— Калі ласка, панна Янкоўская!
— Дзякуем! — кінулася Дануся і ў момант апынулася ў гушчы сябровак.
Ліха яго бяры з пісьмом! — Я не стаў пытацца.
Вярнуўшыся дадому, пачаў прыдумваць, як адмовіцца ад грошай, калі Дануся будзе вяртаць доўг. Але ўсе мае выдумкі былі непрыдатныя.
Пасля абеду, калі я ішоў на курсы, да генералавай сеткі раптам падбегла паненка і працягнула на далоні дзве манеткі — дзесяці- і дваццаціграшовую:
— Я пану вельмі ўдзячная...
Вінаваты і збянтэжаны выгляд паненкі дадаваў мне ўпэўненасці.
— Гм!..— насупіў я бровы.— Што паненка з мяне дурня строіць?
— Чаму? — спалохалася яна.
— Хіба я вам даваў такія грошы?
— Але ж, прашу вазьміце!— закрычала яна, смеючыся з майго жарту.
— О-о,не-е, мяне не ашукаеце. Гэта не мае грошы! Падумайце самі, хіба я магу ўзяць іх? Бралі-то вы іншыя? — Катэгарычна накіраваўся я на вуліцу.
Для мяне трыццаць грошаў — цэлае багацце, а я радаваўся.
«Купіў! I дадумаўся ж, глядзі, вось табе і тупіца!.. Вось так і. далей будзем!..»
Я быў гэтак задаволены сабой, што нават забыўся, пра што хацеў спытацца ў яе.
5
Цяпер Дануся прыходзіла па маіх запісках. Калі ж яна не магла выйсці з дому, цётка Антося клала пад камень пісьмо.
Аднойчы паненка прынесла загорнутыя ў сярэбраную паперу пліткі шакаладу.
— А колькі гэта каштуе? — вырвалася ў мяне.
— Здаецца — злот,— адказала яна бяспечна.
— Цэлы зло-от?
— Ага!
— ?..
— Няхай пан Янэк есць! Я для яго спецыяльна прынесла! — заахвочвала яна, паводле польскага звычаю ветлівасці звяртаючыся ў трэцяй асобе.
Побач ляжалі яе сшыткі, кніжкі і аўтаручка амерыканскай фірмы «Ватэрман» з залатым пяром. Я пацікавіўся:
— А. колькі яна каштуе?
— Дванаццаць злотых!
— Не можа быць!..
— Чаму?.. Магчыма, і болей, не памятаю. Але здаецца, што плаціла столькі...
На хвіліну я анямеў ад здзіўлення. За дванаццаць злотых мне трэба было дваццаць дзён насіць малако! За гэтую суму на вёсцы дзядзька прадасць цяля, ён гэтага дня чакае цэлы год і загадзя вылічвае з усёй сям'ёй, што за такую горбу грошай купіць.
— Але ж, прашу! — з капрызнай нецярплівасцю загадала паненка і бесцырымонна пачала разрываць бліскучыя паперкі.
Дануся заўсёды прыносіла з сабой прадметы свайго свету: тонкія пахі духоў, цукеркі, ілюстраваныя часопісы — польскія, нямецкія, французскія, англійскія — яна выдатна валодала гэтымі мовамі. На маіх курсах таксама шмат увагі ўдзялялі замежнай мове, і ў нямецкім часопісе я мог тое-сёе зразумець. Вядома, такія часопісы праглядаў я з прагнай цікавасцю.
Памятаю, неспадзявана зрабіў адкрыццё, што ў польскім правапісе часамі не ставяць коскі там, дзе ставяць у нямецкім. У сказе «Яна запрапанавала мне пайсці на экскурсію» была коска: «Się ochlug mir vor, einen Ausflug zu mechen».
— Ты не ведаў? — здзівілася Дануся.— Англічане ставяць коску яшчэ іначай!
— Няўжо?
— I ў французскай мове бывае так! I ў рускай, глядзі!
Дануся пачала выводзіць прыклады ў сшытку.
— «Дом, у якім я жыву, вялікі». Бачыш? Мы тут паставілі дзве коскі. А па-французску «La mason qui j’habit est grande». Коскі няма?
— Ну, няма...
— Тое самае па-англійску: «The house where J live ist large». Таксама няма?
— Тады навошта наогул існуе яна, калі. можна яе гэтак свабодна перастаўляць? — абурыўся я.
— Як гэта «навошта»?
— А — так! У мяне даўно была падазронасць, што яна зусім непатрэбная, яе прыдумалі, каб задаць вучням работы. Я яе вучыў на ўсялякі выпадак. Цяпер няхай зубрыць той, хто яе прыдумаў!
Данусю гэта забавіла.
6
У нас была свая гульня. Я крыўляў якога-небудзь галівудскага кінаакцёра. Дануся прыкідвалася абражанай і біла мяне кніжкай па галаве, я лямантаваў.
Або гулялі ў іспанскі цырк. Гектар быў быком, я — тарэадорам, а Дануся — суддзёй.
Бывала, Дануся са смехам давала мне замест законных трафеяў тарэадора — вушэй, капытоў і хваста — што-небудзь смачнае, у гэты час Гектар хітра лашчыўся да мяне.
Аднаго разу на гары застаў нас цёплы дожджык. Яшчэ ён зусім не сціх, а ўжо заззяла сонца, заблішчалі мільёны сярэбраных кропель. Перад намі мо на дваццаць колераў заіграла дзіўная дуга вясёлкі — выразная, свежая і вялізная, на ўсё неба.
Ведаеш, што гэта? — схапіла мяне за руку Дануся.— Глядзі, для нас вароты неба зрабіла, бачыш? Хадзем пад іх!..
Мы ішлі, а вясёлка дражнілася, адступала, пакуль не растварылася зусім.
Часамі Дануся перакладала змест артыкула з якога-небудзь замежнага часопіса, і мы разам захапляліся рознымі дробязямі.
Читать дальше