Легенда даляцела і да маёй вёсачкі.
— Падумаць толькі, да чаго дайшлі Альяшовы ворагі! — з абурэннем гаварылі нашы цёткі.— Так усё падстроіць!.. Гэта ж выкапалі на могілках якогось пакойніка, разулі, і раздзелі дагала, ды падкінулі цела Ільі пад самюткі парог! Выходзіць ён рана на двор — чалавек якісь ляжыць нежывы!
— Нават шчэ разбілі яму чэрап ды палено падкінулі папэцканае крывёю!
— Курыцу солтыс зарэзаў і папэцкаў, бо злы на яго быў, што Альяш грошай не дае!
— Знайшліся і сведкі!
— Бо заплацілі ім добро архірэі з папамі!.. Грошай у іх без ліку, а е такія людзі, што нават на роднаго бацьку табе набрэшуць, толькі заплаці!
I далей ужо з расшыранымі ад узбуджэння вачыма перадавалі адна адной фанатычныя бабкі, як крынкаўскія паліцыянты прывезлі закаванага ў жалезныя кайданы прарока ў Саколку, як кінулі яго там у халодную, а ён раптам засвяціўся незямным ззяннем.
— Альяш скінуў свае кайданы ды, бытта праз павуцінку, прайшоў праз жалезныя краты і цэментовыя муры! — малявала цётка Кірыліха.
— А паліцыянты, што яго вартавалі, убачылі цуд і аслеплі! — дабавіла Клемусава нявестка.— I цяпер лепшыя дахтары іх ужэ не могуць выратаваць!
— Проці нябеснай сілы не папрэш! — згадзіўся і яе мужык Сцяпан.
Пераязджаючы на хутар, Клемусаў сын прадаў хату і пасяліўся ў зямлянцы.
— Нічого. Збярэмся з сіламі, то шчэ хату пабудуем прускім мурам! — цешыў ён сваіх.
Ішлі гады. Нараджаліся і раслі, хварэлі і паміралі ды зноў нараджаліся яго дзеці, а лесу Сцяпан не прыдбаў. Яго сям'я зімой і летам гніла ў Сырой ды змрочнай яме, у якую нават мухі не адважваліся залятаць, а жыццё ў ёй трымалася толькі на аптымізме ўпартых гаспадароў.
Мне вельмі непрыемна, што кніжка — такая змрочная. Я б з большай ахвотай стварыў іншую — вясёлых намаляваць куды лягчэй, чым людзей з трагічнымі лёсамі (у старажытнай Грэцыі ўсе скульптуры ўсміхаюцца!). Увесь сэнс у тым, што задума аповесці зарадзілася ў маіх землякоў. Часамі ў пісьменніка абуджаецца кліч продкаў, і ён тады становіцпа летапісцам свайго часу.
I ў мяне перад вачыма стаяць тая счарнелая зямлянка Сцяпана, таленавітая аптымістка Кірыліха і нешчаслівая Хімка, а ў патайных кутках душы, дзе, мабыць, хаваецца ды пераходзіць скрозь ланцужок пакаленняў памяць роду, загаварылі няздзейсненыя імкненні дзядоў і прадзедаў, і я, прамы іхні нашчадак, толькі спрабую выліць на паперу сілу духа, цярпенне і боль землякоў.
Клемусаў сын і нявестка цяпер захацелі яшчэ раз упэўніцца, што ўсё ж такі існуюць, існуюць запаветны эталон праўды, вышэйшая воля, магутны, усяленскі суддзя і тыя самыя таямнічыя справядлівыя сілы! Суддзя гэты Нёману можа загадаць цячы ад Балтыкі да Святой гары, слабога зробіць волатам, беднага — багатым, старога — маладым, нешчаслівага — шчаслівым, толькі ты не падай духам і вер! вер! вер!..
Кірылішын Валодзька трэці год сядзеў у турме, і маці часамі мяне клікала завесці ходзікі.
— Ты паглядзі за адно — ці правільно ідзе яго каляндар! — прасіла пры гэтым.— Забыласа чысто — адарвала яму я ўсе дні на мінулым тыдні ці не?
Час для бабак вымяраўся ад касьбы да жніва, ад жніва да пасеваў, хваробы, смерці знаёмых ці хрэсьбін — календарамі ці гадзіннікамі карыстацца яны не ўмелі. Аднак старая купіла і павесіла сама ўжо трэці каляндар. Для яе важна было, што ён гэтак жа «ішоў» пры Валодзьку. Я адрываў лішнія лісткі, падцягваў гіры ходзікаў, аднак сына замяніць не мог і толькі дражніў.
Гэтаксама перапоўненая прагай да жыцця, наладаваная да краёў жаданнем асіліць несправядлівую, раўнадушную рэчаіснасць, аднак заслабая, каб вырвацца з рамак, якія ёй надало выхаванне, з безгранічнай верай у тыя самыя сілы, якім нават зоры на небе пераставіць — дзіцячая гульня! — цётка Кірыліха натхнёна распісвала падзеі за Сцяпанам.
— А каменданту крынкаўскай паліцыі ды акаянным тым следчым скруціло рукі, ногі, і палякі паўміралі ў страшных мэнках! I так усе прасіліса перад смерцю, так прасіліса: «Дабіце нас, дабі-і-це!..» Але нават апошняй просьбы ніхто не споўніў! I на іхніх дзяцей хваробы напалі — усе падчыстую вымерлі і яны!.. А хто сведчыў на Ілью, той вярнуўсо з Саколкі, а дзеці іхнія ўсе як адно — нямкі! Яны палезлі ў кішэні за грашыма, каб з'егдзіць да дохтара ў Беласток, цап сябе за кішэні, а там замест грошай — асінавыя лісты ляжаць!
Знаходзіліся нават такія, што адправіліся ў Крынкі, каб на свае ўласныя вочы паўзірацца на новага пана каменданта пастарунка паліцыі.
Читать дальше