— Будзе крыўдна, калі яшчэ раз трапім да іх у лапы!
— Скуру з нас з-злу-упяць і на плот павесяць!
— Яшчэ і раны пасоляць!
— Не для гэтага Усявышні выбавіў нас з галер!
— Не ведаю, як хто, а я душой у сваім доме. Вітаюся з жонкай, дзецьмі!
— I я. Каб толькі ў іх было ўсё ў парадку — вось пра што трывожуся! Нават сабе запланаваў, калі выйдзем на бераг, пасланца адправіць на радзіму!
— Каб не атрымалася так, спадару Лаўрэне, бы ў той байцы. У нас адпаведнюю гісторыю апавядаюць. Толькі, цур, няхай гэта будзе не пра пана сказана, цьфу, цьфу! Паслухайце, спадары.
Вырваўся з палону адзін рыцар і ўжо не мог ісці ад слабасці, таму спыніўся ў знаёмага шляхціца. Наказаў дадому, каб за ім прыехалі. Чакае сабе ў выгодзе, далечвае раны, ад'ядаецца і ўяўляе ўжо сабе, як стане дома раскашавацца.
Нарэшце прыязджае па яго чаляднік — маламоўны, пануры дзяцюк. Рыцар першым чынам пытаецца:
«Што новага?»
«Нічога»,— бомкае той.
«Ну-у, за толькі часу і — нічога? Не паверу!»
«Ножык, халера на яго, зламаўся, а так — ніц».
Рыцар грэбліва паўзіраўся на недарэку ды палез у фуру. Уладкаваўся сяк-так у саломе, едуць. Ужо засынаючы, пытаец-ца яшчэ раз:
«А як жа ты нажа зламаў?»
«Шкуру з вашага дэраша здымаў, і лязо паляцела»,— зноў абыякава бубніць парабак.
Рыцар устрапянуўся:
«Што, мой дэраш, мой лепшы конь загінуў?»
«Угу».
«Ад чаго?!»
«Ад пажару. Не хацеў ніяк выходзіць з агню і задыхнуўся. Мусілі дарэзаць, каб астатнія паслухаліся».
Читать дальше